Ён вельмі заняты чалавек. А яшчэ ён — доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, сябра Вучонага савета філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і Вучонага савета Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Беларусі, намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта школ міжнароднай супольнасці, сябра навукова-метадычнага савета па вышэйшай гуманітарнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта.

Магчыма я не ўсё пералічыў, дзе працуе і чым займаецца гэты апантаны беларускай філалогіяй навуковец, руплівец, энцыклапедыст і проста цудоўны чалавек, якім я заўсёды ганарыўся і ганаруся, бяру з яго прыклад, вучуся ў яго быць працаголікам. І ўсё ж мне пашанцавала спаткацца з Вячаславам Пятровічам і пагутарыць пра яго творчасць, пра наша няпростае жыццё і месца літаратуры ў ім.

— Вячаслаў Пятровіч, Вас лічаць бацькам-заснавальнікам кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Ды і Вы мяне вучылі на філфаку метрыцы, рытміцы, фоніцы, вершаскладанню, уменню вывучаць і даследаваць родную літаратуру. Дзякуй Вам за гэта.

— Але перш чым пачаць нашу гутарку, Сяргей, дазвольце мне прадставіцца чытачам «Сzasopisa», якія мяне ведаюць не так, як Вы.

— Вядома ж. І з гэтага, лічу, абавязкова трэба пачаць.

— Нарадзіўся я ў ваенным 1942 годзе ў мястэчку Ракаў сённяшняга Валожынскага раёна Мінскай вобласці.У 1963 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску (БДУ) па спецыяльнасці «Філолаг. Выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры», затым — аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю (доктарскую — паводле польскай навуковай класіфікацыі) «Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша» і з таго часу выкладаю ў Белдзяржуніверсітэце. Дысертацыю на ступень доктара філалагічных навук (габілітацыйную) — «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад» — абараняў у 1993 годзе ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя Максіма Горкага ў Маскве. Такім чынам, я доктар габілітаваны, прафесар. З 1994 года загадваю кафедрай тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Працую ў розных галінах літаратуразнаўства. Асноўная сфера навуковых зацікаўленняў — тэорыя літаратуры, гісторыя беларускай літаратуры, культуралогія, кампаратывістыка, вершазнаўства, перакладазнаўства, тэксталогія. Выявіў шэраг невядомых архіўных матэрыялаў па беларускай літаратуры ХIХ — ХХ стагоддзяў, браў удзел у напісанні шматлікіх энцыклапедычных артыкулаў, у стварэнні навучальных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных установаў і старэйшых класаў агульнаадукацыйных школ. Перакладаю паэзію і прозу са славянскіх моваў (найперш украінскай) на беларускую. Выдаў і ўласны зборнік вершаў «Полюс цяпла» (2007). З’яўляюся аўтарам звыш 20 асобных кніг і больш чым 1000 розных публікацый у перыёдыцы і калектыўных зборніках.

— Мне цяпер, пасля таго як Вы расказалі пра сваю працу і плён у ёй, неяк няёмка і задаваць Вам першае пытанне, якое гучыць так: скажыце шчыра, Вячаслаў Пятровіч, а Вам асабіста падабаецца гэтым займацца? Ці проста няма выйсця, бо гэтага патрабуе праца ў Белдзяржуніверсітэце?

— Мне сапраўды «падабаецца гэтым займацца». Праца ва ўніверсітэце — асаблівая праца. Яна сумяшчае абавязкі звычайнага выкладчыка (накшталт настаўніцкай працы ў школе) і навукоўца. Тое, што ты як навуковец, даследчык адшукаў, выявіў, вынайшаў, тут жа, на лекцыі, можаш паведаміць сваім вучням, студэнтам, увесці адразу, як кажуць, у навуковы і культурны абыходак. «Чыстаму» навукоўцу (скажам, супрацоўніку літаратурнага навукова-даследчага інстытута) гэтага трэба чакаць месяцы, а то і гады. Апрача таго, мы ж выхоўваем кадры для нацыянальнай асветы, культуры, навукі, узровень і патрыятычны запал якой залежыць і ад нас. Бадай, у кожным раёне Беларусі (ды і за яе межамі) працуюць дзясяткі маіх вучняў, якімі я вельмі ганаруся. Вось і Вы адзін з такіх вучняў — разам з Уладзімірам Васілевічам, Ігарам Жуком, Уладзімірам Лайковым, Вольгай Русілкай, Іванам Штайнерам і многімі іншымі.

