31.03.2013 / 13:07

Яе называюць надзеяй беларускай музыкі — «НН» у гасцях у Паліны Рэспублікі 29

Спявачка Паліна Паланейчык — яна ж Паліна Рэспубліка — жыве ў «сталінцы» каля Нямігі. Разам з бацькамі і двума братамі яны туляцца ў двухпакаёвай кватэры.

Казаць пра ўласны пакой не прыходзіцца, бо ў кватэры заўсёды адбываецца перамяшчэнне людзей ў прасторы і колькасць жыхароў на квадратны метр павялічаная.

Разам з Палінай у пакоі «пражываюць» рыбкі, піяніна, розныя скрыначкі, гітары, цацкі братоў, кнігі, столікі і мяшкі-фатэлі, карціны і фота. Мы зазірнулі ў маленькую «рэспубліку» Паліны, пагутарылі і паглядзелі, як жа там усё уладкавана: «Там дзе ты жывеш, заўсёды ёсць частка цябе. Мы заўсёды змяняем месцамі мэблю ў пакоі. Я не магу доўгі час жыць у адной атмасферы. Дарэчы, мы нарэшце пабудавалі новую кватэру. А вось гэта кватэра не наша і мы не маем магчымасці тут нешта змяняць.

У гэтай кватэры мы нават гарэлі два разы. Пад намі гарэла кватэра, а увесь дым падымаўся да нас.
Пасля, месяцы 2, вельмі складана жыць і страшна. Новая кватэра ў двух прыпынках адсюль. Там у мяне будзе ўласны пакой, дзе я хачу зрабіць сабе студыю».

Дарэчы, сустрэлі мяне на парозе акрамя Паліны, яшчэ дзве пары цікаўных вачэй.

Федар і Раман — браты Паліны, імкнуліся ўсімі магчымымі сродкамі заглянуць у пакой, дзе мы гутарылі. Бегалі, хаваліся, прымянялі ўсе шпіёнскія метады.
Схавацца ад іх было немагчыма: «Дома ёсць цудоўная атмасфера, якую ствараюць дзеткі. Яны сустракаюць цябе, дакранаюцца і адразу навокал цябе — плюсікі».

У пакоі Паліны — вялікая колькасць розных цікавостак, якія ў сваёй сукупнасці ствараюць непаўторна ўтульную і цёплую атмасферу.

Мы спыняем увагу на вялікай карціне, якая знайшла сваё месца на піяніна. Бачна, што Паліна ёй ганарыцца, асцярожна бярэ яе ў рукі і пачынае вярцець. Карціна вялікая, напісаная алеем:

«Я ўзяла яе ў Акадэміі. У мяне яшчэ за шафай шмат. Яны зараз нікому не патрэбныя», — кажа яна.

— А гэта што? — пытае наш фатограф і паказвае на круглыя, чорныя гадзіннікі, якія стаяць на шафе.

— Мне падаравалі іх на дзень нараджэння, яны зроблены са звычайнай кружэлкі да якой прымацаваны стрэлкі.

Пакой у Паліны — сапраўдны вялікі склад. Тут знайшлі месца розныя штатывы і апаратура, не абыйшлося і без хлебапечкі.

«Ведаеце, у мяне ёсць адна вельмі цікавыя рэч, — інтрыгуючы кажа Паліна. — У мяне тут ёсць кавалак асфальту. — і паказвае „каштоўнасць“, што ляжыць на падваконніку.

Кавалкам асфальту аказалася шэрая плітка, якую кладуць ва ўсіх гарадах і вёсках Беларусі. Сябры неяк прыцягнулі, але спачатку гэта быў нібыта тэлефон, нават кнопачкі былі, але пасля адваліліся».

«Зараз я вам яшчэ нешта цікавае пакажу, — Паліна ідзе да паліцы і дастае кубак з медалямі. — Я гуляла ў жаночы футбол. Нават медалі ёсць. У той час, калі я ім займалася, гэты від спорту добра фінансаваўся і мы шмат куды ездзілі».

Не абмінулі мы і жаночых радасцяў. Як любая маладая жанчына, Паліна мае свае слабасці. На паліцы, побач з узнагародамі па жаночым футболе стаіць не маленькая калекцыя жаночых духоў.

