Легендарны гітарыст Black Sabbath Тоні Аёмі напісаў песню, якая будзе прадстаўляць Арменію на «Еўрабачанні». Група Dorians з Ерэвана выканае яго рок-баладу Lonely Planet на конкурсе 2013 года ў Швецыі.

У апошнія гады Аёмі некалькі разоў прыязджаў у Арменію, дзе ўдзельнічаў у выпуску альбома, мэта якога — сабраць грошы ў дапамогу пацярпелым ад разбуральнага землятрусу 1988 года.

Адзін з заснавальнікаў культавага бірмінгемскага рок-гурту Black Sabbath заявіў, што напісанне песні для «Еўрабачання» стала для яго новым досведам.

«Я шмат чаго рабіў [ў жыцці], але такога — ніколі», сказаў ён.

«Справа ў тым, што я заўсёды думаў: „О, не, толькі не Еўрабачанне“. І вось, я зараз тут».

Аёмі быў адным з некалькіх знакамітых рок-музыкаў, якія запісалі альбом «Rock Aid-Armenia», сродкі ад продажу якога пайшлі ў дапамогу пацярпелым ад спітакскага землятрусу 1988 года.

Ад удару стыхіі, па афіцыйных дадзеных, загінулі 25 тысяч чалавек. Каля паўмільёна засталіся без жылля.

Аёмі сказаў, што вярнуўся ў Арменію некалькі гадоў таму разам з гітарыстам гурта Queen Браянам Мэем, каб убачыць, што змянілася за 20 гадоў, якія прайшлі пасля землятрусу. Пасля гэтага рок-зоркі пачалі яшчэ адну кампанію па зборы сродкаў для аднаўлення музычнай школы ў горадзе Гюмры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?