Хтосьці працуе «вахтавым метадам», хтосьці ўжо ездзіць у госці на малую радзіму — пабачыцца з бацькамі, дапамагчы сваякам грашыма. У многіх беларускіх сем’ях дзеці не бачаць бацькоў тыднямі, а то і месяцамі — хтосьці павінен зарабляць грошы.

Апошнім часам менавіта на «сямейным фактары» робяць акцэнт чыноўнікі Беларусі, імкнучыся пераканаць патэнцыйных «гастарбайтараў» адмовіцца ад ідэі з’ехаць на заробкі з рэспублікі.
Прапагандысты выкарыстоўваюць розныя прыёмы. У прыватнасці, у пачатку 2013 года дзяржаўныя СМІ Беларусі праінфармавалі пра два выпадкі «вызвалення беларусаў з працоўнага рабства ў Расіі», прычым пры садзейнічанні адной і той жа раней невядомай расійскай арганізацыі. У першым выпадку
Андрэй Коўш, што вярнуўся з Дагестана ў Брэсцкую вобласць, сам абверг чуткі пра сваё «рабства». У другім «рабаўладальнік» з Арэнбургскай вобласці сам даказаў, што ніколі такім не быў: ён не абмяжоўваў у перамяшчэнні беларуса Мікалая Шпака, які жыў у яго, не выкарыстоўваў у дачыненні да яго гвалт, не спрабаваў пазбавіць яго магчымасці карыстацца тэлефонам і г.д.
Пасля абедзве шумныя гісторыі раптам перасталі цікавіць афіцыйныя беларускія выданні. Аднак намер любой цаной утрымаць парадзелыя працоўныя рэсурсы ў рэспубліцы не пакідае чыноўнікаў Беларусі. Самі ж беларусы, нягледзячы на намаганні добразычліўцаў, працягваюць шукаць добра аплачваную працу і масава мігруюць на заробкі праз «празрыстую» беларуска-расійскую мяжу.

«Умовы працы ў Расіі — амаль такія ж, як тут. Галоўнае — трапіць у добрую фірму, тады можна быць упэўненым, што і праца будзе, і заробак добры», — заявіў беларускі інжынер-будаўнік Сяргей, каментуючы ўмовы працы ў Расіі спецыялістаў яго профілю з Беларусі.

Сяргей жыве ў адным з райцэнтраў Гродзенскай вобласці і не хоча, каб праз яго словы ў сваякоў узніклі праблемы. Некалькі гадоў ён працаваў у розных рэгіёнах Расіі і на наступны дзень пасля інтэрв’ю збіраўся пакінуць Беларусь, каб зарабіць грошай для сям’і.

Паводле словаў суразмоўцы, праца будаўнікоў у Беларусі ацэньваецца ў некалькі разоў ніжэй, чым у Расіі, хоць працаваць даводзіцца не менш. Многіх яго суайчыннікаў даўно пацягнула на расійскія будоўлі — задоўга да крызісу 2011 года, калі зарплаты ў даляравым эквіваленце знізіліся ў тры разы і шматлікія прадпрыемствы спыніліся, не ведаючы, ці завяршаць пачатыя аб’екты, як ацэньваць працу будаўнікоў, квадратны метр кватэры або офіса, па якой цане заўтра будуць прадавацца будматэрыялы. «Гастарбайтары», якія працавалі ў гэты час на расійскіх будоўлях, пра сітуацыю ў Беларусі даведваліся з навін.

За апошнія гады ў Беларусі сфармаваўся цэлы будатрадаўскі рух — без дошак гонару і іншых атрыбутаў маральных заахвочванняў ударнікаў сацпрацы. Перадавікі будоўляў расійскага капіталізму аддаюць перавагу «маленькаму рубліку замест вялікага дзякуй». І галоўная небяспека для беларускага «гастрабайтара», са словаў Сяргея, — гэта не забароны мясцовых уладаў, а небяспека застацца без заробленых у Расіі грошай.

«Ёсць шмат фірмаў, якія не заплацілі сваім работнікам. Таму лепш ехаць у Расію па рэкамендацыі, а не „паеду
— знайду працу“. Асабіста я не сутыкаўся з тым, каб мне не заплацілі, але ведаю, што такія факты ёсць, і часта расійскія падрадчыкі „кідаюць“ расійскіх жа субпадрадчыкаў, — сказаў суразмоўца. — Па інтэрнэце могуць абяцаць адно, а прыедзеш — на месцы зусім іншае. Таму лепш ехаць па рэкамендацыях — калі ўжо хтосьці папрацаваў і можа рэкамендаваць гэтую фірму».

Паводле словаў беларускага будаўніка,

умовы працы на расійскіх будоўлях не горшыя, чым у Беларусі, а часам і лепшыя:
«Нам жыллё здымаюць — кватэру ў горадзе ці катэдж у прыгарадзе. Я жыў у катэджы за 12 кіламетраў ад горада — арганізацыя-наймальнік (субпадрадчык) здымала. На працу ў горад ездзілі на мікрааўтобусе».

