Прыводзім поўны тэкст пранізлівага звароту Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са смерцю Уга Чавэса.

«Нашы сэрцы працяла сумная вестка — пайшоў з жыцця блізкі, надзейны сябар, наш брат, Прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавэс Фрыяс.

Мы, не стрымліваючы слёз, смуткуем разам з венесуэльскім народам, аплакваючы заўчасную смерць Уга Чавэса — аднаго з найвялікшых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў сучаснасці, нязломнага героя, палымянага патрыёта і змагара за незалежнасць, выдатнага палітыка, мысляра і прамоўцы, яркага, моцнага і жыццярадаснага чалавека, усё жыццё якога была цалкам і без астатку прысвечана служэнню Айчыне.

Пад кіраўніцтвам Уга Чавэса, спадчынніка і прадаўжальніка святой справы Сымона Балівара, Венесуэла скінула зненавіднае ярмо адсталасці і галечы, вызвалілася ад палітычнага і эканамічнага прыгнёту іншаземных дзяржаў. Прэзідэнт Чавэс моцнай, цвёрдай рукой ўпэўнена вёў родную краіну да свабоды і шчасця. Ён быў і, я ўпэўнены, назаўжды застанецца для мільёнаў людзей сапраўдным бацькам венесуэльскай нацыі, абаронцам бедных, абяздоленых і прыгнечаных, светачам надзеі і апорай дэмакратыі на паўднёваамерыканскім кантыненце.

У асобе Уга Чавэса мы страцілі блізкага чалавека і найлепшага сябра, які горача любіў Беларусь і заўсёды працягваў нам руку дапамогі ў цяжкую хвіліну.
Супольная праца на карысць Беларусі і Венесуэлы, тыя цёплыя, чалавечыя адносіны, якія звязвалі нас усе гэтыя гады, назаўсёды застануцца аднымі з самых дарагіх успамінаў у маім жыцці.

Імя Прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавэса Фрыяса залатымі літарамі ўпісана ў скрыжалі сусветнай гісторыі, яго асобу і здзяйсненні цяпер належаць вечнасці.

Сёння, у гэты час болю і смутку, мы спачуваем родным і блізкім Уга Чавэса, усяму народу Венесуэлы і клянемся памяццю яе вялікага лідара ўвасобіць нашы сумесныя задумы і планы ў жыццё, працягнуць палітыку дружбы і ўзаемадапамогі, зрабіць усё для далейшага ўмацавання і развіцця супрацоўніцтва на карысць абедзвюх краін.

Спачывай з мірам, наш сябра і браце Уга Чавэс. Твая справа будзе жыць у вяках!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?