17.03.2013 / 09:49

«Мужа збіла аўто, і сын перастаў выходзіць на вуліцу» 15

Жыццё сталічнай сям’і перакрэсліў выпадак.

Джыпер Сцяпан Трубачоў 16 снежня вяртаўся са спаборніцтваў па джып-трыале. На МКАД спыніўся, каб выцягнуць з кювета чужое аўто. Калі размотваў буксіровачны трос, трапіў пад колы іншай машыны: «Форд» на галалёдзе занесла і кінула на Сцяпана.

Засталіся жонка з хворым сынам. Пакуль быў жывы Сцяпан, ён і забяспечваў сям’ю. Цяпер яны маюць патрэбу ў дапамозе.

«НН» пагаварыла з Наталляй Трубачовай.

«Наша Ніва»: Што з Вашым сынам?

Наталля Трубачова:

Сцяпанку 13 гадоў і ён аўтыст, які не размаўляе. Ён хлопчык вялікі і высокі. І калі пачынаюцца праблемы з малымі — адно, калі падлетак скандаліць — іншае.

Раней мы хадзілі ў карэкцыйны клас з іншымі дзецьмі. Але нашы паводзіны пачалі пагаршацца, і давялося перайсці на індывідуальныя заняткі. Мы трымаліся рэкамендацый медыкаў, але гэта не давала выніку. І немагчыма было вызначыць што і як, паколькі сын не размаўляе і не паказвае, дзе баліць. Па паводзінах даводзілася вызначаць. А пасля лекаў па карэкцыі паводзінаў ён станавіўся прыглушаным, але з тымі ж праблемамі. Мы не ведалі, што рабіць.

«НН»: І няма надзеі на выздараўленне?

НТ: Сцяпан знайшоў інфармацыю пра біямед (альтэрнатыўны метад лячэння).

Аўтызм — не столькі псіханеўралагічнае захворванне, а парушэнне працы ўсіх сістэм: і страўнікава-кішачнага тракту, і імунітэт па-іншаму працуе.
Методыка развітая за мяжой, а ў нас спецыялістаў няма. Можна кансультавацца асобна з гастраэнтаролагам, асобна з гематолагам, неўролагам... А тут працэсы ўзаемазвязаныя. Даводзіцца самім ва ўсім разбірацца.

Адзін са складнікаў сістэмы біямеду — дыета. Трэба пэўныя прадукты: не ўсё ў нашай краіне можна знайсці, многае нятанна. Але гэта пачало даваць паляпшэнне. І мы сышлі нарэшце ад псіхакарэктараў (неўралептыкаў). І дзіцяці стала лягчэй.

А пасля смерці Сцяпана мы засталіся адны. Я не магу Сцяпанку вывесці на вуліцу. Да трагедыі ён у асноўным гуляў з татам. Праз паўтара тыдні пасля трагедыі ён выйшаў. І зноў замкнуўся.

«НН»: Сын замкнуўся праз смерць таты?

НТ: Паколькі ён не размаўляе, немагчыма вызначыць. Так здавалася. Ён глядзеў у акно, выглядаў татаву машыну. Было заўважна, што гэта чаканне. Ён спакойны, усміхаецца, займаецца сваімі рэчамі, але адмаўляецца апрануцца і выйсці.

«НН»: Ці шмат людзей ужо адгукнулася на просьбу дапамагчы?

НТ: Сцяпан, канечне, быў чалавекам камунікабельным. Але я не ўсведамляла, якая колькасць лю-дзей адгукнецца. Я ўсім дзякую за ўдзел у нашым лёсе.

«НН»: Вам патрэбная дапамога не толькі матэрыяльная. У чым маеце яшчэ патрэбу?

НТ:

Патрэбна дапамога людзей, хто мог бы прыглядзець за сынам. Каб гэта былі канкрэтныя людзі: бо кожны раз тлумачыць спецыфіку нашага жыцця цяжка. Па кватэры дапамога трэба. Усё надта спецыфічнае: нават закупка прадуктаў...

«НН»: Колькі вы пражылі са Сцяпанам у шлюбе?

НТ: Летась 20-годдзе адзначылі. Мы пазнаёміліся ў студэнцкім атрадзе. Абое мінчукі. Я вучылася на прыкладной матэматыцы ў БДУ, а Сцяпан у радыётэхнічным інстытуце. Пачатак 1990-х. Мы, скажам так, былі аматарамі рамантыкі: ездзілі на Поўнач. І калі збіралі атрад тынкоўшчыц для працы ў Цюмені, нам патрэбныя былі некалькі хлопцаў для фізічнай працы. Мы знайшлі двух, адным з іх быў Сцяпан.