Пытанне пра жыллё ў бытоўках прыкметна падняла яго настрой. «У Расіі раней на будоўлях жылі ў вагончыках — цяпер гэтага не дазваляюць, даўно такога няма. Нават у таджыкаў няма, — сказаў ён. — Зразумела, можна і памыцца, і паесці, і адпачыць. Спецвопратка, інструмент — гэта ўсё працадаўца выдае, а харчаванне — сваё».

«Працуем звычайна па 10 гадзін, рэдка калі па 8. Гадзіна — на абед. Стаўленне да працоўных вельмі добрае, — удакладніў суразмоўца. — Умовы могуць адрознівацца — трэба дамаўляцца. Пагадзінная аплата — адны ўмовы, па аб’ёмах выкананых работ — іншыя. Па адпачынках трэба дамаўляцца. Я дамовіўся на 1,5 месяца працы — 2 тыдні дома».

«У Калузе на славацкую фірму я адпрацаваў не адзін год — вельмі задаволены. Магу сказаць: замежная фірма — гэта лепш за ўсё, а з іх найлепшая італьянская або славацкая. Я на іх працаваў, і ніколі ў мяне праблем не было, а працаваў я шмат дзе. Быў такі выпадак, памятаю: у горадзе Электрасталь — у Падмаскоўі, расійскі генпадрадчык „кінуў“ расійскага ж субпадрадчыка — не заплаціў грошай. Але я працаваў на замежную фірму, з намі такога не было. А наогул у Расіі працуе шмат замежных будаўнічых фірмаў», — падзяліўся вопытам Сяргей.

Заробкі ў Расіі, сказаў беларускі будаўнік, прыкметна вышэйшыя, чым у Беларусі: «Электрык атрымлівае $2 тыс — атрымліваецца каля 60 тыс. расійскіх рублёў „чыстымі“, але гэта калі добры электрык. А калі такі, які толькі кабель можа цягнуць ды лямпачку ўкруціць — больш за $1,5 тыс. не атрымае.
Розныя фірмы, розныя віды работ, розныя кваліфікацыі будаўнічыя — усё гэта на зарплату ўплывае. Але самыя нармальныя ўмовы, як на мяне, у замежных фірмах».

У Беларусі, са словаў суразмоўцы, будаўнікі яго спецыяльнасці атрымліваюць каля $600 — дзе больш, а дзе менш, але ўсё роўна ў разы менш, чым у Расіі. Улічваючы рэаліі саюзнай дзяржавы, няма сэнсу працаваць за грошы на беларускага прыватніка або дзяржарганізацыю — мае сэнс сумленна зарабіць грошай за некалькі сотняў кіламетраў ад месца жыхарства. У Расіі да беларусаў стаўленне самае добразычлівае, адзначыў суразмоўца.

«Да беларусаў найлепшае стаўленне ў параўнанні з астатнімі, — сказаў ён. — Усе фірмы аддаюць перавагу працы ці з расійцамі, ці з беларусамі — ім не трэба дазволаў на працу, а астатнім трэба рэгістравацца.
Па квітку беларус можа працаваць месяц наогул без рэгістрацыі. Калі больш за месяц працуеш — фірма сама рэгіструе, афармляе дакументы».

«Славянаў ніхто не чапае, азіятаў — „шарсцяць“, — працягнуў ён. — У Калузе за 8 месяцаў мяне адзін раз даішнік спыніў — дакументы праверыць. Праверыў — адпусціў, ніякіх пытанняў. Я быў на сваім аўтамабілі з беларускімі нумарамі. Апошні раз быў — там уся пляцоўка каля фірмы застаўленая аўтамабілямі з беларускімі нумарамі. Я прыехаў і падумаў, што ўся Беларусь прыехала працаваць — толькі некалькі машын было з расійскімі нумарамі. І выявілася, што так: беларусаў было значна больш, чым таджыкаў, узбекаў, малдаван, украінцаў».

Шмат беларусаў працуе не толькі ў Калузе і Падмаскоўі, але і ў іншых рэгіёнах Расіі. «Рабочыя з Беларусі прыязджаюць на сваіх аўтамабілях — гэта адразу відаць. У Яраслаўлі, памятаю, у 2011 годзе поўна беларусаў было. І цяпер яны выконваюць вельмі вялікія аб’ёмы работ», — сказаў суразмоўца.

Сяргей задаволены ўмовамі працы і не збіраецца заставацца ў Беларусі. Падобна да таго, што ён не сочыць за заявамі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія другі год запар запэўніваюць: беларускія «гастарбайтары» вяртаюцца «дадому», у Беларусі яны ўжо атрымліваюць не менш, чым у Расіі, беларускія будаўнікі жадаюць працаваць на беларускія арганізацыі і г.д. «Заўтра паеду ў Расію», — сказаў на развітанне суразмоўца. Ён ведае, куды і навошта едзе.

Яшчэ адзін суразмоўца, доктар-анестэзіёлаг Уладзімір, восенню 2012 пераехаў з сям’ёй у Расію. Ён пакуль захоўвае грамадзянства Беларусі, але думае над перспектывай расійскага грамадзянства для сваіх дзяцей.

