Аператар, які працаваў на некалькіх літоўскіх тэлеканалах ад часоў «Саюдзіса», адзначае, што невядомыя ведалі, калі можна беспакарана штурхнуць, калі нельга дакранацца ні да камеры, ні да аператара, і як засланіць аб’ектыў. Яны паводзілі сябе груба і агрэсіўна, але стараліся не выказвацца наўпрост, ужывалі намёкі і характэрныя для крымінальнага асяроддзя інтанацыі і словы. Здзіславас Вайцахоўскіс мяркуе, што гэта «почырк тых самых людзей, якія штурхалі ў аўтазакі ўдзельнікаў маўклівых акцыяў пратэстаў у Беларусі».

Інцыдэнт адбыўся падчас пахавання прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх згуртаванняў у Літве Рамана Вайніцкага, калі невядомыя перашкодзілі працы журналістаў і пагражалі ім фізічнай расправай за здымку відэакамерай.

Аператар расказаў, што меўся зняць урачыстую цырымонію пахавання для рэпартажу ў выпуску навінаў «Аб’ектыў» тэлеканала «Белсат», што ён і раней шмат разоў фільмаваў пахаванні грамадскіх дзеячаў, ведаў, як гэта трэба здымаць прыгожа і з пашанай да тых, хто страціў блізкага чалавека. Калі сын загінулага ветліва папрасіў яго не здымаць у зале, аператар з камерай выйшаў у фае.

«А там да мяне падышоў нейкі маладзён і пачаў штурхаць на вуліцу. І так нахабна. Кажа: „А ну пайшоў, а ну валі адсюль“. Я так разгубіўся, я шмат разоў здымаў розныя пахаванні розных людзей і ніколі з такім нахабствам не сутыкаўся. Я быў так агаломшаны, што слова не мог сказаць. Так разгубіўся, што тады выключыў камеру, хаця я і ведаю, што ў такіх выпадках трэба было трымаць яе ўключанай і запісваць усё».

«Я здымаю шмат гадоў, самых розных людзей даводзілася здымаць для навінаў, і асацыяльных, і п’яніц, і чыноўнікаў, якія былі ў цэнтры скандалаў і хаваліся ад журналістаў. Шараговыя звычайныя людзі, калі не жадаюць, каб іх здымалі на відэакамеру, паводзяць сябе зусім не так», — адзначае Вайцахоўскіс.

З. Вайцахоўскіс заўважае, што невядомыя ведалі, калі можна беспакарана штурхануць аператара — у фае, дзе ён не стаў шумець у час жалобнай імпрэзы, а моўчкі сцярпеў. А далей, на вуліцы, на нейтральнай тэрыторыі, яны ўжо дзейнічалі толькі словамі і псіхалагічным напорам, характэрным для крымінальнікаў, для шпаны, адзначае аператар.

«І ў такой грубай форме, што жыхары Літвы б дакладна не сталі так сябе паводзіць з журналістам.
І што мяне здзівіла — той чалавек не кранаўся камеры, як робяць шараговыя людзі, калі пратэстуюць супраць здымкі. Ён трымаў руку насупраць аб"ектыва, а камеры не кранаў, ведаў, што гэта грубае парушэнне закона і я маю права яму адказаць на напад. Інтуітыўна я адчуваю: гэта не шараговыя жыхары Літвы, якім не падабалася камера. Яны вельмі падобныя да тых, хто кідаў людзей у Мінску ў аўтазакі на маўклівых акцыях».

«Я не маю доказаў, але не магу паверыць, што сваякі такога чалавека, як сп. Раман Вайніцкі, настолькі цёмныя людзі, што баяліся камеры. Не веру я і ў тое, што гэтыя людзі маглі быць сваякамі такога чалавека, лідара беларускай дыяспары, якога я памятаю як культурнага чалавека», — кажа Вайцахоўскіс.

Аператар прыгадаў, што Раман Вайніцкі ні разу не адмовіў у інтэрв’ю журналістам «Белсата». У час здымак іншых беларускіх грамадскіх імпрэзаў аператар таксама не памятае, каб нехта з прысутных прасіў іх не здымаць:

«Я не маю доказаў, што гэта былі беларускія спецслужбы, але вельмі падобны „почырк“.
Мне расказвалі калегі з Беларусі, як там бывае. Але ў Літве ні паліцыя, ні спецслужбы ніколі не паводзяць сябе так, тым болей з журналістамі. І гэта ненармальна, калі беларускія спецслужбы пачуваюцца ў Літве амаль як дома. Гэта было дакладна так, як падчас маўклівых акцыяў, толькі аўтазакаў не хапала для поўнай карціны».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?