На мінулым тыдні я сустрэлася на Франкфурцкім кніжным кірмашы з калегай, якую даўно ня бачыла. Зараз яна адказвае за кірунак навукова-папулярнай і ўжытковай літаратуры аднаго вядомага нямецкага выдавецтва, і мы пачалі гутарыць пра кнігі, над якімі працуфем. Калі я сказала, што па вяртаньні за пісьмовы стол мяне чакае сярод іншага пераклад вялікага эсэ пра слабасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, яна на нейкі момант недаверліва ўтаропілася на мяне, а потым мы абедзьве зарагаталі.

Яна славістка, ведае й любіць Усходнюю Эўропу, і мне ня трэба ёй сьпярша тлумачыць, што гэта наогул такое — Беларусь. Мы сьмяяліся з саміх сябе, сьмяяліся, бо дужа ж камічная была сытуацыя: вечар на кніжным кірмашы, гамонка за келіхам віна, час ад часу СМС, што паведамляюць пра анатацыі кніг, за якія якраз таргуюцца выдавецтвы, пра імклівы рост цэн на ліцэнзіі, і раптам — згадка пра кнігу, на якую няма попыту. Якую надрукуюць толькі таму, што нейкае буйное выдавецтва палічыла яе важнай.

Загавары адна з нас сур’ёзным тонам пра зборнік лірыкі літоўскага паэта ці анталёгію грузінскіх футурыстаў, рэакцыя была б падобная. Камізм сытуацыі — у супярэчнасьці прэтэнзіяў і рэальнасьці, надзеі й прадказальнай паразы. Смаку дадаюць супастаўленьне мэйнстрыму й нішавага існаваньня, дзёрзкасьць патрабаваць вялікай сцэны для нейкай нязначнасьці. Бо рэальнасьць выглядае наступным чынам.

З усіх перакладаў, якія штогод зьяўляюцца на нямецкамоўным кніжным рынку, першае месца ўжо даўно стабільна займаюць кнігі з англасаксонскага абсягу, іхная доля складае 70–75%, за імі ідуць пераклады з францускай і італьянскай.

На пераклады з расейскай прыпадае 2% рынку, і гэта найлепшы паказчык сярод усходнеэўрапейскіх моваў;
нават кнігі з такіх адносна вядомых шырокай публіцы літаратур, як польская й вугорская, набіраюць менш за адзін адсотак.

Калі гаварыць пра мовы зь меншай колькасьцю носьбітаў, дык тут долі рынку наогул вымяраюцца ў праміле. У апошнія гады можна назіраць, што ўвага рынку ўсё больш канцэнтруецца на перакладах зь некалькіх нешматлікіх моваў. Што вялікую літаратуру, прытым часам дзіўна багатую, пішуць і на так званых малых мовах, дэманструе, прыкладам, сусьветны посьпех (у тым ліку камэрцыйны) такіх вугорскіх пісьменьнікаў, як Шандар Мараі ды Імрэ Кертэс.

Вось жа, найбольш камічным падаецца меркаваньне, што нейкую маргінальную тэму ў форме кнігі альбо пераклад з мовы, якой з гледзішча статыстыкі не існуе, можна падаць, выклікаўшы вялікі рэзананс, карацей кажучы, у дыспрапорцыі паміж цікавасьцю адно для адмыслоўцаў і прэтэнзіяй на ўнівэрсальную значнасьць.

Каго яна цікавіць, тая нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў, — калі не лічыць саміх беларусаў? А чаго ж тады кнігу сапраўды зьбіраюцца друкаваць?

Адказ такі: таму што тэма можа выявіцца істотнай увогуле. Таму што аўтар заслугоўвае міжнароднай вядомасьці. І таму што выдавецтва лічыць абодва моманты дастаткова важнымі, каб досыць гучна абвясьціць пра гэта грамадзкасьці.

<…>

Цяпер зразумелая парадаксальная задача, якая стаіць перад замежнымі выдаўцамі беларускіх аўтараў: шукаць у нішы, але імкнуцца выклікаць шырокае водгульле. У дачыненьні да гэтай самай замкнёнай краіны Эўропы тое, мажліва, асабліва слушна: вымушанае існаваньне ў нішы падобнае да жыцьця ў клетцы, калі ж аўтар па добрай волі сыходзіць у нішу, прыкладам, каб супрацьпаставіць замоцнаму мэйнстрыму альбо ўтылітарным патрабаваньням нешта цалкам сваё, адметнае, то яна робіцца прасторай творчасьці. Але і ў такой нішы бракуе сьвежага паветра, скразьняку, мажлівасьцяў абмену зь іншымі — руху, і ў тым ліку паездак у замежжа.

