23.03.2013 / 01:38

Машэраў эміграваў з Беларусі 26

Чаму ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» няма кнігі пра Пятра Машэрава? Піша Анатоль Сідарэвіч.

Пятро Машэраў падчас святкавання 30-годдзя Перамогі. Мінск, 1975.

Гэтую зацемку пачну, як пачыналі аўтары старое даты.

Ці заўважылі вы, шаноўныя чытачы, што ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» няма кнігі пра вядомага палітычнага дзеяча Пятра Машэрава? Пра выдатнага дзяржаўнага дзеяча, пісьменніка і абаронцу нашай маралі Мікалая Чаргінца кніга ёсць, а пра Пятра Машэрава — няма.
Гэтае адкрыццё я зрабіў у Нацыянальнай бібліятэцы, калі сярод новых паступленняў убачыў кнігу «Сын белорусского народа Пётр Машеров. К 95-летию со дня рождения Воспоминания и статьи».
Кніга — важкі том вялікага фармату — выйшла зусім нядаўна пад грыфам рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Масквы». Выйшла як навуковае выданне. Выйшла ў Маскве.

Асаблівасцю гэтага тома можна назваць тое, што перад кожным тэкстам пра Пятра Машэрава даецца здымак і біяграма аўтара гэтага тэксту. Такое я сустракаю першы раз. Як помніцца, раней звесткі пра аўтараў зборнікаў друкаваліся ў канцы кніг.

Сярод аўтараў новай кнігі — акадэмікі Мікалай Барысевіч, Яўген Бабосаў, Іван Ліштван, Пятро Нікіценка (Акадэмія навук за Машэравым прырастала новымі інстытутамі), касманаўт Пётр Клімук, паэт Генадзь Бураўкін, кампазітар Ігар Лучанок, былы член палітбюро і сакратар ЦК КПСС Ягор Лігачоў, былы старшыня Савета Міністраў БССР Аляксандр Аксёнаў…

У кнізе маецца пералік дакуменальных фільмаў пра Пятра Машэрава — усяго 5 назваў, у тым ліку — «Забіць рэфарматара!», «Крамлёўскія пахаванні. Пётр Машэраў», «Гібель Машэрава: навошта патрэбныя фальсіфікацыі?», «Гібель Машэрава. Аўтакатастрофа па сцэнарыю?». Я не гляджу тэлебачанне, а вельмі цікава, ці паказвалі гэтыя фільмы ў Беларусі.

Маецца ў кнізе і пералік найбольш грунтоўных публікацый пра Пятра Машэрава.

У 2000 годзе у Гродне выйшла біяграфічная аповесць Вольгі Пранько (у дзявоцтве Машэрава) «Сям’я Машэравых», у якой аўтарка апавядае пра сваіх бацькоў (Мірона і Дар’ю Машэравых), братоў і сясцёр — Матруну, Паўла, Пятра і Надзею.

Упарта над тэмай працуе Славамір Антановіч. Ягоная дакументальная аповесць «Пётр Машэраў» выходзіла двойчы: у 1993-м (282 старонкі) і ў 1998 годзе (350 старонак). Нейк я не заўважыў, што аповесць перарасла ў гістарычны раман «Пётр Машэраў: Жыццё. Лёс. Памяць». Не буду тут запыняцца на пытанні, ці сапраўды Славамір Антановіч напісаў раман, але мушу адзначыць што гэты салідны том (398 старонак вялікага фармату) выдадзены амаль два гады назад — у 2011-м. І таксама ў Маскве.

Нельга параўноўваць мінскія і маскоўскія выданні пра Пятра Машэрава: зямлю і неба не параўноўваюць. Маўчу пра якасць паперы і друку мінскіх і маскоўскіх выданняў. Звяртаю ўвагу на фотаілюстрацыі дзвюх новых кніг.
У кожнай з іх маецца па тры блокі фотаздымкаў, а кожны блок — гэта 16 старонак. Значыць, 96 старонак фотаздымкаў на адпаведнай паперы. У рамане Славаміра Антановіча фатаграфіі выкарыстоўваюцца, апроч таго, у якасці заставак да паасобных раздзелаў.

