Ляўрэатам гран-пры стала драма брытанскага рэжысёра Руфуса Норыса «Broken» («Развалены свет») з удзелам вядомага актора Ціма Рота. Гэта гісторыя маладой дзяўчыны ў Паўночным Лондане, жыццё якой мяняецца пасля таго, як яна стала сведкам гвалтоўнага нападу. Фільм ужо атрымаў 6 узнагародаў на Стакгольмскім, Цюрыхскім, Лонданскім ды іншых еўрапейскіх кінафестывалях.

Карціна Руфуса Норыса упэўнена перамагла з 92 пунктамі па выніках галасавання міжнароднага журы ў Празе.

Другое месца атрымаў фільм «Жыве Беларусь!» з 50 баламі, трэцяе — Miss Blue Jeans (38 балаў).

Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 14 карцінаў ад еўрапейскіх кінарэжысёраў.

У склад журы ўваходзілі 33 асобы: як прызнаныя людзі кіно, так і кінааматары, вызначаныя аргкамітэтам кінафестываля.

Фільм паказалі 19 сакавіка ў Празе пры поўнай зале. Сябра журы Ітка Ганушова распавяла ў інтэрв’ю радыё «Свабода» пра свае ўражанні: «Я сапраўды здзівілася, наколькі прафесійна зроблены гэты фільм. Ён вельмі эмацыйны. Думаю, уся аўдыторыя гэта адчула.

Пасля ніводнага іншага фільму ў зале не было апладысментаў, а пасля „Жыве Беларусь“ людзі пляскалі і амаль паўставалі са сваіх месцаў.
Быў адзін чалавек з беларускім сцягам. Выдатная атмасфера. І фільм вельмі кранае».

Іншая сябра журы Владка Вайцішкова лічыць, што вельмі важна, што фільм уздымае тэму Беларусі: «Я думаю, што фільм „Жыве Беларусь!“ — вельмі добры фільм. Гэта фільм пра важную тэму. І вельмі добра, што ён паказвае цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі. І будзе добра, калі больш людзей пабачаць гэты фільм і калі яго пакажуць у кінатэатрах».

Кінастужка пабудаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра змаганне беларускае моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм па-беларуску, прэзентаваны на фестывалі такога ўзроўню. У фільме зняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандр Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.

Галоўны герой фільма — рок-музыка Мірон, гурт якога трапляе ў «чорны спіс», а сам ён — у войска.
Яго допісы ў інтэрнэт-блогу, дзе ён раскрывае цёмныя бакі жыцця ў казарме, выклікаюць «вэб-рэвалюцыю».
На прэм’еру прыехаў рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч,
фільм прадстаўляў ён і суаўтар сцэнару Франак Вячорка, а таксама выканаўца галоўнай ролі Зміцер Папко (Вінсэнт).
Febiofest з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным кінафестывалем у Чэхіі, другім паводле прэстыжнасці пасьля фестываля ў Карлавых Варах.
Фестываль паказвае шырокі спектр сучасных і рэтраспектыўных фільмаў з усяго свету. Фестываль быў заснаваны ў снежні 1993 года, сёлета ён адбываецца ў дваццаты раз.

Фільмы былі паказаныя ў Празе, пасля фестываль працягнецца ў іншых гарадах Чэхіі. Закончыцца 12 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?