На гэтым тыдні ў Беларусі захаваецца зімовае надвор’е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў падчас відэабрыфінгу 11 сакавіка.

«Нас чакае снег, завея, парывісты вецер і мароз», — сказаў Рабаў.

У аўторак надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты з Паўднёва-Заходняй Еўропы, таму на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 7–12°С, па поўначы Віцебскай вобласці да мінус 14–17°С, у паўднёвых раёнах Беларусі мінус 1–6°С. Максімальная днём мінус 2–7°С, на паўднёвым захадзе каля 0°С.

У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца кароткачасовы снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература ноччу мінус 4–10°С, па паўночным захадзе пры праясненнях да мінус 13°С, у паўднёвых раёнах мінус 1–3°С. Максімальная тэмпература днём 0°С — мінус 6°С.

У чацвер ноччу па паўднёвым усходзе, а днём і ў цэнтральных раёнах кароткачасовы снег і мокры снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 4–10°С, па паўночным захадзе да мінус 12–18°С. Максімальная днём мінус 1–7°С, па паўднёвым усходзе ноччу мінус 1- 3°С. Днём плюс 1–3°С.

У пятніцу і суботу чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я. У пятніцу на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдзе снег, мокры снег, месцамі моцныя снегапады, па паўднёвым усходзе мокры снег з дажджом, галалёд. У шматлікіх раёнах чакаецца завея і ўзмацненне ветру з парывамі да 15–22 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак мінус 2–8°С, ноччу па паўночным захадзе пры праясненнях да мінус 10–15°С, у паўднёва-ўсходніх раёнах ноччу каля 0°С, днём мінус 2 — плюс 5°С.

У суботу ноччу на ўсёй тэрыторыі, а днём па паўднёва-ўсходняй палове краіны снег, мокры снег, завея, узмацненне ветру з парывамі да 15–22 м/с, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 10–16°С, па паўночным захадзе пры праясненнях да мінус 18°С, па паўднёвым усходзе будзе крыху цяплей: мінус 5–9°С, днём мінус 3–9°С.

У нядзелю чакаецца ўзмацненне маразоў. Ноччу мінус 12–17°С, пры праясненнях мінус 20–23°С. Максімальная тэмпература днём мінус 3–9°С. Пры гэтым чакаецца пераважна без ападкаў, толькі месцамі па ўсходзе кароткачасовы снег.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?