Памёр Барыс Беразоўскі. Аб гэтым яго зяць Ягор Шупе паведаміў у сваім фэйсбуку.
Адвакат Аляксандр Дабравінскі піша, што Беразоўскі нібыта зрабіў суіцыд. Аднак гэтая інфармацыя пакуль таксама не пацвярджаецца з іншых крыніц.
Сябра сям'і Дзям'ян Кудраўцаў сказаў, што ў Беразоўскага спынілася сэрца. Алігарха знайшлі ў ванным пакоі ў сваім доме пад Лонданам - ён жыў у графстве Сарэй - а 11-й раніцы паводле лонданскага часу.
Барыс Беразоўскі нарадзіўся ў 1946 годзе. З 1998 па 1999 год ён займаў пасаду выканаўчага сакратара СНД.У 1999-2000 гадах быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы.
З пачатку 2000-х гадоў ён жыў у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і рэгулярна крытыкаваў Уладзіміра Пуціна і яго палітыку. У Расіі ён абвінавачваўся ў махлярстве, адмыванні грошай і спробе гвалтоўнага захопу ўлады і быў завочна прысуджаны да турэмнага зняволення.
У 2008 годзе Forbes ацэньваў маёмасць Барыса Беразоўскага ў $1,3 млрд.
***
22 студзеня 2011 у інтэрв'ю ўкраінскай газеце "Сегодня" Беразоўскі заявіў, што падзеі 19-20 снежня 2010 года ў Менску былі спецаперацыяй расійскіх спецслужбаў, а супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў працуюць на Расію.
Ён адзначыў, што тое, што адбылося ў Беларусі, «выгадна Расіі і катэгарычна не выгадна ні Беларусі, ні Захаду».
«Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і, па сутнасці, загнала беларускія ўлады ў кут.Лукашэнка тры гады вельмі паслядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэнняў», — казаў бізнэсмен.
«Але ў ноч пасля выбараў было перакрэслена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, паспяховая аперацыя расейскіх спецслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калону ў Беларусі, змаглі перавярнуць сітуацыю».
На яго думку, «ніякай спробы захопу дому ўраду не было».
***
Таксама ў 2010-2011 гг. заяўлялася, што Беразоўскі звязаны з шэрагам беларускіх чыноўнікаў. Гэта нават афіцыйна ў лютым 2011 г. абверг Лукашэнка.
Так, у лютым 2011 г. расейскія СМІ паведамілі, што пры раскрыцці сеткі падпольных казіно расейскія спецслужбы выявілі мноства дакументаў, сярод якіх і сакрэтны нататнік кагосьці з кампаньёнаў Беразоўскага. У ім меліся звесткі аб сувязях Беразоўскага з беларускімі чыноўнікамі.
Аляксандр Лукашэнка тады заявіў, што «ўпершыню чуе» пра гэта, але адразу перайшоў да аналізу:«Беразоўскі ж у Расеі не жыве, наколькі я ведаю. Па-мойму, гэта чарговая качка, камусьці патрэбная ў Расіі, каб яшчэ раз паказаць, што Бацька не тым займаецца».
«Гэта абсалютная хлусня. Я ў гэта не веру», -- казаў тады Лукашэнка.