Пра Плошчу

Паводле экс-кандыдата, самае важнае ў Плошчы — тое, што «ў вельмі складаных умовах давялі сваю годнасць, паказалі, што ёсць народ, і паказалі прагу да пераменаў». Ці быў план у апазіцыі — цяпер, паводле яго, не важна. У любым выпадку, кажа ён, ніхто не чакаў такога брутальнага збіцця. Ён заўважыў, што ў мінулыя гады біць пачыналі пасля таго, як з’едуць міжнародныя назіральнікі ды журналісты: вельмі палохаліся відэа- і фотакамераў. Падзеі ж 19 снежня 2010 года паказалі, «наколькі вялікі страх быў у дыктатара».

Саннікаў лічыць, што падчас мінулых выбараў у беларускай палітыцы «пачало адбывацца нешта рэальнае». «З’явіліся кандыдаты, з’явіліся каманды, з’явілася магчымасць абмяркоўваць сітуацыю, хоць і не ў наўпроставым эфіры на тэлебачанні. Вы бачылі, з якою асалодаю людзі абмяркоўвалі сітуацыю. Першыя дні азіраліся, калі пабачылі, што іх шмат, і адбылося тое, што можна назваць народным зрывам».

Госць «Гарачага каментара» кажа, што, калі выйшаў з-за кратаў, не сустрэў ніводнага чалавека, які б папракаў яго за Плошчу. Наадварот, людзі дзякавалі, падыходзілі на вуліцы. «Я не разумею, што гэта за хваля такая — пасыпаць галаву попелам», — зазначае ён, маючы на ўвазе абвінавачанні, пра якія з-за кратаў напісаў экс-кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч, і тлумачэнні ў сувязі з гэтым прадстаўнікоў апазіцыі.

«Адказныя за катаванні не лічаць сябе грамадзянамі Беларусі»

Пра катаванні за кратамі экс-кандыдат кажа каротка: «Гэта быў жах. Я, можа, упершыню скажу, што ціск у дачыненні мяне пачаўся з першага дня. Прапаноўвалі ўсё, што можна. Прызнацца, усё паведаміць (што паведаміць? мне не было, у чым прызнавацца).

Гэта былі сапраўды акупанты, якія выконвалі загады, якія не лічаць сябе грамадзянамі Беларусі, увогуле людзі без грамадзянства».

Ён яшчэ раз сказаў, што прашэнне аб памілаванні напісаў у крытычны момант: «…і я не спадзяваўся, што вызваляць, я хацеў захаваць сваё жыццё».

Чаму не вывез сям’ю перад выбарамі?

«Чаму, ведаючы Лукашэнку асабіста і разумеючы, на што ідзяце, вы не вывезлі раней сям’ю?» — «Уявіце, я вывожу сям’ю. Усё, кампанія скончылася! Ага, значыць, нейкая правакацыя, небяспечна будзе. Ну, вы ведаеце, мы не чакалі сапраўды такога цынізму ў адносінах да маёй сям’і і асабліва да нашага сына».

Далей гаварыць пра сям’ю Саннікаў адмовіўся, патлумачыўшы, што баіцца за яе бяспеку. Як палітык, за мяжою ён працягвае распачатую раней дыпламатычную працу: шукае партнёраў і тлумачыць ім сітуацыю ў краіне.

Паводле яго, апазіцыі трэба вызначыць сапраўды эфектыўныя кірункі працы, а не працягваць займацца тым, чым цяпер. Некаторае паразуменне ў гэтым сэнсе ёсць, сказаў Саннікаў, узгадаўшы пра нядаўнюю сустрэчу з лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам падчас Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

«Я адстойваю інтэграцыю ў Еўропу і захаванне нармальных адносінаў з Расеяй. Трэба знайсці пэўныя моманты, якія маглі б зацікавіць і стаць супольнаю платформаю. Пакуль што ў Расеі мы можам размаўляць з апазіцыяй. І мы бачым, што яна праходзіць тыя ж этапы, што мы прайшлі. Мы іх папярэджваем, што будзе далей», — тлумачыць экс-кандыдат. Ва Украіне, на ягоную думку, усё ж іншая сітуацыя: там «адбыліся парламенцкія выбары і ўлада не атрымала таго, што хацела».

Еўрапейскія лабісты Лукашэнкі

«Мая каманда пацярпела больш за іншых. Вымушаны быў з’ехаць [за мяжу] асноўны склад», — распавядае Саннікаў. Ён адзначае, што Польшча вельмі шмат зрабіла пасля 2010 года для дэмакратыі ў Беларусі, чаго не было раней. Дала прытулак палітычным уцекачам, дапамагае і ў навучанні, і ва ўладкаванні жыцця.

Тым не менш, у Еўропе актыўна дзейнічаюць і лабісты Лукашэнкі, перадусім — бізнесоўцы, якія ўплываюць на палітыку ў сваіх краінах. Ці магчымыя жорсткія санкцыі Еўразвязу ў адносінах да беларускага рэжыму? «Я прашу маіх суразмоўцаў зрабіць усё, каб вызваліць людзей», — каротка адказвае Саннікаў. Перамовы Лукашэнкі з Захадам, якія пачынаюцца зноў, палітык называе «гандлем паміж лабістамі»: «Дыктатура вельмі карысная для пэўных бізнесоўцаў і палітыкаў, на ёй можна зарабляць грошы».

«Я — супраць адзінага»

Паводле госця «Гарачага каментара», самая актыўная кампанія апазіцыі адбылася менавіта ў 2010 годзе. «Я быў супраць адзінага кандыдата. Я ведаў, што пэўныя кандыдаты спрацуюць на пэўныя групы. І заўважце, усё ж такі кандыдаты мелі адзіную пазіцыю — нават тыя, каго я лічу пралукашэнкаўскімі — у тым, што неабходныя перамены ў краіне. І з гэтым яны пайшлі ў людзі». Апроч таго, Саннікаў разлічваў на другі тур выбараў. Цяпер, лічыць ён, таксама не патрэбны адзіны кандыдат, бо дыктатар будзе кантраляваць яго да дэталяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0