Лацінская Амерыка будзе развівацца «ў ранейшым ключы». Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка ў Мінску на сустрэчы з дэлегацыяй Омскай вобласці на чале з губернатарам Віктарам Назаравым, каментуючы сітуацыю пасля смерці Уга Чавэса.

«Там будзе вялікая актыўнасць, таму што ўвесь кантынент прыйшоў у рух, і мы яго кепска ведаем. Нам трэба ісці туды. Нас там паважаюць і чакаюць, і яны на нас глядзяць як на альтэрнатыву. Працаваць трэба разам на гэтых рынках. Разам мы здолеем там рэалізаваць многія праекты. Той, хто зараз туды прыйдзе, будзе мець вялікія эканамічныя выгады», — цытуе беларускага кіраўніка яго прэс-служба.

***

Нагадаем, Лукашэнка 8 сакавіка ўдзельнічаў у дзяржаўнай цырымоніі развітання з прэзідэнтам Венесуэлы Уга Чавэсам, які памёр 5 сакавіка пасля анкалагічнага захворвання. Таксама падчас візіту ў Каракас беларускі кіраўнік правёў перамовы з лідарамі шэрагу лацінаамерыканскіх дзяржаў.

Так, на сустрэчы з прэзідэнтам Балівіі Эва Маралесам дасягнута дамоўленасць абмеркаваць з новым кіраўніцтвам Венесуэлы некалькі трохбаковых сумесных праектаў на два-тры мільярды долараў ЗША.
Пра гэта паводле вынікаў перамоў, што адбыліся 8 сакавіка, паведаміў журналістам кіраўнік спраў прэзідэнта Беларусі, сустаршыня беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктар Шэйман.

Плануецца, што ў першым паўгоддзі гэтага года на базе пасольства Беларусі ў Венесуэле будзе створана адпаведная рабочая група, каардынаваць працу якой даручана Шэйману.

Лукашэнка і Маралес дамовіліся аб развіцці беларуска-балівійскіх адносінаў паводле венесуэльскага узору. Прэзідэнт Балівіі папрасіў беларускага калегу дапамагчы ў развіцці сельскай гаспадаркі, будаўніцтве аграгарадкоў і жылля, здабычы карысных выкапняў, а таксама ў падрыхтоўцы кадраў. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся зрабіць усё магчымае, каб умацаваць двухбаковыя адносіны і прааналізаваць праблемныя моманты.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Эва Маралеса наведаць Беларусь, каб ён на месцы азнаёміўся з магчымасцямі сумеснай працы.

Падчас перамоў з прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа Дэльгада бакі пацвердзілі актуальнасць дамоўленасцяў, дасягнутых у час афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў гэтую краіну ў чэрвені 2012 года.

Карэа Дэльгада паабяцаў ажыццявіць візіт у адказ у Беларусь. Паводле яго слоў, на гэтым тыдні ў Эквадоры адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў, на якім будзе заслухана справаздача аб ходзе выканання дамоўленасцяў у межах беларуска-эквадорскіх адносінаў.

Лукашэнка таксама пагутарыў са старшынёй Дзяржсавета і Савета міністраў Кубы Раулем Кастра.

Жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю выказаў прэзідэнт Гаіці Мішэль Джозеф Мартэлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?