Пасля рэформы сталовая 60-га палка сувязі нагадвае кавярню. Салдаты цяпер тут толькі харчуюцца — працуе цывільны персанал. Фота Сяргея Гудзіліна.

Пасля рэформы сталовая 60-га палка сувязі нагадвае кавярню. Салдаты цяпер тут толькі харчуюцца — працуе цывільны персанал. Фота Сяргея Гудзіліна.

У расійскай арміі ўводзіцца прынцып «шведскага стала».

У расійскай арміі ўводзіцца прынцып «шведскага стала».

Так харчуюцца вайскоўцы арміі ЗША.

Так харчуюцца вайскоўцы арміі ЗША.

У «Белорусской военной газете» пішуць, што нашы салдаты харчуюцца не горш за натаўскіх, што цяпер у войску кормяць як у рэстаране. У артыкуле «Рэстаран па-армейску» падпалкоўнік Мікалай Макарэвіч падрабязна расказвае пра перадачу салдацкіх кухняў у рукі цывільнага персаналу і напрыканцы робіць характэрную выснову: «Не салдацкая гэта справа — абіраць бульбу».

Што змянілася ў салдацкіх сталоўках і ці насамрэч нашых салдатаў кормяць не горш за іншых?

«Як у найлепшых санаторыях»

У вайсковыя сталоўкі цяпер прыходзіць цывільны персанал. У прэс-службе Міністэрства абароны расказалі, што на сёння каля 30 вайсковых злучэнняў, часцей і арганізацый заключылі дамовы з РУП «Гандлёва вытворчае упраўленне пры Мінабароны», былым «Ваенгандлем».

Наступны перавод вайсковых часцей на арганізацыю харчавання праз прадпрыемствы грамадскага харчавання будзе адбывацца з улікам шэрагу фактараў: спецыфікі задач, якія выконвае часць, наяўнасці ў месцах дыслакацыі адпаведнай інфраструктуры.

Узорам паспяховага супрацоўніцтва стаў 60-ы асобны полк сувязі ў Барысаве, у якім цывільныя кухары «Гандлёва вытворчага ўпраўлення» працуюць з 2007 года. Галоўныя асаблівасці такой супрацы: салдаты тэрміновай службы больш не заступаюць у нарады па сталоўцы, а цалкам засяроджваюцца на вайсковай падрыхтоўцы; рацыён вайскоўцаў стаў больш разнастайным. Галубцы, катлеты, кураціна, запечаная з гароднінай, боршч, кісялі і кампоты, вітаміны — гэта яшчэ не поўны пералік меню. Новая мэбля і яе расстаноўка ў залах фактычна ператварыла строгую армейскую сталовую ў кавярню. «Тут як у найлепшых санаторыя Беларусі», — цытуе вайскоўцаў палка «БВГ». Хочацца спадзявацца, што падобная практыка распаўсюдзіцца на астатнія часці. Пакуль жа ёсць сведчанні, што не ўсе падзяляюць думку падпалкоўніка Мікалая Макарэвіча.

«Па-ранейшаму абіраем бульбу»

Малады чалавек, які акурат цяпер праходзіць тэрміновую службу, расказаў «Нашай Ніве», што прагрэс дабраўся далёка не скрозь. Да прысягі ён служыў у адной часці, вучэбку прайшоў у барысаўскіх Пячах, цяпер працягвае службу ў трэцяй часці.

У вайсковай сталоўцы працуюць цывільныя кухары, але нарады тут захаваліся: салдаты па-ранейшаму абіраюць бульбу, прыбіраюць памяшканні, мыюць посуд.

У цяперашняй часці кормяць смачна, не тое што ў Пячах. Два разы на тыдзень даюць малочны суп, рыбу — тры разы. Таксама ў меню курыца, кашы з тушонкай, галубцы. Выбару страваў няма: адна першая страва, адна другая.

Кормяць смачна, але праз нейкі час усё адно хочацца есці, асабліва салодкага. Таму пасылкі з дому не будуць лішнімі.

У сталоўцы салдаты карыстаюцца пластыкавым посудам, выключэнне — алюміневыя лыжкі.

Полівітаміны салдаты атрымлівалі ў Пячах, у новай часці іх не даюць.

Дзе салдат сапраўды кормяць як у рэстаране

У ізраільскай арміі шарагоўцы прымаюць ежу ў адным памяшканні з камандзірамі. Гатуюць для іх прафесійныя кухары, якія дадаткова вучацца на адмысловых курсах для працы ў войску. Тут дзейнічае прынцып шведскага стала і колькасць падыходаў да яго ніхто не абмяжоўвае.

Шведскі стол у расійскім войску ў якасці эксперымента практыкуецца ў шэрагу часцей ад 2008. Тут сталоўкамі загадваюць харчовыя камбінаты, якія мусяць выйграць тэндар. На выбар салдатаў тут некалькі супоў і другіх страў, памер порцый таксама ніхто не кантралюе. У гэтым годзе падобная практыка будзе пашырацца.

У беларускім войску цягам апошніх некалькіх гадоў праводзіўся эксперымент па частковым укараненні прынцыпаў шведскага стала. Аднак масава гэта не ўжываюць.

Беларусы ядуць бульбы менш за палякаў і расейцаў

А цяпер параўнаем сутачныя нормы для вайскоўцаў у арміях Беларусі, Расіі і Казахстана (глядзіце фота 2), а таксама некаторыя паказчыкі натаўскай Польшчы. Аказваецца, што беларускія вайскоўцы ядуць бульбы менш за ўсіх. Наша норма складае 450 грамаў бульбы ў суткі, у той час у Расіі яна сягае 600 г, Казахстане — 510, Польшчы — 700 г.

Менш ядуць нашы абаронцы і мяса — 100 г свініны і 40 кураціны ў дзень. Расійскі салдат з’ядае 250 г мяса, казахскі — 200, польскі — 300. Больш за ўсіх хлеба ядуць польскія вайскоўцы — 800 г, менш за ўсіх — ізноў жа беларусы — 450 г.

Самае смачнае ў войску — гэта…

…тое, што можна прынесці з-за вайсковага плоту, узгадвае фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін. Напрыклад, запарыць у кубку «ролтан». Бліжэй да дэмабілізацыі ён з саслужбоўцамі замаўляў піцу проста на КПП.

Сяргей служыў у тым самым узорным 60-м палку, сталоўку згадвае толькі добрымі словамі.

...плоў

Да яго нават відэльцы выдалі! — расказвае экс-кандыдат у дэпутаты парламента Віталь Каратыш. — Але той выпадак быў унікальны, бо ў часць прыехала генеральская праверка. Найбольш бракавала салодкага. Служыў Віталь у 465-й ракетнай брыгадзе пад Асіповічамі. У іхняй сталоўцы працавалі толькі цывільныя супрацоўнікі.

…булачка з маслам

Зміцер Хведарук успамінае, што белы хлеб, як правіла, быў свежы. Падабаліся Змітру рыбныя катлеты. «Натуральна, у іх было шмат хлеба. І ўсё ж яны запомніліся». А вось варанае сала і тушаная капуста, «якую чамусьці называлі бігасам», ён згадвае з жахам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?