Крыху больш за паўтара года таму выдатны сучасны эсэіст і перакладчык, прэзідэнт Польскага ПЭН-Цэнтра Адам Паморскі ў інтэрв’ю для варшаўскай Gazety Wyborczej сказаў:

«Маладзейшае пакаленне ў беларускай літаратуры не бароніць роднае мовы простымі заклінаннямі, а ўваходзіць на прасторы культуры сусветнай, універсальнай, мадэрнісцкай, альбо нават і постмадэрнісцкай,
— у тым ліку з ноткамі іроніі — звяртаючыся да традыцыі ўласнага гратэску. Гэтыя маладыя людзі не маюць патрэбы дэклараваць свой патрыятызм, звяртацца да ідэалогіі нацыяналізму: яны свабодна перамяшчаюцца ў свеце. Гэта — пакаленне інтэрактыўнай культуры».

Даючы згаданае інтэрв’ю, польскі літаратар, добры знаўца сусветнай літаратуры, меў на ўвазе не толькі творы некалькіх нашых маладых паэтаў, частку якіх ён, дарэчы, сам бліскуча пераклаў на польскую мову. Адам Паморскі ўжо тады няблага ведаў творы беларускіх празаікаў «новае хвалі»: Сяргея Балахонава, Веры Бурлак, Наталкі Бабінай, Паўла Касцюкевіча, Алены Брава… Мяркую, што ён убачыць яскравае і красамоўнае пацверджанне слушнасці сваіх высноў, калі пазнаёміцца з творам, гаворка пра які пойдзе далей.

Я напраўду мала што ведаю пра асобу Юліі Шаровай, але, прачытаўшы яе дэбютны раман (і тое які — ажно на 615 старонак!), некалькі дзён хадзіў крыху агаломшаны.
Успомнілася дзяцінства, юнацтва, калі, бывала, прачытаеш якога-небудзь беларускага, рускага, нямецкага, амерыканскага класіка — і шкадуеш, што мусіш раптоўна развітацца з героямі, з якімі ты нібы зжыўся, з мясцінамі, дзе дзейнічалі, кахалі, перажывалі, хварэлі і нярэдка гінулі гэтыя героі. Дык тое былі творы класікаў, а тут —
першы ў жыцці самастойны твор маладой жанчыны-аўтара, які, прызнаюся, захапіў не менш за творы сяго-таго з літаратурных мэтраў.
Твор Юліі Шаровай «Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік» выйшаў у мінскім прыватным выдавецтве Ігара Логвінава пакуль што толькі ў версіі электроннай кніжкі.
І ў гэтым ёсць свой шарм: чытаючы яго, круціш «мышку» камп’ютара толькі ў адзін бок, адно каб не спыняцца і не вяртацца назад. Бо калі вернешся, пачнеш, можа, вышукваць нейкія недакладнасці або нестыкоўкі. А гэтага рабіць, далібог, не хочацца.
Ствараючы свой раман, Юлія Шарова знайшла вырашэнне праблемы ягонага сэнсавага «стрыжня» ва ўмоўнай апоры на сюжэт лібрэта знакамітай оперы Вольфганга Амадэя Моцарта, якую мы прывыклі называць «Дон Жуан»,
хоць у галоўнай версіі на італьянскай мове назва гучыць як «Дон Джавані». Нагадаю вельмі коратка змест названага лібрэта. Вядомы залётнік Дон Жуан, твар якога схаваны пад маскаю, уцякае са спальні Донны Анны, дачкі Камандора, і, наткнуўшыся на яе бацьку, вымушана забівае таго. Донна Анна разам з Донам Атавіа клянуцца адпомсціць невядомаму за здзейсненае злачынства. Тым часам новым аб’ектам захаплення Дон Жуана, які перад тым пакінуў сваю жонку Донну Эльвіру, робіцца простая сялянская дзяўчына Дзэрліна, нявеста Мазэта. Донна Анна, разам з Донам Атавіа і Доннай Эльвірай, імкнуцца выкрыць чалавека, які заклікае ўсіх да «свабоды ва ўсім». Перапляценне інтрыг прыводзіць да таго, што Донну Эльвіру пад выглядам яе мужа Дон Жуана спакушае яго пераапрануты слуга Лепарэла. Донна Эльвіра пачынае вар’яцець… У фінале оперы Дон Жуан запрашае да сябе на ўрачыстую вячэру гасцей, у тым ліку статую Камандора. Донна Эльвіра яшчэ раз заклікае Дон Жуана вярнуцца да праведнага жыцця. З’яўленне на сцэне ўсіх астатніх галоўных герояў суправаджаецца словамі Лепарэла, што Дон Жуан, так і не пакаяўшыся ў сваіх грахах, праваліўся ў пекла.
Своеасаблівы Дон Жуан у рамане Юліі Шаровай — гэта беларус Аляксей Грынкевіч, які працуе дырыжорам у расійскім правінцыйным оперным тэатры
і нечакана, пасля смерці галоўнага дырыжора, атрымоўвае магчымасць ажыццявіць мару свайго жыцця — паставіць «Дона Джавані» на сцэне гэтага тэатра.
У інтрыгу міжвольна ўмешваюцца жанчыны, якімі захапляўся Грынкевіч: спявачка-прыгажуня Ірына, даўняя каляжанка па вучобе Маша, урэшце Анна Рупель, якая прыязджае з Масквы, каб заняцца пастаноўкай драматычнай часткі оперы,
не ведаючы, што пасля васьмі гадоў расстання яе чакае сустрэча з Аляксеем Грынкевічам… Сам Грынкевіч укладае ўсе сілы і душу ў працу з аркестрам, толькі на дзень-другі пакідаючы горад N, каб пабываць па справах у Маскве або ў Мінску ў сваіх бацькоў.
Велізарныя душэўныя ўзрушэнні герояў, кожны з якіх — адметная індывідуальнасць, гарантую, не пакінуць абыякавым ніводнага сапраўднага чытача.
Вядома, нехта можа папракнуць пісьменніцу ў залішнім «гафманізме» ці нават у «дастаеўшчыне». Раман Юліі Шаровай праз агромністую цягу яго герояў да «самакапання» і адносна слаба выяўленую часава-геаграфічную прастору тыпалагічна блізкі менавіта да расійскіх, а не да заходнееўрапейскіх або беларускіх класічных твораў гэтага жанру. Але героі гавораць па-беларуску; па-беларуску думае і аўтар рамана, нягледзячы на тое, што вялікі аб’ёмам тэкст усё-такі, на маю думку, патрабуе яшчэ больш уважлівага рэдагавання, чым тое, што зрабіла Марыя Мартысевіч.
Бывае, што выхаваны (безумоўна, не без уплыву музычнай эрудыцыі) густ Юліі Шаровай здраджвае ёй: вытанчаны натуралізм мала што не перарастае ў вульгарнасць.
Але талент маладой пісьменніцы выяўляецца найперш у здольнасці адначасова пісаць інтэлектуальна і цікава — так, як гэта робіць, скажам, Мілан Кундэра.
Нярэдка здаецца, што вось-вось пачнецца нейкая банальшчына, ды аўтар знаходзіць усё новыя і новыя хады, каб яе пазбегнуць, у тым ліку праз адкрыты фінал твора, які, аднак, ні ў якім разе не павінен расчараваць удумлівага чытача.
Юлія Шарова з двух як бы паралельных светаў стварае свой кантынент, на якім хочацца жыць, радавацца і нават пакутаваць…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?