Увечары БЕЛТА вывесіла выніковую справаздачу пра сустрэчу Лукашэнкі зь дзяржаўнымі журналістамі. Раю пачытаць.

Гэта ня проста склёпка з нататак, што ставіліся на стужку навінаў цягам дня. Дадаўся разгорнуты фрагмэнт пра стасункі з Расеяй. Шэраг красамоўных прызнаньняў. Так, Лукашэнка кажа, што ад пачатку папярэджваў Пуціна: болей паловы цаны за газ сёлета не заплацім! А Крэмль, як вынікае, элемэнтарна падмануў нас з крэдытам.

Лейтматыў-аксюмаран: "Такога "беспредела" ў стасунках з намі, як наша братняя, добрая Расея, ніхто сабе не дазваляў".

Тым часам Рар (той самы, што прыязджаў інтэрвіюяваць афіцыйнага кіраўніка пасьля мінулай нафтагазавай вайны) лічыць, што зараз тому давядзецца хоцькі-няхоцькі выбіраць між Расеяй і Эўразьвязам. Бо адседзецца, вычакаць нейкага цуду ўжо не выпадае.

ЗЫ. У выніковую справаздачу БЕЛТА не ўключылі кавалак пра тое, што трэба ўзяць пад заканадаўчы каўпак інтэрнэт. Выпадковасьць ці?.. Ва ўсякім разе, зразумела, што тут болей дроў наламаюць, чым нечага рэальна дамогуцца. Вэрхалу ж на ўвесь сьвет будзе. Тут і без закону стабільна сядзяць у "ворагах інтэрнэту"… А разам з тым — ну як ты змусіць рэгістраваць у Русакевіча які-небудзь палітычна шкодны сайт, што падтрымліваецца на якім-небудзь канадыйскім сэрвэры? :)

ЗЫЫ. Ня ведаю, як перакласьці "беспредел". Увогуле тармажу на такім слэнгу:(

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?