— Гэта адна з такіх жаночых штучак, якія я вельмі люблю. Я магу закахацца ў пах.
Быў момант, калі мне спадабаўся адзін водар, дык я прымусіла ўсіх мужчын, якія былі вакол мяне і на якіх я магла ўплываць, карыстацца гэтым пахам. Пах — гэта тое, што вельмі добра захоўвае атмасферу.
Акрамя духоў, гаспадыня пакоя мае слабасць да музычных інструментаў. Гітара ў яе далёка не адна, ды й іх шмат не бывае. Апошні трафей Паліна канфіскавала ў свайго хлопца.

Паліна Рэспубліка: Вы лічыце, што я проста так са сваім хлопцам сустракаюся? Далёка не. Проста не хачу гітару яму вяртаць, — з жартам кажа спявачка.

«Наша Ніва»: А песні ты адразу на гітару кладзеш?

Паліна Рэспубліка: Не, пішу песні спачатку на піяніна, а пасля перакладаю на гітару.

«НН»: Паліна, ты маеш безліч канцэртаў, выступаў, праектаў. Стамляешся?

ПР: Ёсць такая тэма, што напрыканцы года нічога не хочацца: ні канцэртаў, ні людзей. Магу падчас навучання даць сабе дзень адпачынку і нікуды не пайсці, а проста спаць. Былі думкі, што ўсё, скончылася мая музычная кар’ера, надакучыла ўсё.

«НН»: Ты вучышся на дзённым у Акадэміі мастацтваў, як паспяваеш спалучаць творчасць і вучобу?

ПР: Бывае так, што заняткі пачынаюцца, а 9-й раніцы, а 16-й яны сканчаюцца, лячу дадому, прычэсваю валасы, і на канцэрт. Добра, што творчасць музычная і творчасць у Акадэміі неяк спалучаюцца. Нягледзячы на шматлікія выступы у час сесіі, я здала яе вельмі добра і буду імкнуцца атрымаць зніжку на аплату вучобы, бо плаціць цяжка.

«НН»: Калі б у сутках было гадзін 36, куды б патраціла свой вольны час?

ПР:

Мне хочацца, каб хапіла часу запісаць дыск, зняць кліп, не закінуць курсы па французскай мове, узяць абанемент у басейн. Я б хацела, каб у мяне было больш часу катацца на ровары.
Хочацца стаць ва ўсім прафесіяналам, бо шмат чаго раблю, але не раблю нічога прафесійна. У мяне цяпер такі вар’яцкі рэжым, што я кладуся спаць, а 4-й ночы. Часам ноччу я чытаю і вывучаю французскую мову. Будзільнік можа званіць некалькі разоў, але пакуль матуля не прыйдзе і не пабудзіць — не прачнуся.

«НН»: Узнікала жаданне пажыць адной?

ПР: Апошнім часам — не. Страшна ўявіць. Я прадчуваю, што ўся мая маразілка будзе ў спаржавай фасолі. Нішто ў жыцці я так моцна не люблю.

«НН»: А мужа чым будзеш карміць?

ПР: У мяне ёсць мара пра «Цёцю Валю» — уяўны мой персанаж, — якая будзе прыходзіць і гатаваць мне боршч. Ну я магу гэта рабіць, але столькі спраў іншых. Я гатую, калі ў мяне ёсць натхненне.

«НН»: Чаму вывучаеш французскую?

ПР: Гэта мая мова, яна мне блізкая і пакуль не надакучыла.

«НН»: Хацела б наведаць Францыю?

ПР: Так, вядома. Але гэта часта ўпіраецца ў грошы. Думала паехаць туды на гэтых канікулах, але вырашыла, што паеду, як падвучу мову лепш.

«Мой хлопец вельмі добра сябруе з маім бацькам»

«НН»: Закранаючы тэму кахання. У цябе ёсць хлопец?

ПР: Так. Мы пазнаёміліся каля года таму. Жыве ён за пяць хвілін ад мяне, але пазнаёміліся ў Маладзечне. Прычым ехаць туды я не збіралася, мяне выцягнула сяброўка. Пазнаёміліся выпадкова. Як аказалася, у нас з ім вельмі шмат супольных знаёмых.

«НН»: Замуж не збіраешся?

ПР: Пакуль не. Як толькі мы пазнаёміліся, я сказала, што ў маі трэба жаніцца. Я люблю сама ўсё прапаноўваць. Ну пасля ўсё замялася, бо сказана было ў жарт.