Асяродак паэтаў у Беларусі, зьнітаваных з польскімі, расейскімі й нямецкімі калегамі, падаецца мне якраз такой нішай прадуктыўнага кшталту, адкуль паступалі дагэтуль самыя дзейсныя імпульсы. Лірыкі перакладаюць адзін аднаго, супольна робяць кнігі (дзьвюхмоўныя «Лінія фронту-1» і «Лінія фронту-2»), разам выступаюць, выяжджаюць за мяжу, публікуюць свае творы на сайце «Lyrikline» і ў часопісах. З 1994 г. выйшла шэсьць кніг Алеся Разанава ў выдатных перакладах (у тым ліку аўтарства паэтак Эльке Эрб і Сары Кірш). Зь пяцьцю маладзейшымі аўтарамі можна было пазнаёміцца ў зборніку «Лінія фронту-1», дзе зьмешчаны маніфэст суполкі «Schmerzwerk» (што мусіць значыць «фабрыка па вытворчасьці болю»), які заслугоўвае асаблівае ўвагі.

Тут цытуюць Чэхава: літаратар ня лекар, а боль грамадзтва. Супольнікі хочуць «прымірыць старых непрыяцеляў — экзыстэнцыялізм і сюррэалізм», а што з гэтага можа атрымацца, даюць зразумець шматлікія ўплеценыя ў маніфэст цытаты, лічбы пры якіх адсылаюць да аўтараў выказваньняў. У адрозьненьне ад іканаборскіх літаратурных маніфэстаў, асабліва пачатку ХХ ст., галоўнае тут — пытаньні паэта да сябе самога, напоўненае болем унутранае жыцьцё, сканцэнтраванае ня столькі на прыватных перажываньнях, колькі на дасьледаваньні болю грамадзтва.

Таму маніфэст «Schmerzwerk», хутчэй, падобны да эсэ такіх сучасных паэтаў, як Ан Котэн ці Ніка Блёйтге. Староньні чалавек будзе ўспрымаць гэты тэкст як інтымную размову паэтаў у сваім цесным коле.

Чытаючы маніфэст, я раптам падумала: а калі чалавек ня ведае болю, які носіць у сябе тое грамадзтва, дык як яму дазнацца, пра што гаворыць літаратура?

<…>

Наколькі мне вядома, ніводны рэдактар у Нямеччыне не валодае беларускай (а вось веданьне польскай і расейскай не такая ўжо рэдкая зьява) і вымушаны давяраць меркаваньню сваіх нешматлікіх экспэртаў
— удзел у імпрэзах і міжнародных фэстывалях робіцца амаль мусовым для аўтараў, каб іх «адкрылі».

Гэткім шляхам прыйшлі да свайго нямецкага выдавецтва Вальжына Морт і Артур Клінаў. Вальжына Морт рабіла моцнае ўражаньне на тых, хто чуў яе й пачынаў спакваля адчуваць прыгажосьць ейнай незразумелай для большасьці мовы. Ейная харызматычная, разнастайная й разнаплянавая лірыка была выдатна пераствораная Эльке Эрб і Катарынай Нарбутовіч, але гэтыя пераклады некалькі гадоў друкаваліся спачатку ў літаратурных часопісах, перш чым адно выдавецтва наважылася аб’яднаць іх у зборніку пад назвай «Tränenfabrik» (па-нямецку «фабрыка сьлёз»). Спрыяльным чыньнікам сталася тое, што крыху раней зьявілася амэрыканскае выданьне ейных вершаў.

Артур Клінаў прыцягнуў увагу сваім выступам у сакавіку 2006-га на фэстывалі, прысьвечаным повязям геаграфіі й літаратуры, і ў прыватнасьці мясьцінам, якія зьнікаюць з мапы Эўропы. Ягоная дасьціпная заява, што Беларусь знаходзіцца там, дзе зьнікае Эўропа, паказала на нікім не дасьледаваны прагал; яго фотаальбом-эсэ пра Менск — горад СОНца справакаваў пытаньні, адказы на якія адно нямецкае выдавецтва папрасіла яго выкласьці ў даўжэйшым тэксьце. Задачу Клінаву паставілі наступную: пазнаёміць неабазнаную аўдыторыю з сваім родным горадам, распавесьці ягоную гісторыю, запрасіць да наведваньня. Далей ідэя сілкавалася зьвесткамі пра гвалтоўна разагнаныя пратэсты ў Менску ды надзеяй, што й сюды можа патрапіць іскра Аранжавай рэвалюцыі. Мастак так зацята ўзяўся рабіць незвычайную для сябе справу, што ператварыўся ў пісьменьніка.

На абедзьве кнігі зьявіліся захопленыя рэцэнзіі знаных крытыкаў у так званых ключавых СМІ: газэтах «Zeit», «Frankfurter Allgemeine», «Süddeutsche Zeitung», «Neue Zürcher Zeitung», — дзякуючы чаму яны пакінулі цесныя межы сэгмэнту «літаратуры для экспэртаў» — і выдавецтва, якое між тым мусіла ўжо некалькі разоў дадрукоўваць наклад, магло быць задаволенае.

Але ніводны з памянёных аўтараў ня здолеў адчыніць дзьверы іншым, як тое пашчасьціла зрабіць дзесяць гадоў таму для сваіх калег украінскаму пісьменьніку Юрыю Андруховічу.

Нямецкае выдавецтва замовіла яму зборнік эсэ геаграфічна-гістарычна-аўтабіяграфічнага кірунку. Тэксты былі збольшага ўжо гатовыя, іх можна было прачытаць па-польску, што сталася ключавым чыньнікам. Зь ягонай «Das letzte Territorium» пачалася ня толькі рэцэпцыя ўкраінскай літаратуры ў Нямеччыне, многія зацікаўленыя — боязна пісаць — толькі тады ўпершыню даўмеліся, што Ўкраіна — гэта асобная ад Расеі краіна з мовай, адрознай ад расейскай. Не прыніжаючы выбітных пісьменьніцкіх талентаў Андруховіча, можна сказаць, што яму й усім тым аўтарам, якія прыйшлі на нямецкамоўны рынак сьледам за ім, дапамог памысны гістарычны момант: увосень 2004 г. сусьветная грамадзкасьць сачыла за падзеямі Аранжавай рэвалюцыі.

<…>

Але Беларусь, адрозна ад Украіны, усё яшчэ мае спрэс адмоўны імідж.
Многія называюць яе «зморанай» краінай. Адмоўныя пачуцьці зьвязаныя ня толькі зь ейным цяперашнім кіраўніком і Чарнобылем. Для наведвальнікаў-немцаў Беларусь, «Weißrussland», застаецца тэрыторыяй віны й ганьбы, дзе назаўжды пасяліліся ўспаміны пра жудасныя злачынствы нацыстаў; чуючы назвы Менск, Гомель, Віцебск, шмат хто думае перадусім пра вынішчанае габрэйства.

Вольфганг Бюшэр, які прайшоў пешкі ад Бэрліну да Масквы, называе Беларусь сымбалем усходу Эўропы: «могілкі гісторыі», «кар’ер трагізму», дзе «матэрыял толькі-толькі зарос травою». Бюшэр, якому мы абавязаны адным з найбольш пранікнёных апісаньняў Беларусі, кажа пра былога партызана й гісторыка, які правёў яго па Наваградку, што той разгарнуў горад, «як кнігу, якую няма ахвотных ні чытаць, ні друкаваць».

Дзе той беларускі аўтар, што апіша такога пэрсанажа? Ці той, хто ў адказ на пародыі Юрыя Андруховіча зьвядзе ў рожкі савецкіх партызанаў і сармацкіх ваяроў, сутыкне мовы й эпохі?

Для праграмнай анталёгіі Марціна Полака «Сармацкія ляндшафты» вызначальнай сталася ідэя, што Беларусь трэба разумець як частку нейкай амаль неразьведанай эўрапейскай тэрыторыі, дзе гісторыя ішла такім пакручастым ды разгалінаваным шляхам, што распавядаць яе можна, бадай, бясконца. Які цалік чакае тут свайго аратага!

У мастацкай літаратуры выдаўцы сочуць і чакаюць, ці ня зьявіцца вялікі раман-эпапэя, які пакажа сучаснасьць у трапнай і выразнай форме. Ці будуць яго шукаць менавіта ў Беларусі? Верагодна, не. І ўсё ж былі кнігі, зь якіх распачалася новая эпоха ў сусьветным маштабе, — дакумэнтальныя гісторыі жыцьцяў, запісаныя Сьвятланай Алексіевіч, найчасьцей перакладанай аўтаркай зь Беларусі. Што яна беларуска, для чытачоў ніякай ролі не адыгрывае, большасьць пра гэта нават ня ведае.

Два гады таму часопіс «New York Review of Books» апублікаваў вялікі артыкул Тыматы Снайдэра (чыя кніга «Bloodlands» тады якраз выйшла) пад назвай «У далёкай змрочнай Беларусі», у якім Снайдэр зьвяртае ўвагу чытачоў на раман Віктара Марціновіча «Параноя».

Так і хочацца гукнуць: сэнсацыя! Бо гэтак жа, дзякуючы артыкулу (напісанаму С’юзан Зонтаг) у «New York Review of Books», Амэрыка адкрыла для сябе вугорскага пісьменьніка Пэтэра Надаша — і не яго аднога. Хто з усходнеэўрапейскіх аўтараў здолее надрукавацца ў ЗША?

<…>

Можа, «Параноя» й ёсьць выяўленьнем сутнасьці краіны?

Амэрыканскае выданьне раману якраз выйшла з друку. Пажывем, пабачым больш. Шкада, праўда, калі такіх пісьменьнікаў, як Марціновіч і Андруховіч, уважаюць толькі за прадстаўнікоў сваіх гаротных краінаў!

«Schmerzwerk» і «Tränenfabrik», «фабрыка па вытворчасьці болю» й «фабрыка сьлёз» — дзьве паэтычныя знаходкі, якія скажаюць да сюррэальнага вобраз зморанага, змрочнага краю, засланага масавымі пахаваньнямі й радыяактыўнымі ападкамі, ператвараючы яго ў крыніцу прадуктыўных мэтафараў.

Толькі тут, уласна кажучы, літаратура й пачынаецца — і ніхто ня будзе пытацца, зь якой краіны яна паходзіць.

Цалкам артыкул чытайце ў друкаваным нумары «pARTisan».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?