— Вячаслаў Пятровіч, акрамя тэорыі літаратуры Вы заўсёды займаліся і займаецеся даследаваннем узаемасувязяў літаратур, асабліва беларуска-ўкраінскіх, беларуска-польскіх. Чым мы, беларусы, можам сёння пахваліцца на ніве гэтых узаемасувязяў? І ці задавальняюць яны Вас як навукоўца альбо проста як беларуса? І ці патрэбныя яны сёння?

— Кажучы пра літаратурныя ўзаемасувязі, Вы задалі рытарычныя пытанні, на якія можна рытарычна і адказваць: не, не задавальняюць; так, патрэбныя. Пры гэтым скажу: мы, беларусы, пра суседнія славянскія літаратуры — польскую, украінскую, не кажучы пра рускую, — ведаем намнога больш (хоць, зразумела, яшчэ недастаткова), чым ведаюць славяне-суседзі пра літаратуру беларускую. Пры гэтым знаёмства з літаратурамі суседзяў пачынаецца ў нас у сярэдняй школе, што цалкам зразумела і мэтазгодна. У беларускай сярэдняй школе існуе цэласны курс рускай літаратуры. Што да творчасці асобных украінскіх і польскіх пісьменнікаў, то яна вывучаецца ў курсах беларускай/рускай літаратур.

Скажам, у нашай дванаццацігодцы вучні паступова, з класа ў клас, знаёміліся з некаторымі празаічнымі і паэтычнымі творамі Тараса Шаўчэнкі, Івана Катлярэўскага, Івана Франко, Міхайла Кацюбінскага, Лесі Украінкі, Васіля Стафаніка, Паўло Тычыны, Максіма Рыльскага (украінская літаратура), Адама Міцкевіча (балады, паэмы «Пан Тадэвуш», «Гражына»), Юльюша Славацкага (вершы, паэма «У Швейцарыі»), Юзафа Крашэўскага («Паперы Глінкі»), Элізы Ажэшкі («Хам», «Зімовым вечарам», «Раманіха»). Мы з Таццянай Кабржыцкай нават выдалі для сярэдняй школы вялікую хрэстаматыю «Мае браты, мае суседзі: творы пісьменнікаў блізкага замежжа» (Мінск, 2008, 752 старонкі), куды ўвайшлі творы гэтых пісьменнікаў, а таксама латыша Яніса Райніса, літоўца Крысціёнаса Данелайціса, чэшкі Бажэны Немцавай, артыкулы пра іх творчасць. Перавод сярэдняй школы на адзінаццацігодку, ліквідацыя класаў з пашыраным і паглыбленым вывучэннем прадметаў прывялі, на жаль, да скарачэння аўтараў і твораў. Аднак асобныя ўсё ж засталіся. З іншага боку, наколькі мне вядома, ні ў польскіх, ні ва ўкраінскіх школах ні з адным з беларускіх пісьменнікаў-класікаў вучні не знаёмяцца. А як жа сябраваць з суседзямі, я ўжо не кажу пра павагу і любоў да іх, калі не ведаць гэтых суседзяў? А літаратура ж найлепш знаёміць народ з народам…

— Калі мы гутарку распачалі пра суседзяў, дык мне прыгадаўся вялікі беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец Сяргей Палуян (1890–1910), які пражыў усяго 20 гадоў і пахаваны ў Кіеве. Вы разам са сваёй жонкай Таццянай Кабржыцкай у 1986 годзе сабралі і склалі адзіны зборнік твораў Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню». А ў 1990 годзе выйшла ваша сумесная кніга «Сляды знічкі: пра Сяргея Палуяна». Што за гэтыя 23 гады знойдзена новае пра Сяргея Палуяна? Ці ўжо немагчыма нечага новага пра нашага здольнага літаратара знайсці?

