Беларусь і Расія ўзгаднілі аб’ём паставак нафты на другі квартал у памеры 5,75 млн тон.

Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута вечарам 12 сакавіка падчас перамоў у Маскве першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі і намесніка старшыні ўрада РФ Аркадзя Дварковіча, паведаміла прэс-сакратар расійскага віцэ-прэм’ера Алія Самігуліна.

«Дамоўленасць аб пастаўках нафты замацаваная ў пратаколе па выніках двухдзённых перамоў.
Аб’ём паставак вызначаўся з улікам чаканага беларускім бокам гадавога аб’ёму 23 млн тон», — зазначыла Самігуліна.

Перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь вядуцца з кастрычніка 2012 года.

Беларусь зацікаўлена ў імпарце 23 млн тон нафты, у той час як Расія заяўляе пра гатоўнасць паставіць 18,5 млн тон.

У канцы снежня 2012 года Расія і Беларусь узгаднілі аб’ём паставак расійскай нафты ў першым квартале 2013 года на ўзроўні 5,75 млн тон.

Раней расійскі бок заяўляў, што аб’ёмы паставак абмяркоўваюцца ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў. У Маскве выказвалі занепакоенасць тым, што Беларусь магла экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, каб ухіліцца ад уплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. Лукашэнка, са свайго боку, заяўляў, што пытанне экспарту растваральнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавага балансу з РФ на 2013 год.

Варта зазначыць, што сустрэча Сямашкі і Дварковіча адбылася за некалькі дзён да перамоў прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, якое пройдзе 15 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу. Чакаецца, што нафтавы баланс на 2013 год стане адной з ключавых тэм абмеркавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?