Дэпутат бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Ута Цапф, якая на працягу некалькіх гадоў узначальвала спецыяльную рабочую групу Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ) па Беларусі, «поўная песімізму» ў дачыненні да беларускай сітуацыі.

«За тыя доўгія гады, што я ездзіла ў Беларусь, я сустракала так шмат цудоўных людзей, — распавяла Цапф у інтэрв’ю Deutsche Welle. — Мне да болю шкада, што яны вымушаны жыць у такой краіне, пад такім гнётам. Няўрадавыя арганізацыі падтрымліваюць адна адну, дапамагаюць палітзняволеным, якія спрабавалі адстаяць свае грамадзянскія і палітычныя правы ці змагаліся за свабоду прэсы».

Але ні яны, ні міжнародныя структуры нічога не дабіліся, мяркуе Цапф.
«Наадварот, сітуацыя такая, што застаецца толькі ўпасці ў дэпрэсію. Таму мяне часам сапраўды ахоплівае адчай ад таго, што мы нічога не змаглі зрабіць», — сказала нямецкі парламентарый.
На пытанне пра тое, якая тактыка Еўрасаюза ў дачыненні да Мінска была больш эфектыўнай — палітыка санкцый або палітыка збліжэння праз дыялог, Ута Цапф адказала: «На мой погляд, ні тое, ні другое нічога не дало.
Англічане замест выразу „бізун і пернік“ кажуць „палка і морква“. Зараз у нас не засталося ў запасе санкцый, таму што санкцыі, якія ўдарылі б па простых беларусах, для нас непрымальныя. Але і „морквы“ ў Мінску не хочуць».

На думку парламентарыя, Германія і ЕС рабілі Беларусі шмат «надзвычай прывабных прапаноў». «Тут былі і дапамога ў развіцці інфраструктуры, і перадача ноу-хау, і садзейнічанне ў пабудове прававой дзяржавы. Чаго толькі не было, Мінску дастаткова было пагадзіцца. Але Лукашэнка і яго каманда сказалі „не“. Ні санкцыі іх не напалохалі, ні нашы прапановы не спакусілі. Я мяркую, уся справа ў тым, што для Лукашэнкі галоўная задача — утрымацца ва ўладзе», — заявіла Цапф.

Сваім калегам па АБСЕ, якія ў далейшым будуць працаваць з Беларуссю, Ута Цапф дала б тры самыя важныя парады.

«Калі наогул будзе магчымасць працаваць з беларусамі (а ў некага такая магчымасць яшчэ ёсць), то трэба забыцца пра палітыку, тут нічога не зробіш. Варта ўсе сілы кінуць на сацыяльныя і адукацыйныя праекты — толькі так можна дапамагчы людзям, палепшыць умовы іх жыцця», — мяркуе Цапф.

«Другая парада — не трэба чакаць, што перамовы з прадстаўнікамі ўладаў прывядуць да канкрэтных вынікаў. Адмаўляцца ад дыялогу не трэба, але не варта траціць намаганні на пошукі такіх кантактаў», — рэкамендуе яна.

«І трэцяя парада — ствараць у самой Германіі магчымасці для таго, каб як мага больш людзей з Беларусі маглі хаця б на пару месяцаў прыехаць сюды: на вучобу, працу ці ў адпачынак. Думаю, гэта дапаможа разбурыць прымхі, якія, магчыма, яшчэ захаваліся ў кагосьці з беларусаў», — мяркуе дэпутат бундэстага.

***

Ута Цапф узначальвала рабочую групу па Беларусі з 2002 года.
Гэту пасаду яна пакідае ў сувязі з тым, што прыняла рашэнне не браць удзел у выбарах у бундэстаг, якія пройдуць гэтай восенню. Згодна са статутам ПА АБСЕ, працаваць у асамблеі могуць толькі дзейныя дэпутаты нацыянальных парламентаў краін — удзельніц АБСЕ.

Як раней паведамляў БелаПАН, новы кіраўнік рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ можа быць абраны на чэрвеньскай сесіі асамблеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?