Я адхадзіў на многія шэсці. Самае памятнае для мяне — безумоўна, 1996 года. Тады таксама Дзень Волі адбыўся 24 сакавіка.Дарэчы, смешна чытаць журналіста Шарамета, які выбудаваў цэлую тэорыю наконт таго, што маўляў, з якой гэта пары святкуем не 25 Сакавіка. Наадварот, амаль заўжды шэсце праводзілі ў выхадны, каб больш людзей маглі сабрацца.
24 сакавіка
Помніцца і Дзень Волі 2000 года, ужо на плошчы Якуба Коласа, калі ўлады затрымалі больш за 400 чалавек, каб збіць пратэставыя настроі — першы такі вялікі прэвентыўны хапун.
Былі і Дні Волі, калі не знаходзілася нікога, хто б узяўся за арганізацыю шэсця — такія гады дэпрэсіі бывалі. 2003,2004-ы … Гэта ўжо цэлая гісторыя ўздымаў і спадаў.
Сёлета ўлады дазволілі Дзень Волі толькі ў Мінску, у рэгіёнах — не. Мінск стаў фасадам псеўдадэмакратыі. Але гэта адначасова і рэакцыя на той факт, што ў Мінску ёсць крытычная маса здольных выйсці на вуліцу, нягледзячы нават на забарону. А гэта лукашэнкаўцам страшней за ўсё: калі людзі дэманструюць, што яны парушаюць правілы гэтай сістэмы, што робіць уладу адной сям’і вечнай.
Вулічныя акцыі — самае непрыемнае для гэтай сістэмы. Бо такая ўлада можа змяніцца толькі ў выніку таго, што масавы выхад людзей на вуліцы тым самым людзям паказвае, што кароль жа голы, што большасць супраць яго. Іншага спосабу паказаць гэта не існуе. І іншага спосабу дабіцца перамен няма.
Пазняк з гэтым нібыта згаджаецца, але абстаўляе рознымі «але». Маўляў, нельга выходзіць на акцыі не ў цэнтры, нельга праводзіць акцыі палітычным хаўрусам, трэба, каб толькі правільныя сілы арганізоўвалі. Нарэшце, самы крывадушны аргумент пазнякоўцаў: што «нельга засвечваць людзей». А на Дзяды, значыць, можна засвечваць, толькі таму што гэта ладзіць КХП, а не кааліцыя?.. Крывадушнікі…
Я засвечваюся, я дэманструю: я супраць вас, і я буду супраць вас, супраць Зла, гэта мой свядомы выбар.
У выніку што ў КХП выходзіць — пара дзясяткаў іх прыхільнікаў нябачна для грамадства ўскладае кветкі. Гэта не робіць пазітыўнага ўплыву на людзей. Наадварот, такімі дзеяннямі пазнякоўцы паказваюць сваю слабасць і працуюць на раскол апазіцыі.Не выключаю, што такое стаўленне ёсць вынікам разумавання агентаў у атачэнні Пазняка.
Шэсці — гэта кроплі, якія точаць камень.Зірніце, колькі ўвагі яны прыцягваюць!
Так, апазіцыі ў аўтарытарным грамадстве даводзіцца дзейнічаць па правілах дыктатуры — часткова ці для формы. Так, арганізатары не маюць магчымасці здабыць гукаўзмацняльную апаратуру, пранесці транспаранты ці сцягі. (А агенты Зла спачатку са скуры вылузваюцца, каб тыя сцягі і ўзмацняльнікі адняць, а пасля чапляюць іншыя маскі і б'юць на раскол: маўляў, вось якія слабыя лідары, што не могуць гуку забяспечыць.) Але часам аднаго сцяга бывае досыць.
Дзякуючы гэтай дзейнасці калісьці адбудзецца тое, што адбылося 24 сакавіка 1996 года — струменьчыкі зліюцца ў вялікую раку, і гэтая рака прарве плаціны,і Беларусь стане такой жа нацыянальнай і прававой дзяржавай, якой у розны час сталі Чэхія, Іспанія, Фінляндыя ці Нідэрланды.
Пакуль для дасягнення гэтага ёсць шэсці, я буду на іх хадзіць. Бо гэта найбольшае, што я магу зрабіць як грамадзянін і беларус.