Аграэкатурызм стаў самым паспяховым відам турызму ў Беларусі ў 2012 годзе.
Такую думку выказала начальнік аддзела маркетынгу і якасці турыстычных паслуг дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Юлія Копаць 18 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, усяго летась у Беларусі налічвалася 1.775 сельскіх сядзіб, якія прымалі турыстаў, тады як у 2011 годзе — крыху больш за паўтары тысячы.

Але пры гэтым выручка ад паслуг аграэкатурызму павялічылася ў 2 разы, і ў 2012 годзе яна склала 44 млрд., тады як у 2011 годзе — 20 млрд.

«Безумоўна, нейкую ролю адыграў і натуральны рост цэн на паслугі, але адначасова мы мяркуем, што аграэкатурызм развіваецца і апрача асноўных, напрыклад начлег, аказваецца большая колькасць спадарожных паслуг. Турысту стала больш цікава, і ён пакідае больш грошай на сядзібе», — сказала Копаць.

Паводле яе слоў, усяго летась у аграэкасядзібах адпачылі 185 тыс. турыстаў, што на 40% больш у параўнанні з мінулым годам. Большасць наведвальнікаў сядзіб — беларусы.

Апрача таго, сядзібы наведвалі іншаземцы з больш чым 50 краін, у тым ліку Расіі, Германіі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі.

Як зазначыла Копаць, летась апрача прыватных асоб у сферы аграэкатурызму працавалі таксама 34 сельскагаспадарчыя арганізацыі.

Апрача таго, адзначаецца тэндэнцыя да супрацоўніцтва гаспадароў сядзіб паміж сабой, стварэння гэтак званых «аграэкатурыстычных кластараў». З’явіліся прыклады супрацоўніцтва аграэкасядзіб з рознымі культурнымі і спартыўнымі арганізацыямі.

Як паведаміла начальнік аддзела арганізацыйнай працы, аздараўлення насельніцтва і турызму ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Інга Малашкевіч, лідарам па колькасці аграэкасядзіб з’яўляецца Мінская вобласць, у якой зарэгістраваныя 412 суб’ектаў гаспадарання. Большая частка з іх размешчана ў раёнах, якія знаходзяцца недалёка ад сталіцы. Летась аграэкасядзібы Мінскай вобласці прынялі амаль 85 тыс. турыстаў. Іх выручка склала 18 млрд. 662,4 млн. рублёў. У сярэднім па Мінскай вобласці кожным суб’ектам аграэкатурызму ў 2012 годзе зароблены 48,3 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?