19.03.2013 / 15:58

«Ізвініце, ой, прабачце!»: вучыць мову публічна стала модна 41

Больш за 80 чалавек наведалі чацвёрты занятак курсаў «Мова ці кава».

Чым мы адрозніваемся ад суседзяў? Ці сапраўды беларусы такія ўжо «памяркоўныя»? Пра гэта і не толькі размаўлялі на чацвёртым занятку курсаў «Мова ці кава». Нагадаем, першы адбыўся месяц назад.

На чацвёрты занятак курсаў «Мова ці кава» прыйшло каля 80 чалавек.

Крэслаў у галерэі «Ў» хапіла не ўсім.

Студэнты абмяркоўваюць заданне ў групе.

Вядучы Андрусь Такінданг выканаў сваю песню.

Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі торбы...

...і цішоткі ў падарунак!

Ахвочых вучыць мову назбіралася чалавек з восемдзесят. Пераважна моладзь, але былі і цётачкі-дзядзькі паважнага ўзросту. І жанчына з хлопчыкам гадоў шасці. У галерэі «Ў» крэслаў хапіла не ўсім: студэнты сядзелі нават на драўляных скрынях — імправізаваных лаўках, ці проста туліліся ля сцяны.

«Вырашыла хадзіць, каб успомніць беларускую мову, каб было асяроддзе, у якім яе можна выкарыстоўваць»,
кажа сімпатычная дзяўчына-маркетолаг Алена.
«Ізвініце, ой, прабачце!», «Як па-беларуску будзе ювелір?».
Відавочна, частцы студэнтаў пераходзіць на беларускую, хоць і на час занятку, было нязвыкла. Іншыя ж мову ведаюць не горш за настаўнікаў, прыйшлі сюды проста «патусавацца» (як я, дарэчы). На занятак завітаў нават скульптар Гэнік Лойка, той самы, што трапіў на «суткі» за акцыю ў падтрымку беларускай мовы.

Напачатку разбіраліся з граматыкай: як завуцца па-наску дзеці жывёлаў? Ага, дадамо «ня», і маем вужаня, сланяня ды трусяня, якое, само таго не знаючы, бянтэжыць найбольш сарамлівых беларусачак…

Затым выкладчыкі — філолаг Алеся Літвіноўская ды музыка Андрусь Такінданг — называлі прымаўкі пра нашых суседзяў. А вучні мусілі адгадаць, ху із ху. Варыянтаў адказу было не пяць, як колькасць краін, што з намі мяжуюць, а шэсць: яўрэяў таксама залічылі ў суседзі.

Пасля ўдзельнікі разбіліся на групы. Кожная атрымала заданне: назваць характарыстыкі пэўнай нацыі. Маёй групцы дасталіся амерыканцы.

«Фаст-фуд! Галівуд! Зверхдзяржава!», — так і сыпаліся «кампліментамі» на заакіянскі народ. «Правільна будзе «звыш-», а не «зверхдзяржава», — папраўляю суседку.

Прыдумаць характарыстыкі — паўбяды. Затым усё гэта паказвалі, хто як мог…

Пад жарты і песню ад Такінданга чацвёрты занятак скончыўся. Наступны — праз тыдзень. Мова сапраўды можа быць цікавай. Далучайся!

Аксана Рудовіч

0
Alex113 / Адказаць
19.03.2013 / 16:05
Вось гэта i непрыемна: размаўляць на беларускай мове - гэта мода, мэйнстрым.. А яе трэба любiць шчыра, ад сэрца. Аднак i гэта зусiм не дрэнны варыянт =)
0
Polka / Адказаць
19.03.2013 / 16:07
Дык вocь, нaпiшцe кaлi лacкa, якaя былa прымaўкa прa пaлякoў i чaмy трycяня бянтэжыць бёлaрycaк?
0
Litwin-BIELARUS / Адказаць
19.03.2013 / 16:22
Dziakuj Aksana! Wielmi - pryhozha! Byc` na zadworkakh - mowie nie hozha! Wyjdziem u Swiet my - sa sciezhaczki wuzkaj: Budziem my z mowaj swaioj - BIELARUSKAJ!
Паказаць усе каментары/ 41 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру