Гарадскія ўлады Мінска прапрацоўваюць дадатковыя меры падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі 7 сакавіка старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч.

Паводле яе слоў, за мінулы год больш чым 21 тыс. сем’яў атрымалі матэрыяльную дапамогу з Фонду сацыяльнай абароны, прычым 58% атрымальнікаў гэтай дапамогі — сем’і, якія маюць дзяцей.

Для фарміравання станоўчага прэстыжу сям’і ў сталіцы праводзіцца конкурс на лепшую сям’ю года, паведаміла Рамановіч.

Такі ж конкурс праводзіцца сярод мнагадзетных сем’яў, якіх у горадзе налічваецца крыху больш за 7 тысяч.
«Перад горадам стаіць праблема стымулявання нараджальнасці другіх і наступных дзяцей, бо 72% сем’яў мінчан маюць толькі адно дзіця», — адзначыла старшыня камітэта.

Гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей правёў анкетаванне, каб высветліць, чаго не хапае бацькам для нараджэння наступных дзяцей. «Мы мяркуем, што, акрамя матэрыяльных мер стымулявання, павінны быць створаны пэўныя ўмовы для прыняцця такога рашэння, — лічыць Рамановіч. — Гэта і арганізацыя працы сямейных псіхолагаў, і пытанні паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання, зручнага рэжыму працы дзіцячых дашкольных устаноў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?