11.03.2013 / 22:55

Чарговы допінг-скандал для Беларусі: проба хакеіста зборнай Міхалёва дала станоўчы вынік

Форвард мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі Андрэй Міхалёў часова адхілены ад гульняў за ўжыванне допінгу, паведамляе афіцыйны сайт ІІХФ.

Допінг-проба Міхалёва, узятая 8 лютага пасля матчу алімпійскага кваліфікацыйнага турніру ў Даніі, паказала наяўнасць у крыві спартсмена забароненага прэпарата метылгексанамін.

Канчатковае рашэнне з нагоды дыскваліфікацыі хакеіста будзе прынята пазней. Да гэтага часу беларусу забаронена выступаць як за зборную, так і за клуб.

Метылгексанамін адносіцца да групы стымулятараў. Ён павялічвае працаздольнасць, паляпшае настрой, узмацняе спальванне тлушчу. У 2009 годзе прэпарат быў дададзены ў спіс забароненых рэчываў сусветнага антыдопінгавага агенцтва.

Міхалёў не гуляў за «Дынама», якое змагалася за Кубак Надзеі, з 7 сакавіка. У 33 матчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ 35-гадовы форвард набраў 9 ачкоў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру