Міжнародны валютны фонд занепакоены тым, што беларускія ўлады ставяць перад эканомікай супярэчлівыя мэты, заявіў 25 сакавіка на брыфінгу ў Мінску кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман.

У прыватнасці, фонд указвае на планы ўрада па мэтавым паказчыку эканамічнага росту на ўзроўні 8,5% пры ўтрыманні інфляцыі ў межах 12%. «Для выканання паказчыкаў росту ВУП неабходна аслабленне мер эканамічнай палітыкі, што можа паставіць пад пагрозу мэтавы паказчык інфляцыі і стварыць націск на абменны курс», — сказаў Хофман.

Як мяркуе місія, што працавала ў Мінску з 14 па 25 сакавіка, уладам варта пазбягаць паўтору схемы чаргавання мер, якія стымулююць і стрымліваюць, што прымянялася ў 2012 годзе, і праводзіць прадказальную, паслядоўную макраэканамічную палітыку, якая забяспечыць стабільнасць.

У гэтых умовах місія ўхваляе ўстаноўлены ўрадам на 2013 год мэтавы паказчык збалансаванага бюджэту, аднак для забеспячэння належнага курсу бюджэтна-падатковай палітыкі патрабуюцца дадатковыя захады.
Ураду сёлета варта імкнуцца да далейшага рэзкага скарачэння мэтавага і субсідаванага крэдытавання. Як зазначыў Хофман, абмежаванне росту зарплаты таксама мае ключавое значэнне для садзеяння стрымліванню попыту і аднаўлення канкурэнтаздольнасці. Ён звярнуў увагу на тое, што летась у выніку істотнага павышэння зарплаты «была страчаная значная частка павышэння канкурэнтаздольнасці, атрыманай у выніку дэвальвацыі 2011 года».

Місія рэкамендуе абмежаваць рост зарплат у 2013 годзе 12%, што адпавядае мэтаваму паказчыку інфляцыі.

У сферы грашова-крэдытнай палітыкі МВФ рэкамендуе Нацбанку быць гатовым павышаць працэнтныя стаўкі, калі скарачэнне інфляцыі ў лютым не будзе замацаванае ў наступныя некалькі месяцаў.
«Павышэнне працэнтных ставак таксама будзе неабходна, калі палітыка мэтавага крэдытавання ці зарплаты будзе скарэктаваная ў недастатковай ступені ці калі адновіцца націск на абменны курс», — заявіў кіраўнік місіі.

МВФ падкрэслівае, што для дасягнення больш высокага ўстойлівага росту ключавое значэнне па-ранейшаму маюць глыбокія структурныя рэформы. «Урад дасягнуў поспеху ў некаторых галінах рэформ, уключаючы падатковую сістэму і распрацоўку новага закона аб банкруцтве, аднак гэта было нівелявана крокамі назад у іншых сферах, такіх як лібералізацыя цэн і прыватызацыя. Таму неабходная ўсёабдымная, маштабная праграма рэформ», — падкрэсліў Хофман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?