У Віцебску на Успенскай горцы, на плошчы каля Свята-Успенскага кафедральнага сабора, пачаліся работы па ўстаноўцы помніка ў гонар найсвяцейшага патрыярха Аляксія II.

Зараз будаўнікі рыхтуюць пляцоўку пад фундамент будучага манумента. Бронзавы помнік, вышыня якога разам з гранітным пастаментам складзе каля пяці метраў, будзе ўстаноўлены недалёка ад яшчэ адной святыні — шасціканцовага металічнага крыжа Еўфрасінні Полацкай. Крыж з’явіўся на вяршыні Успенскай горкі ў 1988 годзе з нагоды 1000-годдзя хрышчэння Русі.

Як паведаміў прараб віцебскага ААТ «Будтрэст № 9» Віталь Кручкоў, устаноўка помніка павінна быць завершана да 23 сакавіка. П

лануецца, што ўрачыстае адкрыццё манумента адбудзецца 7 красавіка, на свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы.

Характэрна, што помнік Аляксію II будзе знаходзіцца побач з тым саборам, аднаўленне якога ён благаславіў падчас свайго візіту ў Віцебск 25–26 верасня 1998 года. У тыя дні кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы наведаў некалькі святыняў горада, у прыватнасці адроджаны Благавешчанскі храм XII стагоддзя, і сустрэўся з падлеткамі з дзіцячай працоўнай калоніі, дзе асвяціў царкву ў імя святога праведнага Іаана Рускага.

Гэта ўжо другі помнік царкоўнаму іерарху ў Віцебску — у 2008 годзе ў двары кафедральнага касцёла Ісуса Міласэрнага ўстанавілі помнік у гонар Яна Паўла II у знак 30-годдзя выбрання яго Папам.

Нагадаем, у кастрычніку 2012 года помнік Аляксію II быў таксама адкрыты ў Мінску — каля храма ў гонар Усіх святых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?