Хорхе Марыё Бергольё з эмблемай любімага футбольнага клуба.

Хорхе Марыё Бергольё з эмблемай любімага футбольнага клуба.

1. Аргенцінскі італьянец

Букмекеры памыліліся. Каго толькі ні называлі сярод фаварытаў заняць Святы Пасад — і італьянцаў, і амерыканцаў, ганца, аўстрыйца, бразільскага немца. Урэшце ж новым Папам упершыню стаў прадстаўнік Паўднёвай Амерыкі. Хорхе Марыё Бергольё прыйшоў у свет у 1936 годзе ў Буэнас-Айрэсе ў італьянскай сям’і. Яго бацька быў рабочым на чыгунцы. Хорхе — наймаладзейшы з пецярых дзяцей у сям’і (гл. сямейнае фота). Апошнія 15 гадоў быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса і прымасам (найвышэйшай духоўнай асобай) Аргенціны. Менавіта ён мадэрнізаваў Касцёл Аргенціны, які яшчэ зусім нядаўна лічыўся найбольш кансерватыўным. Выбар паўднёваамерыканца зусім не назавеш выпадковым. Менавіта ў гэтым рэгіёне колькасць каталікоў сярод усяго насельніцтва найбольшая.

2. Езуіт

У 1958 годзе Бергольё ўступае ў манаскі ордэн езуітаў. Найчасцей гэты ордэн асацыююць з контррэфармацыяй. Езуіты з сваім вучэннем ехалі па ўсім свеце — у Афрыку, у Кітай. Шмат іх было і ў Беларусі. Дзякуючы ордэну паўставалі навучальныя ўстановы, найлепшыя для таго часу. Ордэн лічыўся адным з найбольш інтэлектуальна моцных. За 450-гадовую гісторыю існавання езуіты далі Касцёлу 44 святых і 34 кардыналаў. Але папаў-езуітаў яшчэ не было ніколі. Сёння езуіты не настолькі магутныя, як некалі. У Беларусі яны прысутнічаюць, але не самыя заўважныя.

3. Сціплы

Кажуць, што ён вельмі сціплы чалавек у быце. Жыў у маленькай кватэры, а яшчэ раней — у пакоі, які абаграваўся печкай, сам гатаваў сабе ежу, ездзіў на грамадскім транспарце. Калі лётаў у Рым, то толькі ў эканом-класе. У Бергольё толькі адно лёгкае, другое страціў яшчэ дзіцем падчас рэспіраторнага захворвання.

4. Геі, аборты, эўтаназія

Бергольё лічыцца не самым жорсткім кардыналам. Часта яго нават заносяць у «ліберальны лагер». Ліберальны, вядома, у каталіцкім успрыманні. Але найбольш правільна яго назваць усё ж «умераным». Чалавекам, які можа задаволіць абодва бакі. Бергольё заклікаў духавенства і паству выступіць супраць абортаў і эўтаназіі. Ён пацвердзіў царкоўнае вучэнне па асуджэнні гомасэксуалізму, хоць і заклікае не зневажаць гомасэксуалістаў. Ён рашуча выступае супраць заканадаўства, уведзенага ў 2010 годзе ўрадам Аргенціны, якое дазваляе аднаполыя шлюбы. Бергольё быў сярод найбольш рэальных кандыдатаў у 2005 годзе. Паводле некаторых крыніц, менавіта ён заняў другое месца пры галасаванні пасля Ёзэфа Ратцынгера.

5. Крымінальная справа

У 2005 годзе супраць кардынала Бергольё спрабавалі завесці крымінальную справу. Яго абвінавачвалі ў дамоўленасці з хунтай у 1976 годзе падчас «бруднай вайны», каб скрасці двух святароў-езуітаў. Гэтым святарам Бергольё прапанаваў пакінуць службу, каб не нерваваць улады. У той час як ксяндзы заклікалі да звяржэння ўлады. Але ніякіх доказаў віны Хорхе Бергольё не было. Але нездольнасць ці нежаданне супрацьстаяць вайсковай хунце 1976–1983, часта ставяць у дакор Бергольё.

6. Новае імя

Гэта першы папа-лацінаамерыканец, першы — папа-езуіт, першы — папа з імем Францыск (Францішак). Такое імя найперш звязваюць з Францішкам з Асізі. Той быў вядомы сваім аскетычным ладам жыцця. Ён быў заснавальнікам ордэна францысканцаў. Таму многія мяркуюць, што Папа Францыск найперш будзе змагацца з беднасцю, гэта будзе галоўнай ягонай задачай падчас пантыфікату. Хаця Бергольё якраз нярэдка і папракалі тым, што ён недастаткова шмат увагі надзяляе пытанням сацыяльнай справядлівасці.

7. «Сан-Ларэнца» і Дастаеўскі

Любімымі пісьменнікамі Бергольё называе сваіх суайчыннікаў Хорхе Луіса Борхеса і Леапольда Марэчаля, а таксама класіка расійскай літаратуры Фёдара Дастаеўскага.

Новы Папа — вялікі аматар футболу. Цікава, што заўзее ён не за звышпапулярныя ў Аргенціне «Бока Хуніёрс» ці «Рывер Плэйт», а за клуб «Сан-Ларэнца». Ён імкнецца не прапусціць ніводнага матча любімай каманды, нават гульня праходзіць на выездзе. Цяпер гэта будзе зрабіць цяжэй.

Каманда «Сан-Ларэнца» названая ў гонар святога Лаўрэнція, а таксама каталіцкага святара Ларэнса Масы, які дапамагаў клубу. «Сан-Ларэнца» — дзесяціразовы чэмпіён Аргенціны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?