Сёньня з Полацку ў Росіцу (Дрысенскі раён) — месца пакутніцкай сьмерці беларускіх ксяндзоў‑марыянаў Антонія Ляшчэвіча ды Юр'я Кашыры ‑‑ выйшла трыдыцыйная пілігрымка.

Сёлетняя пілігрымка восьмая па ліку, і ў ёй бяруць удзел 80 вернікаў з Полаччыны, а таксама з Глыбокага, Віцебску, Лынтупаў ды іншых гарадоў і мястэчак. Заўтра яшчэ адна пілігрымка выправіцца ў Росіцу з Друі — цэнтру беларускіх марыянаў, а ўчора з Воршы 20 маладых вернікаў выехалі туды на роварах.

У пілігрымцы ўдзельнічаюць вернікі як лацінскага, так і ўсходняга каталіцкага абрадаў. Гэта ў асноўным моладзь. Але рушылі ў далёкую дарогу й людзі сталага веку, у тым ліку 76‑гадовая Тарэса Мілашэвіч — сьведка Росіцкай трагедыі.

Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юрый Кашыра зазналі сьмерць разам з жыхарамі Росіцы. У лютым 1943 году карнікі з Латыскага легіёну загналі людзей гэтай вёскі ў адрыну і спалілі жыўцом. Папа Рымскі Ян Павал ІІ далучыў ксяндзоў да ліку сьвятых, і з гэтай нагоды на месцы Росіцкай трагедыі ладзяцца штогадовыя ўрачыстасьці. Сёлета яны пачнуцца 10 жніўня. У іх возьмуць удзел вышэйшыя касьцельныя дастойнікі зь Беларусі, а таксама госьці з Ватыкану, Польшчы, Літвы, Латвіі ды іншых краінаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?