Калі ў Мінску прэзентавалі кнігу Валера Каліноўскага пра Алеся Бяляцкага, зала была поўная. Не ўсім хапіла і месца прысесці — стаялі. Прэзентацыя кнігі самога Алеся «Асвечаныя беларушчынай» адбылася таксама ў поўнай зале. А ў верасні яшчэ было святкаванне 50-годдзя Алеся. Без юбіляра, натуральна, але з публікай.

Сёння не кожная прэзентацыя і з удзелам аўтара можа сабраць столькі людзей, а асоба Бяляцкага, які другі год сядзіць у турме, прыцягвае да сябе.

Скептык скажа, што ходзяць адны і тыя ж — сябры, знаёмыя, журналісты. Равяка, Пятровіч, Сыс... Сапраўды, але не толькі яны. Ды калі б і так, то можна хіба зайздросціць, што яны не адвярнуліся ў цяжкую хвіліну. Больш за тое, яшчэ робяць канкрэтную справу, а маглі б абмежавацца меншым.

Нехта можа такія імпрэзы палічыць за хаўтуры: маўляў, слёзы аб гаротнай долі Бяляцкага. Аптыміст бачыць праяву салідарнасці.

Такія імпрэзы — магчымасць паказаць нават не нам самім, чаго вартая салідарнасць. А тым, хто спрычыніўся да арышту Бяляцкага. Паглядзіце, колькі людзей прыходзіла на суд над праваабаронцам, яны выходзілі на акцыі ў яго падтрымку, пішуць лісты яму за краты.

А ці ёсць каму падтрымаць на судах і ў жыцці чыноўнікаў, службістаў?

Нават родныя не заўжды ходзяць на працэсы над імі. Я як рэпарцёр таму сведка.

Прыклад Бяляцкага — магчымасць задумацца, што пакіне пасля сябе вашая праца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?