07.03.2013 / 18:53

Быхаўскі замак будзе часткова адноўлены да 1 верасня 15

Зараз праводзяцца археалагічныя раскопкі. Ужо знойдзены першыя артэфакты — гарматныя ядры і карцеч.

Частковае аднаўленне Быхаўскага замка плануецца прымеркаваць да Дня беларускай пісьменнасці, які сёлета будуць адзначаць 1 верасня ў Быхаве (Магілёўская вобласць).
Пра гэта паведаміў дырэктар Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян.

Паводле яго слоў, за два апошнія месяцы на рахунак Быхаўскага замка для аднаўлення гэтага гісторыка-культурнага помніка пералічана каля 60 млн. рублёў ад прыватных асоб і беларусаў, якія жывуць за мяжой.

Апрача гэтага,

сёлета для аднаўлення вежаў, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі і кансервацыі фрагментаў замка дзяржавай выдзелена каля 7 млрд. рублёў. Фінансаванне паступае з рэспубліканскага (900 млн. рублёў), абласнога (5 млрд. рублёў) і мясцовага (1 млрд. рублёў) бюджэтаў.

Сам замак — гэта толькі частка ўмацаванняў Быхаўскай крэпасці, сказаў Жыжыян, зазначыўшы, што ў прызнаны культурнай спадчынай комплекс уваходзяць таксама сінагога і тэрыторыя былога касцёла.

«Для аднаўлення сінагогі XVII стагоддзя ў хуткім часе таксама будзе адкрыты свой рахунак», —
паведаміў ён.

Быхаўскі замак і прылеглыя да яго тэрыторыі былі цэнтральнымі аб’ектамі ў гэтым рэгіёне падчас розных войнаў, у прыватнасці «руска-казацкіх, Паўночнай вайны, вайны 1812 года». «Уся гісторыя Быхаўшчыны пераплятаецца з гэтымі аб’ектамі, таму важна іх захаваць», — мяркуе дырэктар музея.

Паводле слоў Жыжыяна,

на тэрыторыі замка, а таксама былога касцёла зараз праводзяцца археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук прафесара Ігара Марзалюка. Ужо знойдзены першыя артэфакты — гарматныя ядры і карцеч.

Начальнік упраўлення гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі заявіў, што

калі ў справе аднаўлення замка з’явіцца інвестар, то не выключана, што будзе праведзена рэканструкцыя аб’екта, але «толькі калі будуць знойдзены гістарычныя дакументы, якія пацвердзяць гістарычнае аблічча аб’екта».

Па ходзе працы над гэтым помнікам, сказаў Чарняўскі, на аснове знойдзеных у гэтым рэгіёне археалагічных артэфактаў у замку можа быць адкрыта адпаведная эспазіцыя.

Рэканструкцыя помніка культуры ўключана ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012–2018 гады.
Дэталёвым абследаваннем фрагментаў замка для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі па кансервацыі і аднаўленні займаецца ўнітарнае вытворчае камунальнае прадпрыемства «Цэнтр па рэстаўрацыі» (Магілёў), падведамаснае Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.

0
Стары / Адказаць
07.03.2013 / 19:17
Быхаўскія ўлады спачатку развалілі замак, а цяпер шукаюць грошы, як яго аднавіць. А што будзе з домам старшыні райвыканкама, які пабудаваны побач незаконна?
0
Зміцер / Адказаць
07.03.2013 / 19:22
аднаўленне замка магчыма толькі на канец XVIIIст. з раскрыцём і кансервацыяй рэштак больш ранняга часу, бо ў іншым выпадку прыйдзецца знішчыць шмат каштоўных элементаў пазнейшага часу, напрыклад унікальнага жывапісу канца XVIII- пач. XIX ст. зробленага за часамі Аляксандра і Францішка Сапегаў (каштоўнасці Сапегаў даўно раструшчаны па свеце, а тут табе падарунак сапраўднага сапежынскага мастацтва- каштоўней цяжка знайсці). таксама патрабуе аднаўленне замкавы сад (зараз на яго месцы прыватны сектар). аднак больш цікавым з'яўляюцца фартыфікацыйныя ўмацаванні горада XVII ст.- на месцы мясцовых уладаў я б на іх зрабіў асноўны акцэнт, ставарыўшы ландшафтна-фартыфікацыйны парк, бо ад слуцкіх нічога не засталося, а ад нясвіжскіх рожкі да ножкі. а тут сапраўднае і ёсць магчымасць для рэстаўрацыі.
0
Істота / Адказаць
07.03.2013 / 19:45
У Быхаве сапраўды ёсьць рэальная магчымасць аднавіць гарадскую фортыфікацыю -- адсыпаць нанова гарадскія валы. Бо захавалісь рвы, захавалісь падмуркі вежаў і іншае. Без іх замак будзе выглядаць самотным зубам на хворай ськівіцы. Але на жаль гэтай ідэі перешкаджае мост праз Днепр і шлах да яго, разьбіўшы старажытны горад пасярэдзіне. Дарэчы, Быхаў 11-а стагодзя, таксама помнік (!!!), старажытнае гарадзішча, знаходзіцца зусім побач ад замку, занята прыватнымі гародамі і штогод распахваецца і знішчаецца! Сорам!
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру