Па выніках сённяшняй сустрэчы ў Мінску Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч падпісалі сумесную заяву, у якой закрануты шэраг пытанняў двухбаковай і міжнароднай тэматыкі.

Беларускі бок, адзначаецца ў дакуменце, разлічвае на канструктыўны падыход і падтрымку Сербіі па важных для Беларусі пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва.

У сваю чаргу Беларусь заяўляе аб падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі, а таксама аб выпрацоўцы «ўсёабдымнага і ўзгодненага рашэння ў дачыненні да Косава і Метохіі».

Лукашэнка і Нікаліч пацвярджаюць прыхільнасць сваіх краін агульнапрызнаным нормам міжнароднага права,

мэтам і прынцыпам статута ААН, умацаванню яе ролі ў вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, супрацьдзеянні сучасным выклікам і пагрозам.

Бакі заяўляюць аб прыхільнасці Беларусі і Сербіі да вырашэння міжнародных канфліктаў і спрэчак на аснове агульнапрызнаных норм міжнароднага права і асноватворных прынцыпаў статута ААН.

У кантэксце старшынства Сербіі ў АБСЕ ў 2015 годзе Лукашэнка і Нікаліч выказалі намеры пашырыць узаемадзеянне на пляцоўцы гэтай еўрапейскай арганізацыі для забеспячэння раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва.

Толькі раўнапраўны і канструктыўны дыялог можа спрыяць урэгуляванню міжнародных рознагалоссяў пры адмове ад любых дзеянняў, якія перашкаджаюць такому дыялогу, падкрэсліваюць аўтары дакумента.

Бакі таксама дамовіліся «развіваць узаемадзеянне на пляцоўцы ААН».

У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць сумесна выступаць за эфектыўнае і поўнае выкананне Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі.

У заяве гаворыцца пра неабходнасць стварэння ў ААН глабальнага механізму, які забяспечвае доступ усіх краін да тэхналогій выкарыстання новых і ўзнаўляльных крыніц энергіі.

Дасягнута дамоўленасць правесці кансультацыі па тэматыцы ўзаемадзеяння ў межах ААН і міжнародных еўрапейскіх рэгіянальных арганізацый.

Лукашэнка і Нікаліч таксама падкрэсліваюць «актуальнасць намаганняў па пераадоленні наяўных адрозненняў ва ўзроўні эканамічнага і тэхналагічнага развіцця дзяржаў, што ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную камісію ААН».

У сувязі з гэтым яны выказалі намер выступаць за ўмацаванне мандата і патэнцыялу ЕЭК ААН у такіх галінах, як дзяржаўна-прыватнае партнёрства, інавацыйнае развіццё, гандаль, транспарт і энергетыка

У дакуменце таксама адзначаецца, што ўдзел Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы адкрывае новыя перспектывы для беларуска-сербскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Лукашэнка і Нікаліч выказалі задавальненне станоўчай дынамікай развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і выказаліся за паглыбленне двухбаковых сувязяў па шэрагу прыярытэтных кірункаў.

Сярод іх — павелічэнне аб’ёмаў і дыверсіфікацыя структуры ўзаемнага тавараабароту, сумесны пошук новых сфер эканамічнага ўзаемадзеяння, пашырэнне супрацоўніцтва ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і энергетычнай сферах, харчовай і дрэваапрацоўчай галінах прамысловасці, развіццё вытворчай кааперацыі і міжрэгіянальных сувязяў, стварэнне спрыяльных умоў для пашырэння кантактаў паміж дзелавымі коламі.

Беларусь і Сербія таксама маюць намер актывізаваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пашырыць узаемадзеянне ў сферах культуры, спорту, турызму і адукацыі.

Па выніках сустрэчы Лукашэнкі і Нікаліча падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў — міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю; міждзяржаўны дагавор аб прававой дапамозе па грамадзянскіх і крымінальных справах; мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Міністэрствам культуры і інфармацыі Сербіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?