У Мінску з’явіліся падробленыя грашовыя знакі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь,
паведаміла 6 сакавіка ГУУС Мінгарвыканкама. Інфармацыя пададзена ўпраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС.

Міліцыя папярэджвае, што пры выяўленні банкнот, якія выклікалі сумненне ў іх сапраўднасці, нельга паведамляць прад’яўніку, што яго грошы фальшывыя. Таксама не варта вяртаць банкноту і па магчымасці неабходна націснуць кнопку трывожнай сігналізацыі (калі такая ёсць), а таксама паведаміць у міліцыю пра спробу збыту падробленых банкнот па тэлефоне 102.

Неабходна запомніць прыкметы збытчыка і яго суправаджальнікаў.

Калі ён прыбыў на аўтамабілі, неабходна запомніць колер, марку машыны, яе дзяржаўны нумар. Калі кліенту ўдалося ўцячы, па магчымасці неабходна запісаць прозвішчы відавочцаў падзей.

Асноўныя прыкметы падробленых банкнот:

адсутнасць на купонным полі вадзянога знака ці яго імітацыя шляхам нанясення белым фарбавальнікам; адсутнасць або імітацыя ахоўнай ніткі з мікратэкстам «НБРБ» і каляровых ахоўных валокнаў у тоўшчы паперы; невыразнасць малюнка; адсутнасць рэльефнасці ў лічбавым пазначэнні наміналу; свячэнне падробленай купюры блакітным святлом пад ўльтрафіялетавымі промнямі; фарба можа занадта блішчаць або «расплывацца» пры ўвільгатненні паперы; няроўныя краі купюр.

У ГУУС заявілі, што пры садзейнічання ў злаўленні асоб, якія займаюцца вырабам і збытам падробленых грашовых знакаў, або пры падаванні інфармацыі, што будзе спрыяць затрыманню фальшываманетчыкаў, гарантуецца ўзнагарода і ананімнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?