З дому таго,
што стаіць на праспекце
выйшла старая
выкінуць смецце —
Шлоп!
— падслізнулася.
Бразь!
— адляцела вядро!

Хістка ўстае,
набліжаюцца дзеці:
— Бабця, у якім вы пад’ездзе жывеце?
Смех — не пытанне,
а ўсё ў галаве паплыло…

Помніцца бабці гімн СэСэСэру,
Сталін-татулька, які даў кватэру,
Помніцца тое,
як добра і слаўна было!

Смецце насіла тады пакаёўка —
ёй, генеральшы, неяк нялоўка.
У тыя часіны
нават алоўка
яна не вастрыла сама.

Сцежкі ля дому чысцілі спраўна,
строем хадзілі флора і фаўна.
Лёгка жылося,
файна, забаўна
й так ад відна да відна…

Думкі кружлялі,
ногі дрыжалі,
трэслася дробна рука.
— Гады! Такую краіну прасралі!
Мала садзілі,
дрэнна пужалі!
Іначэ зараз бы
ўсе уважалі
старага

бальшавіка!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?