«Прымітыўныя абмены — гэта не стыль Еўрасаюза» — так пракаментаваў дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі, намеснік кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю літовец Юстас Палецкіс засцярогі, выказаныя 18 сакавіка Андрэем Саннікавым у інтэрв’ю сайту сharter97.org.
«Наколькі мне вядома, такога абмену не было. І я не думаю, што ён можа быць. Хаця, прызнаюся, мне далёка не ўсё вядома пра перамовы ЕС з Мінскам», — сказаў Палецкіс.
усё ж рухацца наперад і думаць пра тое, што было б лепш грамадзянам Беларусі і грамадзянам Еўрасаюза», — падкрэсліў ён.«Наогул прымітыўныя абмены — гэта не стыль Еўрасаюза. Стыль Еўрасаюза, на мой погляд — ствараць умовы, каб, калі няма кардынальных перашкодаў,
Пад «кардынальнымі перашкодамі» маецца на ўвазе наяўнасць палітвязняў, патлумачыў Палецкіс.
«Магу сказаць, што прыкметы ўмоўнага пацяплення ў адносінах беларускіх уладаў з Еўропай ёсць, хаця гэта далёка яшчэ не вясна. Я, у прыватнасці, звязваю надзеі з тым, што Літва хутка будзе старшынстваваць у Еўрасаюзе. Прызначаны на восень Віленскі саміт Усходняга партнёрства — гэта канкрэтныя рэчы, канкрэтныя шанцы», — зазначыў літоўскі еўрадэпутат.
«Прэзідэнт, міністр замежных спраў Літвы значна лепш за іншых палітыкаў 27 краін ЕС ведаюць, разумеюць становішча ў Беларусі. І, можа, нейкае шостае пачуцце ў гэтым выпадку здольнае дапамагчы, каб справы зрушыліся ў лепшы бок. Хаця многае будзе залежаць ад пазіцыі Мінска», — падкрэсліў Юстас Палецкіс.
Палецкіс знаходзіцца ў Мінску з 18 па 21 сакавіка. Ён вывучае сітуацыю ў краіне, каб падрыхтаваць даклад, закліканы легчы ў аснову рэкамендацый Еўрапарламента па беларускім пытанні для Еўракамісіі і Савета ЕС. Падчас візіту еўрадэпутат сустракаецца з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.