Калісьці беларусы былі язычнікамі, дзецям давалі свае мясцовыя паганскія імёны. Потым наданнем імёнаў займалася царква: прынёс хрысціць дзіця — атрымаў ад папа імя ў гонар нейкага святога. Бывала, што мясцовая арыстакратыя часам мела тры імені: паганскае (дадзенае бацькамі пры нараджэнні), праваслаўнае і каталіцкае (якія давалі гэтыя цэрквы пры пачарговым хрышчэнні ў кожнай з іх).

З часам беларусы страцілі мясцовыя імёны ўласныя, іх замянілі праваслаўныя (званыя «рускімі») і каталіцкія (званыя «польскімі»).

Цяпер народ цяпер дае дзецям імёны, не лічачыся з думкай царквы на гэты конт. Часта бывае, што пры хрышчэнні ўжо названым дзецям святары даюць яшчэ адно хрысціянскае імя — хроснае.

Між тым імя — гэта канал сувязі са светам продкаў.
Продкі захоўваюць з намі пастаянную сувязь, як папярэдняе звяно ланцуга ўтрымлівае наступнае. У беларусаў культ продкаў — адзін з самых моцных і ўплывовых: мы маем два дні памінання у годзе — Дзяды і Радаўніцу («шчаслівы той, каму продкі спрыяюць»). Носячы чужыя імёны, мы перастаем быць гаспадарамі гэтых каналаў сувязі.
Па-другое, імя — гэта маркёр і мяжа ў сістэме «свой-чужы» ва ўзаемаадносінах нацый і народаў.
Імя акцэнтуе нацыянальную прыналежнасць. Нават невялікія народы імкнуцца прытрымлівацца свайго імені або выкарыстоўваць пазычаныя ў сваёй транскрыпцыі, каб вылучаць сябе з агульнай масы. Латыш Андрыс, паляк Анджэй ці грузін Андро, нават жывучы ў Расіі, ніколі не назавуць сябе Андреем, хоць, па сутнасці, гэта адно і тое ж старагрэчаскае імя апостала. Беларус Андрэй, як і абсалютная большасць беларусаў, не задумваючыся, называе сябе на рускі манер, выкарыстоўваючы беларускую транскрыпцыю толькі ў дзяржаўных паперах. Беларусы разам з мовай страцілі ўласныя імёны, размыўшы мяжу паміж сабой і расійцамі. Цяпер толькі спецыфічныя прозвішчы могуць указаць на беларускае паходжанне.

Як нам быць і што рабіць?

Па-першае, самастойна, не чакаючы дапамогі дзяржавы, а магчыма, і насуперак ёй пераходзім на беларускую транскрыпцыю ўласных імёнаў. У пашпарце і іншых дзяржаўных паперах у графе «ФИО» на рускай мове нашы імёны і імёны нашых дзяцей павінныя пісацца ў нашай, беларускай манеры: Андрэй, Змицер, Микалай, Алена, Ирына, Кацярына.
Пры гэтым неабходна прадстаўляцца беларускім імем і настойваць, каб навакольныя называлі вас менавіта так, як вы прадстаўляецеся, — без пераскоку на расійскія аналагі. Менавіта так зрабіў Васіль Быкаў, і ні ў кога не ўзнікае думкі назваць яго Василием.
Па-другое, трэба вяртаць у шырокі ўжытак мясцовыя варыяцыі хрысціянскіх і дахрысціянскіх імёнаў: Ян, Тадэвуш, Алесь, Яніна, Паўліна, Ядвіга, Рагнеда, Багуміл, Дружыла, Ярыла, Зора, Мілавіца.

Па-трэцяе, удыхнуць новае жыццё ў нашыя мясцовыя дахрысціянскія імёны, у першую чаргу імёны нашых старажытных уладароў і герояў, якіх нам расійска-савецкая каланіяльная гістарыяграфія падавала як «чужынскiя». Міндоўг, Альгерд, Вітаўт — мы павінныя з гонарам называць дзяцей імёнамі вялікіх літвінаў, дзякуючы якім мы сёння — самастойная нацыя. Тым больш што гэтыя імёны, цудам захаваныя гісторыяй, нясуць тыя ключавыя кадоўкі, якія лучаць нас са старажытнымі роднымі багамі і сакральным светам, якім жылі нашы продкі да хрышчэння.

Пакуль народ носіць свае імёны, ён непераможны!
Усяслаў Чарадзей супрацьстаяў усёй Кіеўскай Русі, пакуль пакланяўся багам роднай зямлі. Вялікае Княства Літоўскае ад Міндоўга да Вітаўта жыло і перамагала, пакуль мела сваю родную этнічную рэлігію і насіла свае этнічныя імёны.

За намі выбар — застацца самімі сабой і ствараць уласную нацыянальную будучыню альбо пакінуць арэну гісторыі, зрабіўшыся будаўнічым матэрыялам для чужых нацпраектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?