«Мінскі раман» стаіць у падзагалоўку сачынення свежага лаўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

У былыя «літаратурацэнтрычныя» часы можна было б напісаць, што чытацкі свет усхваляваны прозай, яўленай свету паэтам, які атрымаў у апошнія гады вялікую вядомасць у якасці грамадска-палітычнага дзеяча. Але — цяпер літаратурная навіна не з’яўляецца грамадскай падзеяй.
Шуміць, у асноўным, палітызаваная літаратурная тусоўка. Абмяркоўваюцца асаблівасці працэдуры прэміравання. Справядлівасць рашэння журы, іншае. Пра сам раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» гавораць мала і няўцямна. Каменты ў інтэрнэце зводзяцца ў асноўным альбо да безумоўнага ўхвалення («выкрыў КДБ» — адна з ухвалаў) альбо да сцвярджэнняў, што больш высокай прэміяльнай ступені заслугоўвалі іншыя беларускія аўтары.
Уражанне такое, што Някляеў збянтэжыў не толькі чытачоў, але і літаратурны асяродак гэтым раманам, у якім ён сам, ані каліва не маскіруючыся, паўстаў у якасці галоўнага героя.
Да гэтага часу Някляева ведалі як таленавітага паэта, чый жыццёвы шлях у савецкія часы быў даволі тыповым: вучоба, праца ў газетах і часопісах і адпаведны кар’ерны рост ад літсупрацоўніка да галоўнага рэдактара, узнагароды (прэмія Ленінскага камсамола і сціплы, але ўсё-ткі ордэн «Знак пашаны»). Гэта я пераказваю звесткі з даведніка «Беларускія пісьменнікі», выдадзенага ў 1994 г. Пра тое, што было потым у жыцці Уладзіміра Пракопавіча, можна знайсці ў Вікіпедыі. Ну а драматычныя падзеі апошніх гадоў разгортваліся проста на нашых вачох.

Да іх, да гэтых падзеяў канца 2010 г., калі вядомы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі быў збіты, кінуты ў следчы ізалятар КДБ, асуджаны, аўтар таксама звяртаецца ў сваім рамане. Але вельмі каротка і з адзінай мэтай — звязаць відавочнай (найперш — кадэбісцкай) ніткай падзеі, што адбыліся з ім зусім нядаўна і свае «баданні» з КДБ паўвека таму, на пачатку 60-х гадоў. А

на асноўнай пляцоўцы рамана дзейнічаюць пятнаццацігадовы падлетак Валодзя, па мянушцы Князь, які толькі-толькі паступіў у мінскі тэхнікум сувязі.
Гэты хлапчыска лічыць сябе стылягам, ён носіць кашулю з малпамі і папугаямі, штаны-дудачкі, хоча таньчыць рок-н-рол, слухаць Дзюка Элінгтона, Джона Рыда і Элвіса Прэслі, чытаць Агату Крысці. У яго дзве кампаніі. Адна — з простых хлапчукоў, сунавучэнцаў па тэхнікуме. А вось другая — закачацца! Пятнаццацігадовы пацан водзіць шчыльнае сяброўства з былым масквічом, а цяпер студэнтам Беларускага ўніверсітэта Вілам. Віл — асоба рэальная, гэта Віктар Іванавіч Ледзянёў, і цяпер жывы празаік і вялікі сябра Уладзіміра Някляева. І яшчэ адна рэальная даволі вядомая асоба, якая жыве і цяпер, уваходзіць у гэтую раманную кампанію — актор Рускага тэатра (а паўвека таму ТЮЗа) Эдуард Мікалаевіч Гарачы. І, канечне, нельга не назваць яшчэ двух цалкам рэальных і нават па-свойму вядомых персанажаў, хоць яны і пайшлі з жыцця са значнай розніцай. Гэта Амерыканец, а дакладней, Лі Харві Освальд, той самы, забойца прэзідэнта ЗША Кенэдзі, і Кім Іванавіч Хадзееў, мінскі дысідэнт і інтэлектуал, які жыве ў рамане і пад уласным імем і пад мянушкамі Палкоўніка і Сысоя. Ёсць і іншыя цалкам рэальныя, але эпізадычныя персоны.
Усе рэальныя героі ўзаемадзейнічаюць з прыдуманымі, з якіх найбольш каларытнай фігурай выглядае вулічны прадавец газіроўкі Саламон Маісеевіч Бланк, нібыта далёкі сваяк Леніна.
Ну і, канечне, жаночыя вобразы і калізіі выпісаныя рукой паэта. Тая ж Ася, дачка Саламона Маісеевіча, — «з зеленаватым смуткам глыбінных, у саміх сябе затоеных вачэй, над безданню якіх лунаў пажар агністых валасоў…», — на «белай сукенцы» якой таксама «золатам плавіўся пажар яе валасоў». Карацей, не дзяўчына, а суцэльны пажар.

* * *

Але гэта, што называецца, эстэтычны выбар.

Галоўнае ж у іншым. У крутым замесе фактаў і падзеяў, у які трапляе гэтая прэтэнцыёзная кампанія, што папівае спіртное і рознае балбоча.
У Мінск прыяжджае Хрушчоў. І КДБ фабрыкуе справу пра быццам бы рыхтаваны тут замах на першага сакратара ЦК КПСС. Кампанію дапытваюць у тым самым велічным будынку на праспекце. І тут усплываюць розныя канцы, і вядомыя, і невядомыя самай страшнай савецкай спецслужбе. І тое, што навучэнец-сувязіст Валодзя хавае пад падушкай радыёдэталі, што Віл чэмпіён па радыёспорце і выходзіў на сувязь з па-антысавецку настроеным амерыканскім сенатарам Галдуотэрам, што Освальд, які забіў Кенэдзі, а да таго працаваў на мінскім радыёзаводзе, трэніраваўся ў ціры гэтага завода, што зброя, якую нібыта збіраліся выкарыстоўваць пры замаху на Хрушчова, была ў аўтамабілі брата Віла, уласнага карэспандэнта Усесаюзнага радыё …
Карацей, выявіліся такія канцы, якія і ў КДБ не змагло звязаць. Толькі аўтар змог. Ён, праўда, сам з усёй гэтай тарабаршчыны пакеплівае.

Асаблівы смех мусіла, відаць, выклікаць гісторыя з выбітым зубам чарнаскурага студэнта тэхнікума сувязі з Гвінеі, пляменніка прэзідэнта гэтай краіны і сябра СССР Секу Турэ. КДБ расследуе яе заўзята, паколькі ў «краіне сацыялістычнага інтэрнацыяналізму» не можа быць расавых праблемаў. Відавочная сатырычная прэтэнзія ў духу «чонкінскай» прозы Вайновіча бачная ў лісце Саламона Маісеевіча Бланка ў ЦК КПБ з прычыны пераносу аўтамата з газіроўкай з аднаго, натуральна ж, лепшага месца на іншае, горшае, і асабліва — у сцэне паседжання Палітбюро ЦК КПСС у вар’ятні, дзе ролі партыйных бонзаў узялі на сябе змешчаныя туды ўдзельнікі ўсё той самай неўтаймавана-бойкай кампаніі, што так любіць усялякія хохмы і прыколы.

І над усімі гэтымі хохмамі і прыколамі, над вечаровым сонцам, што асвятляе старую Нямігу, як жывапісуе аўтар у фразе, што вянчае раман, «плыве і плыве залаты пыл».
Блізкі сябра аўтара і адначасова, як ён сам характарызуе сябе ў вялізным пасляслоўі, «адзін з галоўных персанажаў рамана» Віктар Ледзянёў (Віл) развівае гэты вобраз, што ўражвае сваёй свежасцю, калі кажа пра «залаты пыл юнацтва». «Хай не ўсе было так, як напісаў аўтар, — піша ён у тым жа пасляслоўі, мэмарыяльна названым «Вуліца Уладзіміра Някляева», — але вось гэта: наша маладая рамантыка, чысціня нашых юнацкіх памкненняў, сяброўства, каханне, музыка, паэзія — усё было так. І акрамя смаку газіроўкі з сіропам я яшчэ адчуў у рамане паветра таго Мінска — Мінска пачатку шасцідзясятых …»

* * *

Тут, як кажуць, не было б пра што спрачацца. Хто не ведае, што адзін хоча сёе, другі — тое? Хтосьці «адчуў у рамане паветра таго Мінска», хтосьці — не… Калі б не адна рэч — сурё’зная прэтэнзія твора Уладзіміра Някляева на дакументальнасць. Пра што вы кажаце? Хіба не стаіць у падзагалоўку слова «раман»? А ў рамане ж можна ўсё. Усё ды не ўсё!

Па сутнасці мы маем справу з аўтабіяграфічнай прозай, у якой асоба галоўнага героя, як даюць зразумець чытачу, цалкам супадае з асобай апавядальніка. Больш за тое, аўтар пасляслоўя Віктар Ледзянёў сведчыць: цэнтральная асоба рамана, пятнаццацігадовы навучэнец тэхнікума электрасувязі Валодзя, -- гэта і ёсць ягоны цяперашні сябра Уладзімір Някляеў.
Толькі ў падлеткава-юнацкім веку. То бок у той час, калі ён толькі-толькі прыехаў у Мінск з правінцыйнай Смаргоні.

Дакладна вызначаны і час асноўнага дзеяння рамана — канец лета 1961--пачатак 1962 гадоў. Гэта пры тым, што памяць аўтара час ад часу капрызна ўзлятае і ў больш пазнейшыя часіны.

Чаму я кажу так пэўна пра часавыя рамкі асноўнага раманнага дзеяння? Ды таму што знаёмства падлетка Валодзі з іншымі рэальнымі персанажамі, як сведчыць аўтар пасляслоўя, адбываецца ў жніўні 1961 г. А справу «антысавецкай групы Хадзеева» КДБ папачало публічна раскручваць — і гэта гістарычны факт — на пачатку 62-га.

Паміж тым адчуваецца, што з аднаго боку, аўтару замінаюць часавыя рамкі, ад якіх анікуды не падзецца, а з другога — ён вельмі хоча, каб яму паверылі, што ўсё было менавіта так. Дакументальную ілюстрацыю да эпохі закліканыя скласці «давешаныя» да рамана дваццаць старонак рэальных дакументаў — даклад Хрушчова пра культ Сталіна на ХХ з’ездзе партыі, стэнаграма ягонай жа сустрэчы з інтэлігенцыяй у снежні 1962 г., вытрымка з матэрыялаў пленума ЦК КПСС 1964 года, на якім скінулі Хрушчова, дакументы пра Лі Харві Освальда і інш. Хаця да ўласна апавядання гэтыя дакументы, якія любы ахвотны сёння можа адшукаць у інтэрнэце, аніякіх адносінаў не маюць. Але тут свая задума: дакументы павінны падцведзіць гістарычны фон, на якім разгортваецца апавяданне і тым самым сведчыць, хай ускосна, пра рэальнасць асновы рамана. Ну і само сабой

свайго роду тлустай пячаткай, якая пацвярджае, што так, уласна, яно ўсё і было, як апісана ў рамане, з’яўляецца пасляслоўе Віктара Ледзянёва. Хаця апошні і пакінуў пралаз — «можа, і не зусім так».

«Такім чынам, быццам наўмысна, падкрэсліваецца відавочная дакументальнасць кнігі, — адзначае адчуўшы тут пэўны «трук» журналіст Сяргей Шапран, чалавек неабыякавы да беларускай літаратуры. — Хаця сам Някляеў, які прыклаў багата высілкаў, каб надаць ёй гэтую дакументальнасць, катэгарычна сцвярджае, што «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» -- твор выключна мастацкі. І дадае: «І няма чаго шукаць: так -- не так, было -- не было. Магло зусім нічога не быць, а магло быць не толькі тое, пра што напісана». І Шапран, які раней сумняваўся, пагаджаецца з Някляевым, бо «гісторыя, як вядома, не церпіць умоўнага ладу, але калі вядзецца пра раман — а тым больш пра раман Уладзіміра Някляева, — то тут ужо магчыма ўсё». («Камсамольская праўда» ў Беларусі», 2 лютага).

