Рэжысёр фільма «Жыве Беларусь» Кшыштаф Лукашэвіч даў першае інтэрв’ю, Ян Максімюк паразмаўляў з рэжысёрам пра ўнёсак у фільм Франака Вячоркі і моўныя праблемы на здымачнай пляцоўцы.

Ян Максімюк: Як вам прыйшла ў галаву ідэя зрабіць фільм пра Беларусь? Нешта вас звязвае з Беларуссю — сямейныя карані, магчыма?

Кшыштаф Лукашэвіч: У нашай краіне наогул шмат сімпатыі да Беларусі, прынамсі да тае часткі беларусаў, якія імкнуцца думаць самастойна. У маім выпадку было гэтак сама. Я, як большасьць палякаў з гэтак званых усходніх земляў, «крэсаў», маю беларускія карані. Лукашэвічы, мая сям’я, паходзяць з-пад Баранавіч. Падчас нашых сямейных сустрэчаў з нагоды святаў заўжды ўзнікалі размовы, каб паехаць у Беларусь, наведаць зямлю, дзе жылі нашы дзяды.

Але сама спроба зрабіць фільм пра Беларусь вынікае хутчэй з таго «прамэтэізму», які я ў сабе маю. Мне падумалася, што ў дадзенай сітуацыі няма вялікіх магчымасцяў, каб беларусы самі зрабілі такі незалежны фільм пра саміх сябе, пра сваю рэчаіснасьць, пра тое, што ім найбольш баліць у сваёй краіне. А хто можа дапамагчы беларусам, калі не мы, палякі, якія разумеюць іх сітуацыю лепш за ўсіх, бо яшчэ не так даўно мы падобную сітуацыю адчувалі на сваёй скуры. Дык вось з гэтага і нарадзілася мая ідэя заняцца беларускай тэмай.

А тут яшчэ ў «Газеце Выборчай» з’явіўся рэпартаж Уладзімежа Новака пад загалоўкам «Як Франак Вячорка змагаўся ў беларускай арміі». Прачытаўшы гэты рэпартаж, я прыйшоў да высновы, што Франак даволі весела і нязмушана, з захаваннем дыстанцыі да сваёй асобы, распавядае пра тое, што з ім здарылася падчас вайсковай службы і як ён змагаўся з аўтарытарнай рэчаіснасцю на яе найбольш відным месцы, гэта значыць, у арміі. І як ён змагаўся за дробныя рэчы, за права жаўнераў на асабістую гігіену, за рамонт прыбіральняў. Ну і ён яшчэ змагаўся за ўжыванне беларускай мовы як мовы загадаў у войску. Пасля прачытаньня гэтага тэксту ў мяне ў галаве ўзнікла карціна такога крыху ўсмешлівага Швейка, які нейкім чынам спрабуе перахітрыць аўтарытарную сістэму.
Зразумела, гэта было змаганне не на самым высокім узроўні з палітычнага гледзішча, тым не менш я палічыў, што такі нізавы супраціў усяму таму, што ўскладняе жыццё ў гэтай сістэме, можа быць добрай тэмай для фільму, асабліва яшчэ і таму, што яна была пададзеная даволі весела.

Максімюк: І што было далей? Вы пазванілі Франаку і папрасілі яго напісаць сцэнар ці, можа, вы пісалі гэты сцэнар супольна?

Лукашэвіч: Я напісаў першую версію сцэнарf самастойна. Потым я звязаўся з Франакам і запытаў яго, ці ён наогул зацікаўлены ў тым, каб здабыць сродкі на прадукцыю фільма, які распавядае ягоную гісторыю. Франак адразу моцна загарэўся гэтай ідэяй, і мы сталі працаваць над сцэнаром разам. Перш за ўсё я чакаў ад Франака, што ён узбагаціць фабулу фільма сваімі перажываньнямі і будзе сачыць за тым, каб сцэнар быў згодны з тым, што насамрэч адбывалася ў Беларусі.

Максімюк: Вам асабіста не замінала, што вы зьнімалі фільм ня ў польскай моўнай вэрсіі?

Лукашэвіч: Гэтак мы заплянавалі ад самага пачатку. Мовы разьмяжоўвалі герояў фільму. Так сказаць, тыя, хто прадстаўляў незалежную плынь думкі ў Беларусі, гаварылі па-беларуску. А астатнія гаварылі па-расейску.

Я наогул лічу, што кіно трэба здымаць на мовах, на якіх героі насамрэч гавораць або гаварылі. Пачатак гэтай тэндэнцыі даў фільм Мэла Гібсана «The Passion of the Christ», у якім гучала арамейская мова. Я думаю, што гэта вельмі добрая ідэя, бо яна надае карціне шмат аўтэнтычнасьці.

Максімюк: У вас не было праблемаў, каб паразумецца з акторамі, якія гаварылі па-беларуску або па-расейску?

Лукашэвіч: Большасьць беларускіх актораў добра гаварылі па-польску. Праблемы былі толькі з маладым акторам Максімам Каржыцкім, які выконваў ролю Шэрага. Максім паходзіць ажно з Віцебска, які знаходзіцца даволі далёка ад Польшчы, і відаць таму па-польску ён гаварыў найменш з усіх. А што тычыцца Вінцэнта, які выконваў галоўную ролю Мірона, дык ён вельмі хутка навучыўся гаварыць па-польску. Спачатку ён гаварыў няшмат, хоць усё разумеў, але пад канец кіназдымак, калі мінула трыццаць з нечым дзён, ён ужо гаварыў па-польску вельмі добра. Не было праблемаў і з Сашам Маўчанавым, выканаўцам ролі зампаліта. А калі і здараліся нейкія дробныя праблемы, дык дапамагаў Франак Вячорка, які быў маім асістэнтам ад самага пачатку да канца здымак.

Максімюк: Фільм фінансавала Міністэрства культуры Польшчы. Калі гэта не сакрэт, вы атрымалі столькі грошай на яго прадукцыю, колькі папрасілі?

Лукашэвіч: Я не магу вам гэтага адкрыць, але магу сказаць, што прадусар фільма — Wytwórnia Filmów Dokumentalnych i Fabularnych у Варшаве — забяспечыла прыстойны бюджэт для гэтай карціны.

Максімюк: Ці вы наогул задаволеныя сваёй працай над гэтым фільмам? Ці, можа, нешта вам не ўдалося, і калі б можна было вярнуцца ў часе, дык вы нешта паправілі б і змянілі ў ім?

Лукашэвіч: Пры мантажы заўсёды аказваецца, што трэба выкінуць некаторыя сцэны, неабавязковыя для фільма. Таму заўсёды з’яўляецца і дылема, што коштам часу, які быў прысвечаны гэтым непатрэбным сцэнам, можна было зняць іншыя сцэны лепшым чынам. Але атрымалася так, як атрымалася, і цяпер шкадаваць няма сэнсу. На здымачнай пляцоўцы наогул няма зашмат часу на роздум, рашэнні трэба прымаць вельмі хутка.

Максімюк: Колькі часу вы здымалі «Жыве Беларусь!»?

Лукашэвіч: Агулам мы мелі 34 здымачныя дні.

Максімюк: А як вы выбралі выканаўцаў галоўных роляў, гэта значыць, Караліну Грушку і Вінсэнта?

Лукашэвіч: Выбар Караліны Грушкі на выканаўцу галоўнай жаночай ролі быў сам сабой зразумелы.

Мы хацелі, каб у фільме была хоць адна акторка, якую добра ведаюць гледачы ў Польшчы. А паколькі Караліна вельмі добра гаворыць па-расейску — з увагі на свае сямейныя сувязі — дык я палічыў, што яна хутка навучыцца гаварыць і па-беларуску.
Караліна Грушка — гэта акторка высокай класы. І яна шмат нам дапамагла. Пры ёй, на рэпетыцыях, Вінцэнт «разняволіўся». Мы зразумелі, што маем такую пару галоўных выканаўцаў, якія нам патрэбныя. А што тычыцца астатніх актораў, дык у Мінск некалькі разоў ездзіла мая асістэнтка, адказная за выбар актораў, якая выканала сваю працу вельмі якасна. Большасць актораў усведамлялі сабе, што гэта будзе, так бы мовіць, незалежны фільм, і толькі такія акторы пагадзіліся прыйсці на кастынг. Значыць, калі мы іх выбралі, ніякіх праблемаў потым з імі не было. Кожны ведаў, на што ён рашыўся.

Максімюк: Дзе ў Польшчы вы знайшлі Беларусь, то бок, дзе вы здымалі свой фільм — сцэны ў казармах і іншае?

Лукашэвіч: Сцэны ў казармах мы здымалі ў пакінутых вайсковых казармах у Седльцах. А што тычыцца сцэнаў у пленеры, дык я скажу так — не трэба ехаць далёка ад Варшавы, каб знайсці такія краявіды і такія мясцовасці, як у Беларусі. І адну такую мясцовасць мы знайшлі каля Равы Мазавецкай.

Максімюк: Як вы наогул ацэньваеце адносіны палякаў да беларусаў? Апошнім часам беларусы звярнулі ўвагу на адно апытанне, з якога вынікае, што палякі найбольш баяцца расейцаў, немцаў і беларусаў. Ну, адносна расейцаў і немцаў не трэба шмат тлумачыць. Але пры чым тут беларусы?

Лукашэвіч: Я думаю, што гэта бярэцца выключна з таго, што Беларуссю кіруе рэжым, які лічыць Польшчу хутчэй ворагам, чым сябрам.

Цалкам гутарку з Кшыштафам Лукашэвічам чытайце тут
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?