У 21:37 над комінам над Сікстынскай капэлай паваліў чорны дым, гэта азначае, што Папу ў першым туры не выбралі.

Працяг у сераду.

У 2005 г. Бенедыкт XVI быў абраны ў чацвертым туры, крыху болей за суткі.

***

Сёння ў 19:30 пачаліся выбары новага кіраўніка Каталіцкага Касцёла.
У Сікстынскай капэле Ватыкана распачаўся канклаў, у якім бяруць удзел 115 кардыналаў. Менавіта яны назавуць імя новага пантыфіка.

Букмекеры склалі свой спіс імаверных наступнікаў Бенедыкта XVI.

1. Анжэла Скола (Італія)

71-гадовы арцыбіскуп Мілана з’яўляецца яўным фаварытам. Скола — вядомы тэолаг, ён аўтар мноства кніг аб біямедыцынскай этыцы, чалавечай сэксуальнасці, шлюбе. Ён з’яўляецца заснавальнікам часопіса Oasis для хрысціян, што жывуць у арабскім свеце. Скола з Ламбардыі. Вучыўся ў Мілане, Парыжы, Манака. Дысертацыю абараніў па Фаме Аквінскаму ва ўніверсітэце Фрыбура (Швейцарыя). Доўгі час выкладаў у розных ВНУ, у тым ліку Папскім універсітэце. Быў рэктарам Папскага Латэранскага ўніверсітэта, дапамагаў студэнтам з краін трэцяга свету. Ад 2002 — Патрыярх Венецыі. Ад 2011 — арцыбіскуп Мілана.

2. Адыліу Педру Шэрэр (Бразілія)

Ён нарадзіўся ў 1949 у самым паўднёвым штаце Бразіліі Рыу-Грандзі-ду-Сул у сям’і нямецкіх мігрантаў. Наймаладзейшы сярод усіх прэтэндэнтаў. Вучыўся ў Паране і Рыме. Прафесар. Шмат працаваў у розных навучальных установах на Радзіме. Выкладаў філасофію і багаслоўе. Ад 1994 да 2001 супрацоўнік Кангрэгацыі па справах біскупаў у Рымскай курыі. Ад 2007 Шэрэр — арцыбіскуп Сан-Паўлу.

3. Пітэр Кодва Турксан (Гана)

У гісторыі Ватыкана былі Папы з Сірыі, але з Афрыкі яшчэ не было. Турксану 64 гады. Ад 2009 года ён узначальвае ў Ватыкане Папскую Раду Справядлівасці і Міру. Да гэтага больш за 15 гадоў быў арцыбіскупам Кейп-Коста на радзіме. Турксан чацвёрты з дзесяці дзяцей у сям’і. Ягонае афрыканскае імя «Кодва» азначае «панядзелак». Навучаўся ў Нью-Ёрку і Рыме. Паліглот. Размаўляе вольна на сямі мовах, і яшчэ на некалькіх чытае.

4. Тарчызіё Бэртонэ (Італія)

Дзяржсакратару Ватыкана ўжо 78 гадоў, што значна змяншае ягоныя шанцы заняць Святы Прастол. У 2008 годзе ён наведваў Беларусь, дзе меў сустрэчы, як з рэлігійнымі дзеячамі, так і дзяржаўнымі. З ордэна салезіянцаў. Вучыўся ў Турыне і Рыме. Абараніўся па дзейнасці Папы Бенедыкта XIV.

5. Марк Уэле (Канада)

Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў у Ватыкане. Да гэтага быў арцыбіскупам Квебека. Нарадзіўся ў 1944 у маленькай вёсцы ў Квебеку. Вучыўся ў Манрэале і Рыме. Цягам дзесяці гадоў працаваў у Калумбіі. У 2007 Уэле публічна папрасіў прабачэнні за памылкі Касцёла ў Квебеку. Сярод памылак ён назваў антысеметызм, расізм, абыякавасць да каранных народаў, дыскрымінацыю жанчын і гомасэксуалістаў.

6. Крыстаф Шонборн (Аўстрыя)

Арцыбіскупу Вены 68 гадоў. Нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Чэхіі ў шляхецкай нямецкай сям’і. Дамініканец. Навучаўся ў Вене і Парыжы. Прыхільнік дыялога паміж каталікамі і праваслаўнымі. Ганаровы доктар праваслаўнага багаслоўнага факультэта Бухарэсцкага ўніверсітэта. Папа Ян Павел ІІ даручыў Шонборну падрыхтаваць новы Катэхізіс каталіцкай царквы.

7. Шон Патрык О’Мелі (ЗША)

Арцыбіскуп Бостана. Яму 68 гадоў, нарадзіўся ў Агаё. Адзін капуцын у Калегіі кардыналаў. У 21 год быў пастрыжаны ў манахі. Навучаўся ў Пенсільваніі і Вашынгтоне. Мае ступень магістра рэлігійнай адукацыі і доктар філасофіі ў іспанскай і партугальскай літаратуры. Нейкі час служыў для іспанамоўных жыхароў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?