Аддамо належнае гэтаму ліберальна-лісліваму піетэту. Але асмелюся сцвярджаць, што нават у рамане самога Някляева магчыма не ўсё. У свой час Фадзееў спрабаваў апраўдаць гэты метад: «Хаця мае героі маюць сапраўдныя імёны і прозвішчы, я пісаў не сапраўдную гісторыю «Маладой гвардыі», а мастацкі твор, у якім шмат выдуманага і ёсць нават выдуманыя асобы. Раман мае на гэта права».

Не мае!

Тэкст, у якім рэальныя людзі дзейнічаюць у абставінах, у якіх яны ніколі не былі, гэта не раман, а фальшыўка.
Тое, што, уласна, і атрымалася ў Фадзеева пасля шматлікіх дапісванняў і падсачыненняў вобразаў камуністаў.

* * *

Якія адносіны ўсе гэтыя гістарычныя прыклады маюць да рамана Някляева? Непасрэднае!

Дакументальная матрыца, у якой захоўваюцца рэальныя падзеі і асобы Мінска пачатку 60-х гадоў, агаляе механічную, штучную аснову рамана «Аўтамат з газіроўкай», якую можна пазначыць як лялечнасць.
Рухаюцца па сцэне лялькі, сядзіць за шырмай рэжысёр, торгае за нітачкі.
Лялькі нешта гавораць, хахмяць, прыколваюцца. І ўсё жыццё вакол гэтых Вілаў, Асяў, Бігаў, Палкоўнікаў і малалеткі Князя, які да іх далучыўся, падобнае да дзіцячай размалёўкі, лялька-хахмацкае, прыкольнае. Лялькі дурылі міліцыю, бегалі галяком па праспекце.
Але аўтарам самага вялікага прыколу, як піша ў тым жа пасляслоўі Ледзянёў, быў КДБ, «які раптам зляпіў з нас «антысавецкую групоўку».

Смешна… Мы толькі прыколваліся, а яны «раптам зляпілі»…

Лялечнасць апісання вырасла з сутыкнення рэальнасці, той праўды мінскага жыцця пачатку 60-х, якая была насамрэч, і тэкста, які можна было б успрымаць як запозненае на паўвека эпігонства,
калі памятаць пра раннюю прозу Гладзіліна і Аксёнава («Гісторыя адной кампаніі», «Зорны білет»). Можна было б… Калі б не адна рэч.
Насамрэч Някляеву (раманнаму Валодзю-Князю) наўрад ці была вядомае жыццё хадзееўскага гуртка, бо не мог ён быць нават «сынам палка» ў той кампаніі, якую «гадаваў»Хадзееў.
Што супольнага магло быць у пятнаццацігадовага пацана з Смаргоні, які толькі паступіў у тэхнікум сувязі, з такім інтэлектуальным зубром, сябрам Юлія Кіма і Булата Акуджавы, Аляксандра Асаркана і Паўла Уліціна, да таго ж старэйшым за яго больш як у два разы, як Кім Хадзееў?
Што супольнага магло быць у таго ж пацана з чалавекам такой і цяпер не зусім зразумелай біяграфіі (вучыўся тры гады ў сібірскай вайсковай ВНУ, потым у маскоўскім педінстытуце, урэшце стаў студэнтам аддзялення журналістыкі, а не журфака, як сказана ў рамане, філалагічнага факультэта БДУ, па заканчэнні якога, нягледзячы на выключэнне з камсамола быццам бы за ўдзел у хадзееўскім гуртку, быў тым не менш пакінуты ў аспірантуры, а потым па лініі ГРУ адпраўлены на разведвальную работу ў В’етнам), як Віктар Ледзянёў,
з акторам Гарачым, які старэйшы за Някляева на дзесяць гадоў, ды і іншымі людзьмі, якія ўваходзілі ў групу Хадзеева? Гэта былі розныя светы — свет тэхнікумаў і ПТВ і кола Хадзеева.
Раманны Валодзя кажа, што ў яго былі дзве кампаніі. Адна — з простых хлапцоў, таварышаў па тэхнікуме, другая — з гуртка Хадзеева. Але ці была яна, другая кампанія?
Невыпадкова, напэўна, агаварыўся Ледзянёў у пасляслоўі — «хай усё было не так», зрабіўшы ўпор на галоўным дасягненні рамана — «паветры Мінска 60-х гадоў». Эдуард Гарачы ў гутарцы, да якой мы яшчэ вернемся, называе гэтае паветра «духам» і нават «жарам ад печкі», які аўтар «здолеў схапіць», хаця “многага не ведаў” і наагул з прычыны малалецтва толькі «боўтаўся з намі».

