Папа Францішак звярнуўся да вернікаў са сваёй першай нядзельнай казанню і малітвай Angelus Dei («Анёл Гасподні»). Паслухаць пантыфіка на плошчы перад саборам Святога Пятра сабраліся каля 150 тысяч чалавек.

Папа, звяртаючыся да вернікаў, замест таго каб прачытаць загадзя напісаную прамову, прамаўляў «без паперкі».

У сваёй гаміліі Францішак нагадаў, што пачуццё міласэрнасці змяняе свет, а таксама заклікаў вернікаў памятаць, што Госпад, які заўсёды даруе, «ніколі не стоміцца» гэтага рабіць.

Пасля казані Папа папрасіў вернікаў маліцца за яго, а таксама пажадаў «добрага нядзельнага дня і смачнага абеду».

Да таго як пантыфік звярнуўся да прысутных на плошчы, ён адслужыў сваю першую нядзельную імшу ў невялікай прыходскай царкве ў Ватыкане, а не ў саборы Святога Пятра.

У канцы нядзельнай імшы ён развітваўся з людзьмі, якія пакідалі царкву, як просты прыхадскі святар, просячы многіх з іх памаліцца за яго, а затым здзейсніў шпацыр уздоўж ватыканскіх сцен.

Пазней, усяго праз некалькі хвілін пасля малітвы Angelus, Францішак адправіў сваё першае паведамленне ў Twitter: «Дарагія сябры, я дзякую вам ад усяго сэрца і прашу працягваць маліцца за мяне. Папа Францішак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?