— Нічога новага пра Сяргея Палуяна мы, на жаль, пакуль не адшукалі. Але, наколькі нам вядома, і іншыя даследчыкі нічога істотнага не знайшлі. Што застаецца? Трэба шукаць!

— Трымаю ў руках Вашу цудоўную кнігу «Мой Трыглаў» пра Купалу, Коласа, Багдановіча. Дзякуй Вам за яе. Скажыце, калі ласка, а Вы цікавіліся пры якіх умовах і як загінуў у Маскве Янка Купала? Тым больш што апошнім часам сяды-тады і з’яўляюцца публікацыі пра смерць Янкі Купалы.

— Пра смерць Янкі Купалы цікавіўся і я. Вядомы ліст Берыі Сталіну пра гібель нашага песняра, які часта цытуецца, — гэта адказ на мой ліст (як старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы) у КДБ СССР, з якім я ў свой час звяртаўся. Нешта не верыцца, што іншых дакументальных сведчанняў пра смерць народнага паэта Беларусі не засталося, бо расследаванне акалічнасцяў смерці вялі ажно тры інстанцыі: міліцыя, пракуратура, ваенная разведка. Відаць, час і ўмовы яшчэ не насталі, каб рассакрэціць гэтыя дакументы. Але ж «няма нічога тайнага, каб не стала яўным»…

— Вячаслаў Пятровіч, чаму да сённяшніх дзён яшчэ не выдадзеная энцыклапедыя «Якуб Колас», тым больш што ёсць ужо энцыклапедыі Скарыны, Купалы, Багдановіча?

— Пытанне не да мяне. Хаця ведаю, што напісаць і выдаць сапраўдную энцыклапедыю не так лёгка і проста. Лягчэй сабраць, як у торбу, розныя артыкульчыкі з інтэрнэту, знайсці выдаўца і з камерцыйнымі мэтамі — пад выглядам энцыклапедыі — «ціснуць», ды яшчэ пад сваім прозвішчам. Як гэта і робіцца часам… Што да патрэбнасці энцыклапедыі «Якуб Колас», то ў гэтым няма сумневу.

— Вячаслаў Пятровіч, многіх Вашых сяброў ужо няма побач з Вамі. Каго з іх Вы найчасцей сёння прыгадваеце, шкадуеце, успамінаеце? Каго Вам сёння не хапае?

— Найчасцей згадваю свайго аднакашніка, былога завуча Сваткаўскай сярэдняй школы на Мядзельшчыне Міколу Пашкевіча, якому прысвечаная аповесць Васіля Быкава «Абеліск», Алега Лойку, майго ўніверсітэцкага настаўніка, затым калегу па працы і блізкага сябра, а таксама энцыклапедыста і фалькларыста Янку Саламевіча, які не так даўно пайшоў ад нас назаўсёды. Іх найбольш мне і не хапае.

— Які час у Вашым жыцці быў найцяжэйшым і які — плённым і шчаслівым?

— З вышыні свайго ўзросту бачу: найбольш плённыя і шчаслівыя гады — 1970-я — першая палова 1980-х гадоў, калі былі яшчэ жывыя мае з жонкай Таццянай бацькі, калі мы жылі ў адным доме і сем’ямі сябравалі з Уладзімірам Караткевічам, калі нашы дзеці, Усевалад, Максім і Пятрусь, яшчэ знаходзіліся пры нас, калі… А цяжкасці сустракалі, калі хварэлі дзеці (часам усе трое адначасова), калі Таццяна ачуньвала пасля пераломаў пазваночніка (прычым двойчы), калі маці пасля інсульту амаль 16 гадоў ляжала паралізаванай у кватэры свайго адзінага сына, г.зн. у мяне, калі…

— Так, у жыцці ўсяго хапала. А што сёння хвалюе доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшу?

— Хвалюе многае. Але трэба, нават хвалюючыся, працаваць, а не сядзець склаўшы рукі і хвалявацца. Працаваць, разумеючы, што толькі актыўна працуючы дзеля роднай культуры, мовы, літаратуры, выхоўваючы адукаваных і нацыянальна свядомых маладых працаўнікоў, мы ўрэшце «дойдзем да Беларусі».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?