* * *

Дык пра што, уласна, гаворка? Пра неадпаведнасць мастацкага тэкста пэўным гістарычным рэаліям? А як быць з правам мастака на пераасэнсаванне рэальнасці, нават на выдумку, што паглыбляе і развівае яе?

Ах, калі б усе прэтэнзіі былі толькі ў тым, што не мог Мікіта Хрушчоў, быўшы ў 1962 г. у Мінску, віншаваць працоўных з 60-годдзем першага зезда РСДРП, паколькі гэтая дата прыпала на 1958 г.; што насамрэч не было так пафасна намаляванага Някляевым чытання вершаў і антысавецкіх прамоваў на прыступках ТЮГа і не мог выступаць там не толькі Хадзееў (які адсядзеў ва Уладзімірскім цэнтрале яшчэ пасля першага арышту ў канцы 1940-х і таму ведаў, як гэта — бадацца з савецкай уладай), але і Вярцінскі з Барадуліным, асцярожныя маладыя паэты, якія толькі рабілі першыя крокі ў літаратуры (іх прысутнасць хаця і не пазначаная ў рамане паіменна, але радасна ўгаданая — не без падказкі, канечне ж, аўтара — Сяргеем Шапранам і, напэўна, не толькі ім).

Калі б справа была толькі ў тым, што ну вось закарцела Някляеву прыдумаць сабе калі не гераічны, дык, канечне, вольналюбіва-рамантычны перыяд біяграфіі. Як жа? Так, быў стылягам! Але і гэта цяпер сыдзе амаль за дысідэнцтва! А ўжо ж з якімі людзьмі кантактаваў — ад Освальда да Эдзі Рознэра! Карацей, грэх быў бы нязначны. Колькі пісьменнікаў панапрыдумвалі сабе біяграфіі!
Ну будзе адным болей. Як кажа сам Някляеў пра свой раман — няважна, у рэшце рэшт, ці так усё было, ці не так.

* * *

«Лужынай на кіліме» назваў Віктар Ледзянёў «усё тое, што прыдумалі з «антысавецкай групоўкай» беларускія гэбэшнікі».

Аказваецца, два гады леніградскіх «Крастоў» і турэмнай вар’ятні Кіма Хадзеева, мардоўскі лагер Эдуарда Гарачага, выключэнні з інстытутаў іншых сяброў хадзееўскага гуртка, паламаныя жыцці — усяго толькі «лужына на кіліме»?
Зрэшты, для аўтара гэтага вызначэння, які спакойна працягваў навучанне ва ўніверсітэце, нягледзячы на выключэнне з камсамола, у якім ён, па ўласным прызнанні, не быў, цалкам магчыма… А вось для іншых… Па словах Э.Н.Гарачага, чатырох з дванаццаці ўдзельнікаў «групы Хадзеева» ўжо няма сярод жывых. Гады тры таму мне пазваніў з Віцебска Сяргей Буткевіч, мужны чалавек, цудоўны журналіст, на долю якога пасля выключэння з універсітэта выпала мноства выпрабаванняў. Ён памёр ад цяжкой хваробы.

* * *

Так, быў Мінск пачатку 1960-х, поўны вясенніх вятроў і спадзеваў, звязаных з хрушчоўскай адлігай, горад маладых пачуццяў, рамантычных настрояў. Але побач жыў і іншы Мінск — паламаных лёсаў, цяжкіх паваенных фобіяў, подлых правакацыяў і стукацтва, цкавання іншадумцаў. І ўсё гэта было не «прыколамі КДБ» і «лужынамі на кіліме», а рэальнай драмай рэальных людзей.
І ў тых падзеяў яшчэ ёсць сведкі.
Але пра гэта не гаворыцца ў рамане Някляева.
Месца занятае лістамі Саламона Маісеевіча ў «інстанцыі» наконт аўтамата з газіроўкай і гісторыяй з выбітым зубам чарнаскурага навучэнца тэхнікума сувязі. Такі выбар аўтара…

