21.03.2013 / 19:04

Геаграфія пройгрышаў пашыраная. Іарданія — Беларусь — 1:0

Зборная Беларусі па футболе пашырыла геаграфію каманд, якім яна прайгравала. Цяпер да Люксембурга і Андоры далучылася не надта патрабавальная ў футбольным плане Іарданія. З якой мы правялі таварыскі матч у Амане.
Гульню зноў не паказалі на тэлебачанні, ці ў на сайце федэрацыі. Добра, што арабы транслявалі. Шкада было каментатараў, калі ён мучыўся з прозвішчам Верхаўцоў. А калі ў другім тайме трэба было вымаўляць «Хвашчынскі», то лепш маўчаць.

Пачатак гульні быў аптымістычны. Радзівонаў лёгка адрываўся ад абаронцаў, але дакладнасці Віталю апошнім часам (у тым ліку ў БАТЭ) бракуе. Здавалася б, такіх супернікаў трэба выйграваць з буйным лікам.

Магчыма, такія шапказакідальніцкія настроі прысутнічалі і ў саміх футбалістаў. Шматлікім атакам беларусаў не хапала зубатасці. Затое аднаго праколу ў абароне хапіла для пройгрыша. Шытаў і Верамко аказаліся супраць двух нападаючых Іарданіі. Перакінуць брамніка для Амера Дыба было справай тэхнікі.
Увесь другі тайм беларусы насядалі на вароты іарданцаў, але нічога з гэтага не атрымалася. Маглі прапусціць і другі раз — выратаваў Верамко. Выратаваць нічыю ў кампенсаваны час мог Паўлаў, але не хапіла тэхнікі. Непрыемны пройгрыш — 0:1.
25 сакавіка беларусы ў Катары правядуць яшчэ адзін «таварняк» з Канадай.

Зміцер Панкавец

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру