Добры дзень, Расійская Федэрацыя? Good bye, Еўропа!

Пра змены на «другасным» рынку і заробкі шараговага перакупшчыка піша партал abw.by.

Рынак — гэта сталы дыялог за жыццё, машыны і краіну. На кожным кроку адны славяць да нябёсаў стан свайго тавару, а іншыя ахвотна вераць у іх казкі. Скардзяцца на ўладу, расказваюць байкі пра звышудалыя продажы, даюць рэцэпты выхаду з крызісу. Дзвюх гадзін на пляцоўцы аўтарынка ў выходны дзень хапае, каб адчуць, чым жывуць простыя пакупнікі і «перакупы». Галоўнае — умець слухаць.

Па-першае, «б/к» з Расіі — ужо не экзотыка.
«Пяцёрка» BMW у 39-м кузаве, якая стала для многіх культавай, — яркі гэтаму прыклад. Асабліва не напружваючыся ў пошуках, знаходзім такі аўтамабіль на расійскіх транзітных нумарах: 57-ы рэгіён — Арлоўская вобласць, геаграфічна блізкая да Беларусі. Але сутнасць тут не ў стане або цане — дагледжаная машына і ў Расіі каштуе грошай, перакупшчыка ж цікавяць самыя танныя варыянты. Справа ў самім з’яўленні. Высокія мыты ўводзілі ў тым ліку пад лозунгам «пазбавіцца хламу на дарогах!» Атрымайце і распішыцеся — «упілкі» з Расіі пацяклі ў Беларусь. Мы бяднейшыя, таму лозунг можна адкарэктаваць так: «адпраў хлам з Расіі ў Беларусь!» На жаль, на куплі такіх машын ужо абпальваюцца людзі.

— У цябе першая такая, з Расіі? А я ўжо адну прадаў «калгаснікам» з Навагрудка, — чуем ля машыны на расійскіх «транзітах». — Дык яны мне праз тыдзень патэлефанавалі: маўляў, не можам паставіць яе на ўлік. Вядома, не паставяць. Дамова куплі-продажу павінная быць складзеная ў Расіі, у ПТС мусіць адзнака стаяць. Што зрабіў? Ды паслаў іх у «Рашу», хай самі з гаспадаром разбіраюцца. Захацелі танна купіць — купілі. Астатняе — не мае праблемы…

Па-другое, некаторыя перакупшчыкі кінулі сваё рамяство або стрымалі апетыты:

— Памятаеш, калі зарабіць 800–1000 даляраў за выходныя было раз плюнуць? Можна было машыну тут купіць, тут жа за дзень і прадаць. А цяпер што? За 500 баксаў — месяц маразоў. Ты паглядзі, колькі «асоб каўказскага выгляду» (зменена аўтарам) стала. Увесь хлам звезлі. Людзі нашы звар’яцелі — ганяюцца за 20-летнімі Audi і VW. Ды хто ж такую машыну ў добрым стане на рынак выставіць?! Я і сам сабе ўзяў бы якога Passat B4 бензінавага, але дзе яго знайсці? Больш-менш зарабляюць багацейшыя перагоншчыкі, якія могуць сабе дазволіць прыгнаць машыну з вялікім аб’ёмам. Астатнія перабіваюцца з капейкі на капейку…

Доўга шукаць свежыя машыны з маторамі вялікага аб’ёму таксама не давялося. Hyundai Santa Fe 2010 г. стаў «прахадным» літаральна два тыдні таму. Аўтамабіль прыбыў з Амерыкі. Першасны агляд паказаў, што было перафарбаванае левае пярэдняе крыло, але пра гэта прадавец адразу сказаў:

— Можаце паглядзець Title, усе сэрвісныя дакументы. Хаваць, што машына была бітая, не бачу сэнсу. Замянілі цалкам элемент, потым яго пафарбавалі. Вось, няма адной кантрольнай налепкі, — паказвае прадавец на крыло ў месцы стыку з капотам. — Астатняе самі бачыце: салон як новы, рухавік «шэпча», скрынка пераключацца без рыўкоў. На задняй восі гума слабаватая, але на гэта я скіну…

Такі падыход не тое каб парадаваў — мы былі проста прыемна здзіўленыя. Бо на рынку што не машына, то эталон. А тут сумленныя каментары, адэкватны падыход. Праверыўшы такую машыну па VIN, яе можна смела гнаць на СТА для больш глыбокага агляду. Калі рабілася толькі крыло, а геаметрыя кузава засталася цэлай, то можна думаць. За $24 тыс. нядрэнны варыянт для тых, хто хоча шмат аўтамабіля за мінімальныя грошы.

Павелічэнне колькасці перакупшчыкаў небеларускага выгляду таксама відавочнае.
Я люблю грузінаў, магу знайсці агульную мову з армянамі, але перакупшчыкі — гэта іншы народ. Памятаеце, яшчэ год-два таму яны займалі хіба што першыя два рады — тыя, што бліжэй да пунктаў грамадскага харчавання? Цяпер жа іх канцэнтрацыя нашмат больш шырокая. Акрамя звыклых BMW у гэтай катэгорыі прадаўцоў новы трэнд — Land Rover Freelander першага пакалення і Hyundai Santa Fe пачатку і сярэдзіны 2000-х. Не цураюцца таксама непапулярных камплектацый з АКП або з монапрывадам (у выпадку з «карэйцам»).

Вырашаем праінспектаваць адну з машын, прапанаваных «дзецьмі гор». Перад намі Hyundai Santa Fe першага пакалення 2003 г. з бензінавым двухлітровым рухавіком. У заяўлены прабег крыху больш за 100 тыс. км паверыць хацелася б, але не лёс: стан абіўкі сядзенняў і сцёрты руль гавораць самі за сябе. Рэч у тым, што такая ж машына з «сумленным» прабегам 215 тыс. км знаходзіцца ва ўласнасці аднаго нашага пастаяннага чытача, але стан салона там непараўнальна лепшы. Прадавец не ведае магутнасці рухавіка, не можа сказаць, які ў машыны расход, а нюансы абслугоўвання для яго таямніца за сямю пячаткамі. Перад намі «перакуп класічны»: «Як брату скажу: машына ў ідэале. Бяры, сябра, не пашкадуеш».

Падводзячы вынік апошняга паходу на аўтарынак «Ждановічы», так і хочацца крыкнуць: «вялікі брат» ужо на нашых аўтарынках! Пакуль машын з расійскай «прапіскай» мала, але яны ёсць. У выніку цана возьме сваё: многія мадэлі ў Расіі ўжо таннейшыя, чым у РБ, таму машын на расійскіх «транзітах» усё больш. Павелічэнне колькасці перакупшчыкаў з Каўказа, зразумела, нацыянальнай бяспецы не пагражае, але гэта выразны сігнал: у Расіі робіцца «цесна», прадаваць «хлам» усё больш складана, а беларусы ў большасці выпадкаў па-ранейшаму арыентуюцца на мінімальныя цэны — прадаваць ім лягчэй. Калі тэндэнцыя захаваецца, праз пару-тройку гадоў ад беларускага «другаснага» аўтабізнэсу застануцца толькі прыемныя ўспаміны — будзем купляць машыны з Тулы з рук Ашота.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?