На здымках мы бачым Пятра Машэрава з Якубам Коласам, Кандратам Крапівою, Петрусём Броўкам, Аркадзем Куляшовым, Іванам Мележам, Іванам Шамякіным. Маецца здымак Пятра Машэрава з вялікай групай дзеячаў культуры. На гэтым здымку мы бачым Міхася Лынькова, Максіма Танка, Пімена Панчанку, Андрэя Макаёнка, Васіля Быкава, Івана Навуменку, Ніла Гілевіча, Івана Чыгрынава, Рыгора Шырму, Юрыя Семяняку, Міхаіла Савіцкага ды іншых знакамітасцяў. Маюцца і здымкі Пятра Машэрава з Заірам Азгурам (скульптар ляпіў ягоны бюст). Само сабой, палітык Машэраў не мог не сустракацца з палітыкамі свайго часу — як савецкімі, гэтак і замежнымі. На здымках мы бачым яго з Кліментам Варашылавым, Леанідам Брэжневым, Аляксеем Касыгіным, Юрыем Андропавым, Вальтэрам Ульбрыхтам, Эрыхам Хонекерам, Фідэлем Кастра і Раулем Кастра, Тодарам Жыўкавым, Эдвардам Герэкам, Жоржам Пампіду і Рычардам Ніксанам…

Як вядома, гэта Пётр Машэраў прыдумаў шэсці з удзельнікамі вайны па Ленінскім праспекце ў Мінску
(пазней праспект Скарыны, праспект Незалежнасці). У абедзвюх кнігах мы бачым здымкі і з гэтых урачыстасцяў. Адметнасцю тагачасных святкаванняў было тое, што гасцямі беларускай сталіцы і Пятра Машэрава былі маршалы Іван Баграмян, Канстанцін Ракасоўскі, Сямён Цімашэнка, Васіль Чуйкоў, Андрэй Грэчка, Іван Якубоўскі.
Я не аналізую змест абедзвюх новых кніг пра Пятра Машэрава, як і ўстрымліваюся ад ацэнкі шмат у чым контраверсійнай постаці першага сакратара ЦК КПБ. Але не магу не звярнуць увагу на два моманты.
Першы: Машэраў быў усмешлівы чалавек, чалавек з пачуццем гумару, што засведчана на здымках. Што немалаважна,
усмешка ў яго была прыгожая. Мусіць, у немалой меры і дзякуючы гэтай усмешцы ён карыстаўся і карыстаецца прыжыццёвай і пасмяротнай папулярнасцю.

Другі ж момант хачу вылучыць асобным абзацам. Можна канстатаваць, што

цяпер за мяжою Беларусі выходзяць не толькі кнігі Антона Луцкевіча, Адама Станкевіча, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Юрыя Туронка ды іншых неўшанаваных сучаснай уладаю аўтараў, але й кнігі пра чалавека, у пашане да якога ўлада клялася, прыкладаючы руку да сэрца.
Два важкія тамы, прысвечаныя Пятру Машэраву, вельмі добра сведчаць пра гэта. Чым такую з’яву патлумачыць — іншае пытанне.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Мікалай / Адказаць
23.03.2013 / 09:34
Выдатная назва артыкула, а таксама дасціпны яго змест і, галоўнае, дакладныя высновы з яго вынікаюць, якія павінны наводзіць на глыбокі роздум кожнага разумнага чалавека!
0
Sergej / Адказаць
23.03.2013 / 11:14
улыбка и человечность Машерова низвергают звериный оскал лука-ко.
0
Бенедзікт / Адказаць
23.03.2013 / 12:29
Sergej напiсаў(ла) 23 сакавiка 2013 у 11:14 улыбка и человечность Машерова низвергают звериный оскал лука-ко. -------------------------------------------- Больш за ўсё чалавечнасьць Машэрава, была відаць на прыкладзе зьнішчэньня беларускіх школаў, беларускіх вёсак, меліярацыі, пабудовы гіганцкіх жывёлагадоўчых комплексаў, што пераўтварала Беларусь ва ўсесаюзны сьвінарнік... А ўвогуле за ягоны час (15 гадоў ва ўладзе) колькасьць сялянства зьменшыла, блізу на 1 000 000 чалавек. Кіраўнікі Летувы, да прыкладу, не мелі такой чалавечнасьці, таму ўздымалі родную мову, рэстаўравалі беларускія замкі (пад выглядам сваіх), не руйнавалі Вільню... Не кажу ўжо пра Грузію, кіраўніцтва якой таксама не мела такой чалавечнасьці, як беларускае, і таму адстойвала адзінадзяржаўнасьць грузінскай мовы... Ну, а "лука-ко" проста працягнуў справу здэнацыялізавана-камуністычнага кіраўніцтва Беларусі.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру