Далучэнне Сербіі да санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі ніяк не адбілася на беларуска-сербскіх адносінах. Аб гэтым заявіў пасол Сербіі Стоян Еўціч 27 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Мы — невялікія краіны, якія заўсёды дапамагалі адна адной. Сербія ніколі не забудзе падтрымку Беларусі падчас бамбардзіровак НАТО,
— сказаў Еўціч. — Але быў перыяд, калі Сербія павінна была выказаць сваё стаўленне да пэўных падзей, як гэтага хацеў Еўрасаюз. Але наша пазіцыя ніяк не пашкодзіла нашым адносінам з Беларуссю».

«Мы былі вымушаны далучыцца да санкцый, бо Сербія знаходзіцца ў працэсе далучэння да пагадненняў у рамках ЕС, але сама Сербія ніколі не прымяняла санкцыі ў дачыненні да Беларусі»,

— падкрэсліў пасол. Яшчэ адзін удзельнік прэс-канферэнцыі, супрацоўнік сербскага пасольства, якога не называлі, дадаў: Сербія далучылася да санкцый толькі «на словах».

Еўціч заўважыў, што нават ЕС, увёўшы пэўныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, працягвае эканамічнае супрацоўніцтва з краінай. Паводле слоў дыпламата, эфектыўнасць эканамічных санкцый нулявая. «Наогул, увядзенне санкцый — гэта памылка. Сербія больш за 10 гадоў знаходзілася пад санкцыямі з боку ўсяго свету, мы ведаем, як гэта цяжка. Але такі спосаб уплыву на краіну не можа прынесці выніку. Заўсёды ўсё можна вырашыць перамовамі», — перакананы Еўціч.

Ён нагадаў, што падчас візіту ў Мінск 12–13 сакавіка сербскі прэзідэнт Таміслаў Нікаліч «выразна агучыў пазіцыю», згодна з якой, нягледзячы на імкненне Сербіі ў ЕС, стаўленне краіны да Расіі і Беларусі «ніколі не зменіцца».

Восем краін Еўропы, у тым ліку Сербія, далучыліся да рашэння Еўрасаюза працягнуць візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска ў 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0