«Хто сярод нас стукач?» — вось галоўнае пытанне ўсіх нашых абмеркаванняў. Яго задае і аўтар рамана…» — піша ў пасляслоўі Віктар Ледзянёў. Але калі Віктар Іванавіч Ледзянёў і можа задумвацца над гэтым, то не думаю, што такое права ёсць у аўтара «Аўтамата з газіроўкай». Ён жа ж сапраўды ні пры чым. Хаця, ясная справа, хочацца быць датычным да чагосьці такога, андэрграўнднага, кадэбэшна-дысідэнцкага. Каб біяграфія была больш квяцістай. Што ж тычыцца адказу на само пытанне, то магчыма, яно ёсць у архіве КДБ. У папцы, якая называецца, скажам, там, — «Справа аб антысавецкай групе Хадзеева». Не ведаю, ці выдадуць яе сёння для азнаямлення камусьці, хто цікавіцца гэтай гісторыяй. Зрэшты, калі праўда тое, што былых супрацоўнікаў не бывае, то наўрад ці… Хаця каля дваццаці гадоў таму мне даволі аператыўна выдалі ў Вярхоўным судзе таксама сфабрыкаваную КДБ справу дысідэнта славіста Вячаслава Зайцава. Але тое былі, як казала Ахматава, вегетарыянскія часы, 1993 год, росквіт беларускай дэмакратыі …

* * *

Але пакінем пытанне, хто быў стукачом у «справе Хадзеева», гісторыкам. Мяне ж, як літаратурнага крытыка, больш цікавіць літаратура. І вось думаю: што,

калі б замест збору розных прыколаў і хохмаў, дэманстрацыі сваёй уяўнай блізкасці да забойцы Кенэдзі і ўдзельнікаў тэатралізаванага замаху на Хрушчова ў Мінску, Някляеў напісаў бы раман пра тое, як хлопчык з Смаргоні становіцца паэтам, любімцам улады, камсамольскім лаўрэатам, які ад імя савецкай моладзі выступае на XXV з’езде КПСС, адначасова ўзначальвае часопіс і газету, з’яўляючыся кіраўніком саюза пісьменнікаў, церпіць паразу ў барацьбе за «блізкасць да цела» Гаспадара Беларусі, уцякае за мяжу ад пераследу ворагаў, потым устае на чале “Гавары праўду” – руху, які нікуды не ідзе, ну і далей — Плошча, збіццё, ізалятар КДБ, суд, палітычная слава, якая перавышае літаратурную… Толькі каб без прыколаў. Усю праўду, як быццам бы прынята ў ягоным «руху». Ды за такі раман маглі не тое што «Гедройца» — «Нобеля» даць.
На якога аўтар «Аўтамата з газіроўкай», зрэшты, ужо вылучаўся…

Што да паваеннага Мінска з ягонай экзатычнай тапаграфіяй, у якой змяшаліся даўніна і сталінізм, з ягонымі веснавымі пахамі і рамантычнымі пачуццямі ягоных маладых жыхароў, з ягонымі сапраўднымі драмамі, то, можа быць, чытач знойдзе многае з гэтага ў раманах нябожчыка Аляксандра Станюты «Гарадскія сны» і «Сцэны з мінскага жыцця». Аўтар быў сапраўдным сынам свайго часу і свайго горада.

Я не процістаўляю напісанае Някляевым і Станютам. Гэта проста розныя кнігі. Яшчэ і таму, што адна абавязкова трапіць у ліст прэміі Гедройца.

Дарэчы, ну ніяк не вяжацца ў мяне расфарбаваная псеўдаэкзотыка някляеўскага рамана з імем чалавека, якога ў Польшчы паважана называюць Рэдактар.
У гэтым найменні з вялікай літары выдаўца і публіцыста, які выпускаў пад Парыжам, у мястэчку Мэзон-Ляфіт, часопіс Kultura, што шмат гадоў быў асяродкам польскай, еўрапейскай свабоднай думкі, закладзены вялікі культурны, інтэлектуальны сэнс.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?