«НН»: У цябе столькі прыхільнікаў і фанатаў, як жа да гэтага ўсяго ставіцца твой хлопец?

ПР: Калі я нешта кажу на гэты конт, то ён пачынае рыкаць (смяецца).

«НН»: Не ўзнікала думак з’ехаць з Беларусі і пашукаць лепшай долі за яе межамі?

ПР: Не, навошта? Пакуль не маю прычын. Тут мае сваякі, тут маё ўсё. А там мяне ніхто не чакае. Але хочацца ездзіць за мяжу, каб прывезці адтуль нешта лепшае сюды. Я атаясамляю Беларусь з чалавекам. Мы не можам сказаць, за што мы любім таго ці іншага чалавека, тое ж самае і тут. Каханне і любоў нельга выказаць словамі. Я яе проста адчуваю, і яна натхняе мяне.

«НН»: А калі пафантазіраваць і надаць Беларусі вобраз чалавека, якой бы яна была?

ПР: Гэта ўсё адно, што надаваць рысы Богу. Паспрабую. Для мяне Беларусь — жанчына. Яна моцная, хоць і сціплая. За ўсе яе пакуты мусіць быць у яе жыцці шчасце. Яна такая прыгажуня.

«Не пайду на беларускае тэлебачанне»

«НН»: Паліна, калі б цябе запрасілі на беларускае тэлебачанне спяваць, пайшла б?

ПР: Калі запросяць на беларускае тэлебачанне, я не пайду туды, бо мне нецікава. Мяне аднойчы запрасілі на тэлеперадачу «АРТіШОК». Я ім тэлефаную і кажу, што буду размаўляць на беларускай мове.

Мне ў адказ агрэсіўна: «Як? Вы не можаце гаварыць на расейскай мове?» — «Не магу!» — кажу. Дык гэтая журналістка кінула слухаўку.
Пасля ператэлефанавала і пагадзілася.

«НН»: Паліна, табе хто-небудзь дапамагае прасоўвацца ў творчасці? Ёсць «дах»?

ПР: Не, усё сама. З гэтым вельмі цяжка. Калі запрашаюць на камерцыйныя выступы, дзеля рэкламы, ты разумееш, што папрасіць грошай трэба, але першы раз папрасіць было вельмі страшна. Вельмі не люблю штосьці прасіць.

«НН»: Ніколі не ўзнікала праблем з арганізацыяй канцэртаў?

ПР:

Нам аднойчы забаранілі канцэрт, і я адчула сябе апазіцыйным выканаўцам. Было гэта ўлетку ў Віцебску. А забаранілі таму, што паглядзелі ролік на «Белсаце».
Творчасць у мяне зусім не апазіцыйная, але тут ужо глядзяць, і з кім ты сябруеш, і што ты робіш.

Вокны пакоя спявачкі выходзяць на «тыл» Дома ўрада, і кожны вечар Паліна мае магчымасць сузіраць падсвечаны сцяг Беларусі. Як кажа яна сама з жартам: «Гляджу і натхняюся. Я вось сачу за імі, але так і не разумею, што яны там робяць».

* * *

Паліна Паланейчык (Паліна Рэспубліка) нарадзілася ў 1994 у Мінску. Спявачка, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысура тэлебачання», пачала свой музычны шлях з перамогі ў «Бардаўскай восені» 2011.

Вольга Гарапучык, фоты Сяргея Гудзіліна

0
Руслан / Адказаць
31.03.2013 / 13:42
Не, не слышал.
0
Алег / Адказаць
31.03.2013 / 14:23
Цікавая сьпявачка. Вольга - малайчына, бо заўважна тэндэнцыя разьвіцьця.
0
ЯНКА / Адказаць
31.03.2013 / 15:10
. Ножкі зачотныя! А наконт тэлевізіі, дык нешта незразумела. Студэнтка Акадэміі мастацтваў па спэц'яльнасці «Рэжысура тэлебачання» і на БТ «не пайду …, бо нецікава». Дык схадзі й зрабі, каб было крыху цікава! На гэта ж цябе вучаць. Да таго багемная пэрсона мусіць не цурацца, каб прарэклямаваць сябе рознымі спосабамі, а не яўляць нейкі снабізм. .
Паказаць усе каментары/ 29 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру