Аляксандру Лукашэнка трэба стрымаць сваё раней дадзенае абяцанне і адмовіцца ад празмерных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
Пра гэта заявіў лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў 14 сакавіка на пасяджэнні круглага стала на тэму наступстваў рэферэндуму 1996 года.

«Я памятаю заявы Лукашэнкі, што дадатковыя паўнамоцтвы прэзідэнта яму патрэбныя толькі на час нестабільнасці, цяжкага эканамічнага становішча. Сёння ён заяўляе, што наша краіна стабільная, як ніякая іншая. Значыць, неабходнасць у канстытуцыйных змяненнях, якія былі зробленыя на рэферэндуме, ужо адпала», — сказаў Някляеў.

Ён выказаў меркаванне, што пытанне пра неабходнасць шырокіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў можна было б вынесці на рэферэндум ці хоць бы правесці адпаведную інфармацыйную кампанію.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў адзначыў, што арганізацыя і правядзенне рэферэндуму ў Беларусі даволі цяжкія з пазіцыі заканадаўства. «Спачатку трэба сабраць ініцыятыўную групу, сфармуляваць пытанні, накіраваць іх ЦВК, па іх зробяць заключэнні Мінюст і пракуратура. І толькі пасля гэтага ЦВК прымае рашэнне, даць ці не згоду на збор подпісаў у памеры 450 тысяч. Але інфармацыйная кампанія ў гэтым плане можа мець вельмі станоўчы вынік», — сказаў ён.

Пастухоў мяркуе, што цяпер самае галоўнае пытанне, якое павінна хваляваць грамадства і кожнага грамадзяніна, — гэта «пытанне пра захаванне суверэнітэту Беларусі ва ўмовах працягу інтэграцыі ў складзе Мытнага саюза і Еўразійскага саюза, які павінен пачаць функцыянаваць з пачатку студзеня 2015 года і ў выніку чаго Беларусь можа растварыцца на расійскіх абшарах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?