Легендарны брытанскі хэві-метал гурт Iron Maiden выпусціў уласную марку піва.
Над гатункам элю працаваў бровар Robinsons Brewery, дамовіўшыся з Брусам Дзікінсанам, фронтмэнам Iron Maiden. Эль, з водарам цытрусавых, названы ў гонар адной з песень гурту -- «Trooper». Мацунак напою складае 4,7 градуса.
Этыкетка напою аформлена ў стылістыцы вокладкі сінгла Iron Maiden, на ёй намаляваны фірмовы малюнак гурту: жывы мярцвяк Эдзі ў форме брытанскага салдата часоў Крымскай вайны, які бяжыць у атаку з Юніён Джэкам (брытанскім сцягам) у руках.
Піва «Trooper» будзе прадавацца ва ўсіх аддзяленнях бровару Robinsons Brewery (360 пабаў на паўночным захадзе Англіі і Уэльсе), таксама будзе экспартавана ў іншыя краіны.
Iron Maiden не першы рок-гурт, які выпусціў свой алкагольны напой. У 2011 годзе лінію віна запусцілі AC/DC (пляшка аформлена ў стылістыцы групы), у тым жа годзе гурт Motorhead выпусціў уласны гатунак гарэлкі.