Akute назвалі праграму ў гонар Ulis

12 красавіка Akute прадставяць у Мінску новую канцэртную праграму, якая атрымала назву «Як на далоні». У ёй музыкі абяцаюць паказаць некалькі цалкам новых песень з будучага альбома.

Удзельнікі гурта раней неаднаразова выказвалі сваю павагу да творчасці Ulis у інтэрв’ю, але ў лютым вырашылі пайсці далей —

на ўзнагародах Ultra Music Awards, дзе Akute перамаглі ў намінацыі «Гурт году», яны выканалі сваю версію песні «Як на далоні». Гэта першы кавер у рэпертуары магілёўскага трыа і менавіта ён даў назву канцэртнай праграме.

«Для мяне Ulis з альбомам „Танцы на даху“ ў свой час быў выбухам — я заслухаў касету да дзірак і дагэтуль я лічу яго адным з галоўных эталонаў сучаснай беларускай музыкі, які нашмат апярэдзіў свой час. Гэта сапраўдны рок — псіхадэлічны, нярвовы і вельмі змястоўны па тэкстах, вельмі блізкі нам па духу і сэнсу. Сваім крокам мы жадаем нагадаць людзям пра гэты выбітны гурт». — распавёў бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў.

У межах праграмы адбудзецца прэм’ера некалькіх песень з будучага альбома, працу над якім музыкі распачалі на пачатку года. У студыі запісана ўжо тры песні, ідзе праца над звядзеннем.

— Матэрыялу пакуль што прыкладна на палову альбома. Мы нікуды не спяшаемся, бо наша мэта зрабіць альбом, які будзе крокам наперад. Запіс, як і ў мінулыя разы, робім у Магілёве, звядзенне спрабуем рабіць у Кіеве. Але пра нейкія вынікі пакуль казаць рана. Таму пакуль што новыя песні можна будзе пачуць толькі на канцэртах, — тлумачыць музыка.

12 красавіка ў клубе Re:Public гурт Akute з праграмай «Як на далоні». Адмысловы госць — Pryzma (Магілёў). Першы гурт — 19.00. Квіткі: танцпол папярэдне — 60–70 тыс, танцпол у дзень канцэрта — 80 тыс., месца за столікам — 90 тыс.

Кропкі продажу без нацэнкі: клуб Re:Public, ГЦ Купалаўскі (месца 19), ГЦ Рыга (месца 18), пераход пл. Я.Коласа. Таксама квіткі можна набыць ва ўсіх касах горада і праз сайты www.kvitki.by, ticketpro.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?