Чарговы раз папулярны партал Onliner узяўся пісаць на такую вузкаспецыяльную тэму, як транслітарацыя беларускіх уласных імёнаў. Нагодай стаў пазычаны ў СТВ сюжэт, у дзе паказаная спадарыня Valantsina Hryhoryeva з Мінска, якая лічыць, што ў лацінскім напісанні яе прозвішча ў пашпарце зробленыя чатыры памылкі. Але, як часта бывае з артыкуламі на мовазнаўчыя тэмы на папулярных парталах, найбольш цікавым стаў не сам артыкул, а каментары да яго, якія трапілі ва ўжо знаёмае рэчышча «правильно по-английски».

Якая транслітарацыя лепшая?

Стаўленне значнай часткі беларусаў да ўласных назваў цалкам адпавядае выказванню Аляксандра Лукашэнкі «В мире существует только два великих языка — русский и английский». То бок правільная транслітарацыя — транслітарацыя расійскай формы імені і прозвішча на ангельскую мову. Таму некаторыя і хочуць напісання Olga, а не Volha, і Sergey, а не Siarhei, у пашпартах.

Не варта падрабязна затрымлівацца на тэме існай сістэмы транслітарацыі для пашпартоў, бо не так даўно быў апублікаваны артыкул Ірыны Гапоненка «Што такое беларуска-англійская лацінка?», у якім падрабязна разглядаюцца недахопы гэтай сістэмы.

Хочацца звярнуць увагу толькі на тое, што Інстытут мовазнаўства АН Беларусі яшчэ ў пачатку пашпартызацыі ў 1994 годзе прапаноўваў сістэму транслітарацыі на аснове беларускай лацінкі (якая цяпер зацверджаная для тапонімаў), аднак МУС спынілася на «ангельскім» варыянце.

Фактычна сітуацыю можа змяніць толькі прыняцце такой, нацыянальнай, не арыентаванай на нейкую канкрэтную мову (напрыклад, ангельскую) сістэмы транслітарацыі. І з вялікай працай па папулярызацыі і данясенні сутнасці да грамадзянаў.
Толькі тады напісанне ўласных імёнаў будзе адпавядаць цывілізаванай практыцы. У выпадку ж прымянення сістэмы транслітарацыі на ангельскую ўсё адно захаваецца варыянтнасць, калі грамадзяне будуць хацець напісання ў пашпарце, як настаўніца ў школе навучыла сшытак падпісваць, і спрачацца: кірылічнае «у» па-ангельску трэба пісаць як «u», «ou» або «оо»…

Прыклад жа добрай сістэмы, але без папулярызацыі, ужо маем з геаграфічнымі назвамі, калі большасць не разумее сутнасці.

Ці варта даваць грамадзянам магчымасць самастойнага выбару формы транслітарацыі ў пашпарце?

І так, і не… Рэч у тым, што ў пэўных выпадках адрознае ад агульнапрынятага ў пэўнай краіне напісанне імя і прозвішча ў дакументах — цалкам матываванае. Напрыклад, у выпадку прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. У многіх краінах Еўропы даволі актыўна абмяркоўваецца гэтае пытанне. Найбольш вядомая сітуацыя — уласныя імёны палякаў у Літве. У Беларусі гэтаму пытанню пакуль не надаецца значэння, але трэба памятаць, што Беларусь не монаэтнічная дзяржава, адпаведна, пытанне раней ці пазней паўстане. Натуральна, што, напрыклад, грамадзяне Беларусі, расіец па нацыянальнасці Іваноў або паляк Кавалеўскі, маюць права патрабаваць напісання Ivanov і Kowalewski адпаведна.

Таксама адступленне ад агульнага стандарту транслітарацыі можа быць патрэбным у выпадку шлюбаў з іншаземцамі. Бо, напрыклад, нямецкае прозвішча мужа ў беларускім пашпарце жонкі ў выпадку транслітарацыі на лацінскі алфавіт з беларускай мовы будзе зусім іншым прозвішчам.

Але ці варта даваць магчымасць самастойнага напісання амаль усім грамадзянам?
Неяк не вельмі пераканаўча ў афіцыйнай сферы выглядаюць такія прычыны, як «амерыканцы не могуць правільна прачытаць», «не падабаецца напісанне» або «ў школе на ангельскай мове не так вучылі». Дазвол, які дзейнічае цяпер, насамрэч стварае бардак у гэтай сферы. Грамадзяне лічаць, што ведаюць, як правільней па-ангельску, ім дазваляюць так напісаць у пашпарце, праз што ўзнікае мноства формаў тых самых імёнаў, напрыклад, Yuryi, Yurii, Yuri, Yuriy, Youri, Siarhei, Siarhiej, Sergei, Sergey, Serguei, Yulia, Yuliya, Yuolia, Iulia, Julia…

Роля навукоўцаў і адукацыі

Карані ўпэўненасці грамадзянаў у неабходнасці транслітарацыі менавіта на ангельскую мову, мабыць, трэба шукаць у сістэме адукацыі. На занятках ангельскай у школах і ВНУ вучні і студэнты даведваюцца пра асноўныя прынцыпы транслітарацыі кірыліцы на ангельскі варыянт лацінскага алфавіта, але нічога не ведаюць пра прынцып арыгінальнага напісання іншамоўных уласных назваў у гэтай жа мове. Адпаведна, па-за ўвагай застаецца досвед іншых краінаў, калі французскія, італьянскія, нямецкія, польскія, літоўскія, чэшскія, сербскія і іншыя ўласныя імёны ніколі не транслітаруюцца на ангельскую.

Атрымліваецца замкнёнае кола: выкладчыкі ў лінгвістычных і педагагічных ВНУ не расказваюць пра арыгінальнае напісанне, потым гэтага не ведаюць перакладчыкі і настаўнікі… Дык адкуль жа будзе ведаць сярэднестатыстычны грамадзянін?

Але, на жаль, не толькі паслядоўнікі канцэпцыі «двух великих языков» імкнуцца да «правильного по-английски» напісання сваіх імёнаў. Некаторыя нацыянальна арыентаваныя беларусы вынаходзяць «ангельскія» адпаведнікі для беларускіх формаў імёнаў. Напрыклад, на фэйсбуку можна сустрэць такія экзатычныя імёны, як Siarzhook, Youras і інш. І гэта ў адукаваных беларусаў, што не можа не выклікаць здзіўлення. Няўжо спадары не ведаюць пра арыгінальнае напісанне ўласных назваў у ангельскай мове або не ведаюць пра беларускую лацінку? А то неяк не верыцца, што ў профілі на фэйсбуку пашпартыстка пісала…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?