Нас вельмі непакоіць той факт, што ў нашай краіне працягваецца неаб’яўленая вайна супраць моладдзі — самых актыўных прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, адважных змагароў за нацыянальнае адраджэнне.

За акрэсленную грамадскую пазіцыю і ўдзел у акцыях салідарнасці юнакоў кожны тыдзень затрымліваюць, цягаюць па пастарунках, судзяць па сфальсіфікаваных пратаколах за «нецэнзурную лаянку» або дробнае хуліганства.

Самых светлых, адукаваных і таленавітых юнакоў і дзяўчат выключаюць з універсітэтаў, падвяргаюць вобшукам, кідаюць у турмы. Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі ўрываюцца ў прыватныя кватэры, робяць вобшукі, пераследуюць на вуліцы, праслухоўваюць тэлефонныя размовы, дапытваюць моладзь у навучальных установах, аказваюць псіхалагічны ціск, пераследуюць бацькоў актывістаў і звальняюць іх з працы.

За масавыя акцыі з нацыянальнымі сцягамі, нашэнне нацыянальнай сімволікі, імкненне размаўляць на роднай мове моладзь пераследуюць і караюць па месцы навучання, не дапускаюць да іспытаў, выганяюць з інтэрнатаў.

Моладзевыя лідэры Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч знаходзяцца ў зняволенні. Рэжым пераследуе нават непаўнагадовых, сярод якіх Анастасся Палажанка і Іван Шыла. На працягу мінулых тыдняў ў Менску былі арыштаваныя 15 юнакоў.

Зноў за кратамі апнуліся Павал Севярынец, Аляксей Шэін, Зміцер Хведарук.

На 15, 10 і 7 сутак зняволення на Акрэсціна асуджаны — Аляксей Шыдлоўскі, Аляксандр Чарнышоў, Валянцін Сакалоўскі, Уладзімір Сяргееў, Кірыл Мацкевіч, Сяргей Клюеў.

Моладзевым арганізацыям «Малады Фронт» і «Маладая грамада» адмоўлена ў рэгістрацыі.

КДБ робіць новы напад на «Малады фронт». У суд перададзена справа салігорскага маладафронтаўца Івана Шылы. Івану — 16 гадоў, ён з’яўляецца вучнем сярэдняй школы. У мінулым годдзе ён разам з сябрамі прымаў удзел у галадоўцы пратэсту.

Паўторная крымінальная справа заведзена на Анастассю Азарку, Нясвіжскую актывістку. Дзяўчына, якая скончыла педагагічны каледж, любіць беларускую мову, літаратуру, захапляецца паэзіяй, не можа ўладкавацца на працу. Ёй прыходзіцца перабівацца на часовых заробках. Яе ўвесь час трымаюць пад кантролем органы міліцыі, ходзяць за ёй следам, прыцягваюць да адказнасці, як толькі ў горадзе з’яўляюцца ўлёткі апазіцыйнага характару. Дома ў Насты некалькі разоў адбываліся ператрусы. Зараз Наста зноў находзіцца пад крымінальнай справай. Анастасся Азарка ў «Маладым Фронце» ужо 10 год. Яе дзядуля з бабуляй сядзелі ў сталінскіх лагерах і там пазнаёміліся з беларускімі патрыётамі. Наста ўдзельнічала ў шматлікіх акцыях, дапамагала ў падрыхтоўцы выдання кнігі П. Севярынца «Нацыянальная ідэя».

Пад крымінальнай справай знаходзіцца Баранавіцкі актывіст «Маладога Фронту « 18‑гадовы Яраслаў Грышчэня. Пасля заканчэння базавай школы ён займаўся ў будаўнічым вучылішчы. Далучыўся да актыўнай дзейнасці «Маладога фронту», на працягу 4 гадоў браў удзел у працы Баранавіцкай філіі моладзевай арганізацыі. Быў на Майдане ў час украінскіх выбарах у 2004 годдзе. За гэта быў выключаны з навучальнай установы, перавёўся ў мастацка‑рэстаўрацыйнае вучылішча. Прымаў удзел у выбарчай кампаніі і намётавым мястэчку ў 2006 годдзе, пасля гэтага быў зноў выключаны з вучобы. У 2007 годдзе на рашучага і моцнага маладафронтаўца заведзена крымінальная справа.У лютым пасля ператруса на кватэры актывіста ў яго быў канфіскаваны кампьютар.

Хлопцы і дзяўчаты не могуць спакойна сядзець дома пакуль дыктатура вядзе наступ на правы грамадзян. Яны ладзяць акцыі пратэсту, развешваюць сцягі і партрэты палітвязняў, наносяць палітычныя графіці, рызыкуючы страціць вучобу і працу.

Мы заклікаем усіх свядомых грамадзян падняцца ў абарону моладзі, якая ідзе ў авангардзе змагання.

Мы патрабуем спыніць пераслед грамадскі актыўнай моладзі!

Не — новым судам над маладафронтаўцамі!

Не — расправам над непаўнагадовымі юнакамі!

Не —пераследу маладых патрыётак!

Мілінкевіч А. У.палітык
Вячорка В.Р. палітык
Статкевіч М. В. палітык.
Содаль У. І. літаратуразнаўца
Барадулін Р.І. народны паэт Беларусі,
Якавенка В. Ц. пісьменнік.
Скрабец С.М. былы палітвязень
Сабіла Э.К. былы рэпрэсаваны пастар
Дранчук Ц.В. былы палітвязень.
Каспяровіч З.А. былы палітвязень
Браніцкая Э. В. былая палітзняволеная
Кулей І.Ф. грамадскі дзеяч
Міхалевіч А.А. палітык
Мазынскі В.Я. рэжысер,
.Ваніна Т. журналістка
Севярынец Т.Я. маці палітзняволенага
Гарэцкая Э.І маці рэпрэсаванага
Кароль А.П. маці рэпрэсаванага
Салаўева А. Г.
Кандрашэвіч А. А.
Косенок Л.С.
Цярэшкава Е А.
Кавалева І.В.
Шутава В. В.
Шычко В. І.
Карповіч Я.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0