З 1 красавіка па 30 мая ў Беларусі будзе дзейнічаць сезонная забарона на лоўлю рыбы,
паведаміла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка.

Паводле яе слоў, забарона заклікана забяспечыць спрыяльныя ўмовы для нерасту. Сёлета ў сувязі з доўгімі халадамі ў Мінпрыроды паступалі прапановы рыбаловаў адкласці ўвядзенне забароны, аднак гэтага рабіць не плануецца. «Прагноз надвор’я на красавік спрыяльны для пачатку нерасту рыбы, і масавы яе вылаў у гэты час недапушчальны», — адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды.

Падчас забароны дазволена толькі аматарскае рыбалоўства адной вудай з адным кручком бо адным спінінгам, які аснашчаны штучнай прынадай, з адным адзінарным, або двайным, або трайным кручком. Лавіць рыбу дазволена ў светлы час сутак і толькі з берага.

Таксама асобным гаспадаркам традыцыйна плануецца дазволіць прамысловы вылаў вугра. Адпаведная пастанова Мінпрыроды цяпер праходзіць узгадненне ў Міністэрстве юстыцыі.

Паводле слоў Мінчанкі, з 1 красавіка па 15 чэрвеня забараняецца таксама лоўля прэснаводных крэветак. Акрамя таго, з 1 красавіка па 1 лістапада дзейнічае забарона на здабычу матыля: лічынак камароў-званцоў, якія жывуць у прыдонным глеі і выкарыстоўваюцца ў якасці корму для рыбы.

Як адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды, штраф за незаконную рыбную лоўлю складае для грамадзян ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прылады незаконнай здабычы,
для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 50 да 200 базавых велічынь, для юрыдычных асоб — ад 500 да 1.000 базавых велічынь. У дапаўненне да штрафу неабходна выплаціць суму, у якую спецыялісты ацэняць нанесены ўрон навакольнаму асяроддзю. Гэтая сума разлічваецца ў залежнасці ад колькасці і віду незаконна вылаўленай рыбы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?