«У Мінску апошняя мая зарплата была 4–5 млн беларускіх рублёў — тут мне далі адразу 70 тыс. расійскіх рублёў акладу ($468–585 і $2245 адпаведна).
У Мінску я здымаў кватэру — свайго жылля не было, тут мне вылучылі службовае жыллё, — сказаў беларускі доктар. — Мы нядоўга думалі — перспектываў у Беларусі ні ў мяне, ні ў жонкі не было. Што мы страчвалі? Хіба што яшчэ далей з’ехалі ад бацькоў, сяброў, ад калег па працы, да якіх прывыклі. Ні ў плане грошай, ні ў плане кар’ернага росту ў нас не было перспектываў, і калі паступіла прапанова з Падмаскоўя, калі пытанне па жыллі так вырашылася — мы сабраліся і з’ехалі».

Паводле словаў Уладзіміра, размова з начальствам у яго была спачатку жорсткая: абяцанні змяняліся пагрозамі, але ў выніку працоўную кніжку выдалі, сыход з медустановы быў без «бразгання дзвярэй». Былыя калегі з разуменнем паставіліся да выбару Уладзіміра.

«Насамрэч і ў Расіі дактары не як сыр у масле катаюцца, і цэны тут нашмат вышэйшыя — на прадукты харчавання, напрыклад. Але мы можам сабе дазволіць тое, чаго не маглі дазволіць у Мінску»,
— сказаў суразмоўца.

Уладзімір яшчэ не прыняў канчатковага рашэння пра змену грамадзянства. «Мой пашпарт дазваляе мне тут працаваць. Працы хапае, але за яе плацяць. Пакуль усё складаецца добра, з’язджаць не думаю», — сказаў ён. Суразмоўца адзначыў, што адток высокакваліфікаваных беларускіх дактароў, па вялікім рахунку, ніколі не спыняўся: «Памятаеце тэракт у Маскве, калі „Норд Ост“ захапілі? Тады пісалі пра беларускіх дактароў, якія былі на спектаклі. Прайшло некалькі месяцаў, і яны, як мне расказалі, з’ехалі на заробкі ў Афрыку — краіну не памятаю, нейкая былая партугальская калонія, пастрэльваюць там. А тут — Расія».

Саюзная дзяржава дала магчымасць зарабіць у Расіі яшчэ адной беларускай грамадзянцы — Вользе. Як і папярэднія суразмоўцы, яна таксама не пажадала «прыцягваць увагу падатковай». Адпрацаваўшы 2,5 гады ў офісе маскоўскай фірмы, яна вярнулася ў Мінск, каб выйсці за свайго маладога чалавека. «Пра Маскву ў мяне засталіся толькі добрыя ўражанні», — сказала яна.

«У першую чаргу, вядома, прыцягвала зарплата: у Мінску тады плацілі $500–700 за працу маёй кваліфікацыі, а ў Маскве сходу прапанавалі $2 тыс. — вельмі добрыя грошы па беларускіх мерках. Плюс магчымасць падпрацоўваць камандзіроўкамі, але мяне і так усё задавальняла — ні ў адну не з’ездзіла. Паабяцалі і дапамаглі з пераездам — першы месяц мне здымалі аднапакаёвую кватэру, а потым я сама знайшла лепшы варыянт».

Паводле словаў суразмоўцы, стаўленне да беларусаў у Маскве самае добразычлівае. «Беларусаў заўсёды сустракалі добразычліва і больш цёпла, чым, скажам, украінцаў, — сказала яна. — У той фірме, на офісе якой я працавала, суадносіны беларусаў і расійцаў было прыкладна 60% і 40%. І такіх фірмаў у Маскве шмат».

У адрозненне ад паўднёвых ці азіяцкіх народаў, беларусаў цяжка адрозніць па колеры скуры або характэрным акцэнце. Фактычна беларускія прадпрыемствы ў Расіі, нават тыя, што складаюцца пераважна з уладальнікаў сініх пашпартоў РБ, імкнуцца не прыцягваць увагу да складу свайго персаналу і тым больш да гаспадароў.

«Беларусам даводзіцца ехаць на заробкі ў Маскву, каб цябе „не чапалі“.
Многія з тых, хто з’ехаў у Маскву, кажуць, што ў Беларусі немагчыма працаваць: ледзь стаў прыкметны твой поспех — усё, цябе заўважылі, хутка табой зоймуцца, — патлумачыла Вольга. — З Мінска кожны дзень у бок Масквы ідзе некалькі цягнікоў — усе яны забітыя, білеты купіць немагчыма. Многія беларусы, зарабіўшы ў Маскве, „разгарнуўшыся“, прыязджаюць у Беларусь, набіраюць беларусаў — наймаюць персанал, прывозяць іх у Маскву і далей нармальна працуюць».
«Я асабіста ведаю некалькі сем’яў, у якіх муж працуе ў Маскве, а жонка і дзеці — у Мінску. Раз на два тыдні ён прыязджае, прывозіць грошы, потым зноў з’язджае.
Магчыма, гэта маё асабістае кола зносін, але думаю, што такіх сем’яў вельмі шмат», — дадала суразмоўца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?