Злева направа: Майкл Уехара, Вітаўт Кіпель, Орэст Дэйчакіўскі, мадэратар Алеся Кіпель, Дэвід Крэймер.

Злева направа: Майкл Уехара, Вітаўт Кіпель, Орэст Дэйчакіўскі, мадэратар Алеся Кіпель, Дэвід Крэймер.

Школа міжнародных дачыненняў Джорджтаўнскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне пры падтрымцы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў дзень абвяшчэння незалежнасці БНР правяла дыскусію па пытаннях беларуска-амерыканскіх дачыненняў.

У абмеркаванні бралі ўдзел амерыканскія спецыялісты, якія па сваіх напрамках вызначаюць палітыку ЗША ў дачыненні Беларусі: дырэктар офіса па еўрапейскіх справах бюро па дэмакратыі, правах чалавека і працы Дзярждэпартамента Майкл Уехара, дарадца Хельсінскай камісіі Кангрэса ЗША Орэст Дэйчакіўскі, прэзідэнт праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэймер. Да дыскусіі далучыўся таксама дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.

Такі склад выступоўцаў выклікаў цікавасць з боку студэнтаў адной з самых прэстыжных школаў міжнародных дачыненняў свету. Да таго ж паслухаць меркаванні выбітных спецыялістаў прыйшлі таксама прадстаўнікі іншых устаноў выканаўчай і заканадаўчай улады ЗША, недзяржаўных і праваабарончых арганізацый Вашынгтона. З розных штатаў краіны спецыяльна прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Замежнапалітычны парадак дня Злучаных Штатаў насычаны самымі рознымі праблемамі: канфлікт у Сірыі, ядзерная праграма ў Іране, агрэсіўная палітыка Паўночнай Карэі, сітуацыя ў Іраку і Афганістане, пытанні развіцця бедных краін, кліматычныя змены, правы чалавека. Усе гэтыя і многія іншыя пытанні становяцца прадметам вывучэння Школы. Сённяшнія студэнты — гэта практыкі заўтра, якія на аснове атрыманых ведаў будуць уплываць на палітыку ЗША і рэалізоўваць яе. Выкладчыкі Школы — часта людзі, якія займалі ці рыхтуюцца заняць адказныя пасады ў дзяржаўных установах ЗША. Так, у Школе выкладае былая дзяржсакратар Мадлен Олбрайт, нядаўна быў прызначаны на пасаду міністра абароны прафесар Чак Хэйгел, выпускнік Школы Дэніс Макдонаў — кіраўнік адміністрацыі Абамы.

Адметна, што ў акадэмічным асяроддзі цікавасць да Беларусі абумоўліваецца ў значнай ступені дыскусіяй аб тых прававых механізмах і дыпламатычных інструментах, якія варта ўжываць датычна аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымаў. Падчас абмеркавання 25 сакавіка тэма санкцый супраць рэжыма Лукашэнкі была асабліва заўважнай.

Выступоўцы пагадзіліся, што санкцыі неабходна захаваць і зрабіць іх больш дзейснымі. Адзначана роля Еўрасаюза, які праз павялічэнне гандлю з Беларуссю падрывае эфектыўнасць сваіх уласных захадаў супраць рэжыма. ЗША актывізуюць каардынацыю палітыкі з ЕС з тым, каб іх захады датычна рэжыма Лукашэнкі былі дзейснымі.
На погляд экспертаў, калі б не санкцыі Захаду і іншыя інструменты ціску, сітуацыя ў Беларусі магла б быць значна горшай. Разам з тым, відавочна, што Лукашэнка па сваёй прыродзе не здольны дэмакратызавацца, аднак пэўныя станоўчыя крокі ён можа зрабіць. І такія крокі варта заўважаць і заахвочваць.

Дэвід Крэймер лічыць, што Беларусь у сваім рэгіёне, дзе нямала аўтакратый, вылучаецца жорсткасцю рэжыма ў стаўленні да свайго народа. Да таго ж рэжым Лукашэнкі фактычна экспартуе свае дыктатарскія метады і падыходы, і, адпаведна, з’яўляецца пагрозай для рэгіёна і для ўсяго свету. Дарэчы, тэзіс аб уплыве кепскага прыкладу беларускай дыктатуры набывае ўсё больш трывалае гучанне: рэжым Лукашэнкі — гэта не мяккая версія дыктатуры, а рэальная пагроза.

Майкл Уехара падкрэсліў, што з прыходам Джона Кэры на пасаду дзяржаўнага сакратара палітыка ЗША ў дачыненні Беларусі застаецца нязменнай. У Беларусі існуе цэлы шэраг праблемаў з правамі чалавека: свабода СМІ, вяршэнства права, адсутнасць выбарчай канкурэнцыі і іншыя. Злучаныя Штаты назіраюць у Беларусі стагнацыю і рэпрэсіі і будуць і надалей дапамагаць грамадзянскай супольнасці і сродкам масавай інфармацыі.

ЗША працягваюць захоўваць глыбокую занепакоенасць наяўнасцю палітзняволеных у Беларусі і заклікаюць да іх неадкладнага вызвалення. Адметна, што падчас сустрэчы перад прысутнымі былі зачытаны імёны ўсіх беларускіх палітзняволеных, якія да гэтага часу застаюцца за кратамі.
Закранаючы пытанне аб саміце Усходнееўрапейскага партнёрства ў Вільні восенню гэтага года Дэвід Крэймер выказаў меркаванне, што на яго нельга запрашаць прадстаўнікоў беларускай улады. Праз свой удзел у злачынствах рэжыма Уладзімір Макей павінен застацца ў спісе неўязных, мяркуе Крэймер. Калі рэжым хоча выязнога міністра замежных спраў, яму варта прызначыць іншую асобу. Будзе правільна, калі Беларусь на саміце будзе прадстаўляць грамадзянская супольнасць.

Абмеркаванне паказала, што ЗША захоўваюць паслядоўна прынцыповую пазіцыю датычна рэжыма Лукашэнкі. ¬Для большай яе дзейснасці неабходна каардынацыя з Еўрасаюзам і ЗША прыкладаюць дадатковыя намаганні ў гэтым кірунку.

Разам з тым, станоўчыя крокі Беларусі па вырашэнні хранічных праблем — палітзняволеныя, умовы правядзення выбараў, свабода СМІ і іншыя пытанні — не застануцца незаўважанымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?