У нас студэнцкі шлюб. Доўга станавіліся на ногі. Сцяпан пачаў захапляцца камп’ютарамі, стаў спецыялістам.

«НН»: А з чаго пачалося ў яго захапленне джыпамі?

НТ: Некалькі гадоў таму ён пачаў ездзіць як глядач на спаборніцтвы па джып-трыале. Захацеў сам паспрабаваць. І калі купляў новую машыну, гэта быў джып. Хутка ўцягнуўся і стаў адным з арганізатараў спаборніцтваў. Ён заўсёды адгукаўся на просьбы дапамагчы. Як і ў той раз адбылося…

«НН»: Жанчына, што збіла Сцяпана, звязвалася з Вамі?

НТ:

У мяне было шмат праблем з пераходам на «новыя рэйкі», і я не бачылася з ёй. Але літаральна днямі мы дамовіліся сустрэцца і пагаварыць.

«НН»: Суд быў?

НТ: Справу перадалі ў суд, але я позву не атрымлівала. Следчы прыязджаў да нас, хацеў дапытаць Сцяпанку — сын жа быў у машыне падчас трагедыі. І я ездзіла забіраць яго з месца ДТЗ…

Сцяпан быў цудоўным бацькам. Здараецца, што мужчынам цяжэй перажыць, калі з дзіцём нешта не так. Часам мамы застаюцца адны. А Сцяпан моцна любіў Сцяпанку, стараўся, каб сын жыў паўнавартым жыццём: вазіў на спаборніцтвы з сабой. Муж шмат ведаў па лячэнні сына. Спецыялістаў шукаў, чытаў замежную літаратуру па-англійску. А цяпер усё на мне. Пакуль не ведаю, як будзе далей, як арганізаваць наша жыццё, каб усё паспець.

Пералічыць ахвяраванні сям’і джыпера можна на наступныя рахункі:

Беларускія рублі:

ЗАТ «Мінскі транзітны банк»

МФА 153001117, УНП 100394906

Рахунак: 3014900105848,

Атрымальнік: Трубачова Наталля Канстанцінаўна

Прызначэнне: аказанне сацыяльнай дапамогі дзіцяці-інваліду.

Даляры ЗША:

Joint-stock company «Minsk Transit Bank» (JSC «MTBank»)

SWIFT: MTBKBY22

Address: 6-a, Partizansky Av., 220033 Minsk, Republic of Belarus

Рахунак: 3014900105835

Атрымальнік: Trubachova Natalya

Прызначэнне: аказанне сацыяльнай дапамогі дзіцяці-інваліду.

WEB-MONEY:

Даляры Z277128411448,

Еўра E365617761171,

Расійскія рублі R210173023192,

Беларускія рублі B520830698850.

Яндэкс-грошы:

Нумар рахунка 410011701648877.

Гутарыў Сяргей Макарэвіч

0
Толя / Адказаць
17.03.2013 / 10:09
Отправил 5 WMZ, мелоч, но надеюсь, что поможет, поправляйся!
0
Алекс / Адказаць
17.03.2013 / 16:31
Трэба дапамагчы. Столькі выпрабаванняў у жыцці на сям'ю выпала.
0
123 / Адказаць
17.03.2013 / 18:37
Для редактора НН : из Википедии " Хотя у некоторых детей-аутистов также могут отмечаться симптомы нарушения работы желудочно-кишечного тракта, в научных публикациях нет уверенных доказательств теории, предполагающей повышенную частоту или особый характер таких проблем у аутистов.[36] Результаты исследований разнятся, и связь проблем пищеварения с расстройствами аутистического спектра остаётся неясной.[3]" У Вас в статье противоположное: " Аўтызм — не столькі псіханеўралагічнае захворванне, а парушэнне працы ўсіх сістэм: і страўнікава-кішачнага тракту, і імунітэт па-іншаму працуе. Методыка развітая за мяжой, а ў нас спецыялістаў няма. Можна кансультавацца асобна з гастраэнтаролагам, асобна з гематолагам, неўролагам... А тут працэсы ўзаемазвязаныя. Даводзіцца самім ва ўсім разбірацца." Как это понять ?
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру