11.03.2013 / 17:28

«Белросбанк» перайменаваны ў «Альфа-Банк Фінанс»

Нацыянальным банкам Беларусі зарэгістраваныя змяненні ў статут ЗАТ «АКБ «Белросбанк», звязаныя са змяненнем яго назвы на ЗАТ «Альфа-Банк Фінанс».

Як паведамілі ў прэс-службе банка, змяненне яго назвы абумоўлена зменай асноўнага акцыянера і інтэграцыяй у банкаўскую групу «Альфа-Банк». Так, 18 снежня 2012 года банкаўская група «Альфа-Банк» завяршыла здзелку па набыцці АКБ «Белросбанк».

Іншыя рэквізіты банка (адрас, код банка, нумары рахункаў кліентаў і інш.) не змяніліся.

«Змяненне назвы банка не пацягне за сабой якіх-небудзь змяненняў правоў і абавязкаў банка ў адносінах да сваіх кліентаў і контрагентаў.
Пераафармленні дагавораў з выкарыстаннем новай назвы банка не патрабуецца, усе дагаворы і пагадненні, заключаныя банкам раней, захоўваюць сваё дзеянне», — падкрэслілі ў прэс-службе беларускага банка.

Абслугоўванне кліентаў (юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб) будзе ажыццяўляцца ў ранейшым парадку.

Як раней заяўляў старшыня Савета дырэктараў Банкаўскай групы «Альфа-Банк» Пётр Авен, «купля „Белросбанка“ — гэта пацвярджэнне планаў доўгатэрміновай прысутнасці „Альфа-Банка“ на беларускім рынку і чарговы крок да пашырэння прысутнасці банкаўскай групы на фінансавых рынках краін СНД».

ЗАТ «АКБ «Белросбанк» — універсальны банк, працуе на рынку Беларусі з 2003 года. Абслугоўвае прыкладна 100 тысяч кліентаў. Рэгіянальная сетка банка прадстаўлена 46-ю падраздзяленнямі і пунктамі продажу па ўсёй краіне.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру